Віцебскія актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ патрабуюць правесьці расьсьледаваньне невядомых масавых пахаваньняў каля вёсак Хайсы і Дрыкольле. Паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, у тых мясьцінах адбываліся масавыя расстрэлы мірных грамадзянаў.
Па лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле журналістаў і аднапартыйцаў вядзе віцебскі актывіст Ян Дзяржаўцаў. На першы погляд гэты лес — самы звычайны, зарослы хмызьняком і засыпаны восеньскім лісьцем. Аднак спадар Дзяржаўцаў зьвяртае ўвагу на неглыбокія яміны, у якіх ляжаць фрагмэнты чалавечых костак і чарапоў. На ягоную думку, якраз у гэтых мясьцінах у 1937–38 гадох адбываліся сталінскія расстрэлы. Ян Дзяржаўцаў пачаў цікавіцца гісторыяй гэтых мясьцінаў яшчэ гадоў 10 таму, шукаючы, дзе супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі вязьняў віцебскай турмы:
«У архівах я даведаўся, што ў віцебскую турму прывезьлі ў 1937-м годзе 700 сямей. І я хацеў даведацца пра лёс гэтых сямей. Аднойчы я сустрэў чалавека, якога звалі Іван Кудзінаў, і ён мне паведаміў, што ведае месца расстрэлаў: маўляў, яны хадзілі ў грыбы і знайшлі ў лесе некалькі раскапаных ямін, а ў іх — чалавечыя чарапы і косткі».
Іван Кудзінаў быў тутэйшым жыхаром, некалькі год таму ён памёр. Але ягоны брат Сяргей Кудзінаў таксама ведае гэтыя мясьціны. Паводле ягоных словаў, нейкія асобы раскапалі ў лесе невядомыя масавыя пахаваньні яшчэ некалькі дзясяткаў год таму. З тае пары чалавечыя косткі так і ляжаць непахаваныя. І нікому да гэтага няма справы, кажа спадар Сяргей:
«З братам мы тут хадзілі ў грыбы і вось наткнуліся на гэтыя ямы раскапаныя, а ў іх чарапы і косткі. Вярнуліся дахаты, расказалі маці, яна тут усё жыцьцё пражыла. Яна і сказала, што недзе тут расстрэльвалі людзей. Мой брат тады зьвярнуўся ў сельсавет: маўляў, што за пахаваньні, дапамажыце зрабіць па-людзку. Адказалі яму, што гэта не твая справа, а мы самі разьбяромся. З тае пары — прыкладна з 1990-га году, а то і раней — тут нічога не зьмянілася».
Зьмянілася хіба тое, што раскапаных ямін стала болей. На думку спадара Кудзінава, тут пабывалі «чорныя капальнікі»:
«Замест адной-дзьвюх ямінаў — разрыты цяпер увесь узгорак. Я думаю, гэта зрабілі тыя, хто ведаў пра пахаваньне. Ведаеце, ёсьць „чорныя капальнікі“, якія шукаюць хто зброю, хто каштоўнасьці... Вось і раскапалі пахаваньне. А людзі, якія тут ляжаць — чым вінаватыя? Толькі тым, што яны тут нарадзіліся і жылі!»
Некалькі старажылаў, якія ў той час былі дзецьмі, памятаюць гаворкі пра расстрэлы ў лесе. Васіль Дрындрожык зь вёскі Дрыкольле згадвае аповеды старэйшых:
«Я памятаю, мы ішлі зь лесьніком, і ён мне паказваў ямкі, што праваліліся. Казаў, што тут людзей расстрэльвалі. І людзі ў вёсцы казалі, што па начох людзей у машынах прывозілі і стралялі, чулі яны стрэлы, і як нехта нават крычаў. Было гэта ў 1937-м ці 38-м годзе».
Ніхто зь вяскоўцаў ня зьвязвае масавыя пахаваньні з падзеямі мінулай вайны. Але дакладна сказаць, чые парэшткі ляжаць непахаваныя ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле, павінны адмыслоўцы. Таму віцебскія сябры КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, Пётар Сарапеня, Алег Емяльянаў і Сяргей Каваленка падалі заявы ў абласную пракуратуру, сьледчы камітэт і міліцыю. Гэтыя структуры абавязаныя ініцыяваць праверку, бо справы па забойствах людзей ня маюць тэрмінаў даўнасьці.
А сёньня партыйныя актывісты проста ўшанавалі памяць тых, хто знайшоў тут апошні спачын, але ня быў пахаваны па-людзку. У трох месцах, дзе самыя вялікія яміны з парэшткамі, былі ўсталяваныя крыжы. Адзін зь іх — каля сымбалічнай магілы, дзе сьвятар грэка-каталіцкай царквы айцец Зьміцер адслужыў паніхіду:
«Мы молімся тут, бо ў гэтым месцы ёсьць непахаваныя, ляжаць людзі, якія чакаюць свайго пахаваньня. Чаму яны тут апынуліся? Хто яны? Што гэта за людзі? Мы хочам, каб яны былі названыя — людзі, за якіх мы тут сёньня маліліся».