У судзе Першамайскага раёну Менску 17 лістапада а 9-й гадзіне пачнецца суд над намесьнікам старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрасём Беленькім — за парушэньне парадку правядзеньня вулічных акцый падчас шэсьця ў Менску і мітынгу ў Курапатах 2 лістапада і жалобнай акцыі ў Лошыцы 9 лістапада.
Пасьля акцый на Юрася Беленькага склалі тры пратаколы — за тое, што ён як адказны за правядзеньне акцый не ўзгадніў зь міліцыяй меры бясьпекі падчас вулічных акцый. Паводле Юрася Беленькага, пратаколы былі складзеныя беспадстаўна. Ён лічыць, што ў тым, як прайшлі жалобныя акцыі на Дзяды, няма і намёку на тое, каб з боку ўладаў былі абвінавачваньні ў нейкіх парушэньнях:
«Акцыя Дзяды прайшла вельмі добра і спакойна. Але супраць мяне былі складзеныя тры пратаколы. 12 лістапада ўжо адбылося першае паседжаньне суду. Праўда, у судзе было задаволеная мая просьба пра перанос паседжаньня на 17 лістапада, бо я быў абсалютна не падрыхтаваны — прыйшоў у міліцыю па пытаньні аплаты, там тут жа склалі пратаколы, затрымалі мяне і ў суд адправілі».
Абвінавачваньне ў тым, што зь міліцыяй не былі ўзгодненыя меры бясьпекі, Юрась Беленькі лічыць надуманымі:
«Усе меры бясьпекі былі ўзгодненыя. Было адмысловае паседжаньне з удзелам супрацоўнікаў міліцыі, пракурора, прадстаўнікоў гарвыканкаму. Было дэтальнае абмеркаваньне мераў бясьпекі. Таму такая рэакцыя ўладаў вельмі насьцярожвае, асабліва з улікам, што ў канцы лістапада мы плянуем традыцыйны выезд па месцах Слуцкага збройнага чыну».
Юрась Беленькі кажа, што за парушэньні, якія яму інкрымінуюць, прадугледжваецца як штраф, так і адміністрацыйны арышт.