«Савушкін прадукт» адмовіўся распавядаць пра тое, колькі сваіх прадуктаў яны адпраўляюць цяпер у Расею і ці паўплывала на іх падзеньне расейскага рубля:
«З гэтым пытаньнем вам лепш зьвярнуцца ў Міністэрства сельскай гаспадаркі, бо гэта настолькі палітычныя пытаньні, што, прабачце, мы звычайна адрасуем іх туды», — сказала Радыё Свабода намесьнік генэральнага дырэктара ААТ «Савушкін прадукт» па сувязях з грамадзкасьцю Алена Бабкіна.
ААТ «Савушкін прадукт» належыць 44-гадоваму беларускаму алігарху Аляксандру Машэнскаму. У рэйтынгу самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсмэнаў Беларусі за 2013 год ён заняў 5 месца. Машэнскі быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году, а ў 2013 годзе атрымаў ад кіраўніка краіны ордэн Айчыны III ступені.
Яму ж належыць і буйны вытворца рыбнай прадукцыі «Санта Брэмар».
Кампаніі Машэнскага традыцыйна добра прадстаўленыя на расейскім рынку. Сайт кампаніі «Савушкін прадукт» паведамляе, што іхныя прадукты прызнаныя найлепшымі беларускімі таварамі на рынку РФ.
Зрэшты, у структуры расейскага імпарту апошнім часам адбываюцца такія істотныя зьмены, што цяжка ўявіць, каб бізнэс кампаніяў Машэнскага ў Расеі застаўся імі не закрануты.
Як паведамляе РБК, доля Беларусі ў агульным расейскім малочным экспарце павялічылася з 54,7% да 72,1%, пры гэтым амаль не зьмяніўшыся ў натуральным і грашовым выражэньні. Раней, у верасьні, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня заяўлялі, што Беларусь плянуе да канца 2014 году павялічыць пастаўкі малочнай прадукцыі ў Расею на 38%.
Пры гэтым, адзначаюць расейскія журналісты, імпарт рыбы зь Беларусі, якая ня мае выхаду да мора, рэзка вырас — амаль у два разы. Палова беларускай рыбы прыходзіць у Расею салёнай.
Тое, што падзеньне расейскага рубля на фоне прадуктовага эмбарга з боку Расеі паўплывала на беларускіх экспартэраў, прызнана на вышэйшым узроўні. 13 лістапада пра гэта загаварыў прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч.
У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Радыё Свабода заявілі, што не даюць апэратыўных статыстычных дадзеных па экспарце-імпарце, а наконт ранейшых дадзеных прапанавалі зьвярнуцца да публікацыяў Белстата. На сайце Белстата апошнія зьвесткі пра экспарт сельскагаспадарчай і харчаваньня прадукцыі тычацца жніўня 2014 году — месяца, калі пачалося прадуктовае эмбарга Расеі ў адносінах да заходніх тавараў.
Што тычыцца адмоўных наступстваў дэвальвацыі расейскага рубля для беларускіх экспартэраў, то ў прэс-службе міністэрства спаслаліся на заяву намесьніка міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Васіля Седзіна, які сказаў, што «мы зараз пераглядаем структуру нашага экспарту і ўключаем туды больш дарагія і больш рэнтабэльныя прадукты».