У Бярозаўцы Лідзкага раёну ўчастковы міліцыянт запрасіў на размову мясцовага актывіста Сяргея Трафімчыка, а таксама шукаў Вітольда Ашурка.
Паводле Трафімчыка, міліцыянт патлумачыў яму, што са Сьвіслачы прыйшлі паперы, згодна зь якімі ён абвінавачваецца ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі:
«Ён яшчэ шукаў Вітольда Ашурка, але ня мог да яго датэлефанавацца,бо той у ад’езьдзе. На яго прыслалі падобны пратакол са Сьвіслачы, паводле якога вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі».
Учора ў Горадні з тае самае прычыны ў пастарунак выклікалі актывістаў АГП Аляксандру Васілевіч і Віктара Бабкіна. У самой Сьвіслачы мясцовы актывіст Юры Глебік ужо атрымаў позву ў суд. Яго вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньні незарэгістраванай сымболікі. Суд прызначаны на 18 лістапада.
Напрыканцы кастрычніка ў Сьвіслачы традыцыйна адбываецца акцыя ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага. Сёлета яна супала з пахаваньнем сьвіслацкага актывіста Віктара Дзясяціка, які штогод традыцыйна быў адным зь яе арганізатараў.