Пра гэта стала вядома падчас сустрэчы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Гарадзенскага аблвыканкама Ўладзімерам Краўцовым.
Крымінальная справа ўзбуджаная ў дачыненьні да старшыні Івейскага райвыканкаму, папаўся начальнік падатковай інспэкцыі Ашмянскага раёну. Менш за месяц таму пры атрыманьні хабару за неправядзеньне працэдуры адчужэньня зямельнага ўчастку затрыманы начальнік землеўпарадкавальнай службы Гарадзенскага гарвыканкаму.
Лукашэнка зноў прыгразіў карупцыю «выпальваць гарачым жалезам».
«Гэта выклікае асаблівае абурэньне, — цытуе БелТА кіраўніка краіны. — Замест таго каб стаяць на варце дзяржаўных інтарэсаў, яны наносяць сур’ёзную шкоду эканоміцы і падрываюць аўтарытэт улады».
Таксама Лукашэнка адзначыў, што кіраўніцтва вобласьці «зьнізіла кантроль». Зьвяртаючыся да Ўладзімера Краўцова, Лукашэнка сказаў, што гарадзенцы «маюць патрэбу ў вельмі жорсткай і выразнай дысцыпліне і кантролі, і яны заўсёды гэта падтрымлівалі».
«Калі вы прынялі нейкае рашэньне або губэрнатар нешта даручыў, гэта павінна няўхільна выконвацца. У адваротным выпадку гарадзенцы гэта зразумеюць адразу, і заўтра вы ўжо ня зможаце імі кіраваць», — падкрэсьліў кіраўнік Беларусі.
Таксама Лукашэнка запатрабаваў караць тых, хто перасаджвае з аднаго кіраўнічага крэсла ў іншае кіраўнікоў, якія правалілі справу:
«Мне павінны быць пакладзены на стол меры, якія прынятыя да тых, хто іх перасаджваў з аднаго месца на іншае. Такія зьявы трэба спыняць у зародку, каб нікому панадна не было».