«Ня мне вам тлумачыць, як жывуць у Польшчы. Гэта вы ведаеце лепш, і калі вы яшчэ тут да гэтага часу жывяце, значыць, вы зрабілі правільны вывад. Там добра, дзе нас няма», — заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй Гарадзенскага аблвыканкаму.
«Усе кажуць: вось Швайцарыя. Так, я быў у Швайцарыі, але я б там жыць не хацеў. Прыгожыя мясьціны, горы, але тэрыторыя краіны празьмерна перанаселеная. А ў нас такая ж прыгажосьць. Ніхто нікому не перашкаджае жыць. Гэта я вам кажу не для таго, каб вас агітаваць любіць сваю зямлю. Гэта справа густу. Я б, вядома, хацеў, каб вы яе любілі і ставіліся да яе так, як стаўлюся я, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але запомніце адно — і расейцы, і ўкраінцы, і габрэі, і палякі — гэта наша, ваша зямля, і вас ніхто нідзе не чакае. Лепшай зямлі для вас ня будзе».
Лукашэнка сказаў, што ня мае намеру зь некім фліртаваць:
«Фліртаваньне прыводзіць да развалу, распаду дзяржавы. Як толькі мы пачнём дзяліць нашу зямлю па нацыянальнай прыкмеце, вы ведаеце, як будзе, — прыклад на поўдні».
«Калі мне з Польшчы афіцыйныя асобы і іншыя пачынаюць казаць пра палякаў, я ў іх адразу пытаюся: вы пра якіх палякаў? Вы павінны запомніць, што ў Горадні палякі — гэта нашы палякі, і гэта іх зямля. І „парабкамі“ нават там, дзе жывуць іх суайчыньнікі, яны ня будуць. Яны будуць гаспадарамі, але на гэтай зямлі», — цытуе БелТА кіраўніка краіны.
Лукашэнка таксама падкрэсьліў, што зрабіў усё, што абяцаў ва ўсе свае перадвыбарчыя кампаніі:
«Ніхто вас не гняце. Вы вучыцеся, працуеце. Колькі працуеце — столькі зарабляеце. Вы ходзіце сваёй дарогай да храма. У той храм, у які вы хочаце. Ніхто ніколі ня будзе вам перашкаджаць — гэта справа вашага сумленьня. Сумленнасьць і справядлівасьць, якую я вам абяцаў, да гэтага часу на чале маёй палітыкі».