«Сфармаваць да пачатку году баяздольны склад ураду» — такую задачу нумар адзін паставіў сабе кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Пра гэта ён публічна заявіў 11 лістапада падчас справаздачы ўраду. Пры гэтым Лукашэнка не хаваў, што ён для сябе пакуль ня вырашыў лёс цяперашняга кіраўніка Савету Міністраў.
Зьвяртаючыся да Міхаіла Мясьніковіча, ён казаў: «Можа, і вы яшчэ з гэтым урадам можаце ня толькі патроны падносіць, але і кулямёт у руках трымаць».
Ці зробіць кіраўнік дзяржавы значныя зьмены ва ўрадзе.
Першы кіраўнік ураду часоў Аляксандра Лукашэнкі Міхаіл Чыгір упэўнены: калі Лукашэнка думае кардынальна абнавіць урад, дык пачынаць трэба з прэм’ера:
«Магчыма, яшчэ кагосьці заменяць. Але ня думаю, што гэта будуць урадоўцы вышэйшага эшалёну. Таго ж першага намесьніка прэм’ера Ўладзімера Сямашку Лукашэнка наўрад ці закране. На ім „вісіць“ многа стратэгічных пытаньняў. І сьвежаму чалавеку там спатрэбіцца шмат часу, каб ва ўсё заглыбіцца.
Але, я думаю, займацца нейкімі прагнозамі наагул бессэнсоўна. У Лукашэнкі ёсьць такая рыса — калі яму прапаноўваюць кагосьці на высокую пасаду, ён заўжды прызначыць на яе іншага чалавека. Як бы спэцыяльна насуперак. Я ведаю, што і цяпер, калі ёсьць жаданьне кагосьці прасунуць па службовай лесьвіцы, то прозьвішча гэтага чалавека Лукашэнку не называюць наўмысна. Бо прапанаваць яго адразу — гэта азначае паставіць крыж на вылучэнцу. Таму цяпер робяць так: раяць іншых, а падчас абмеркаваньня выходзяць на жаданую кандыдатуру».
Эканаміст Сяргей Чалы шчыра прызнаецца:
«Мне асабіста абсалютна ўсё роўна, хто будзе ў новым урадзе і ці будуць там зьмены наагул. Цяпер ва ўраду такі малы калідор магчымасьцяў, такія мізэрныя правы хоць нешта зьмяніць, што лепей за ўсё нічога не рабіць. Ну, цячэ і цячэ. Невялічкі рост — добра. Невялічкая стабільнасьць на валютным рынку — таксама добра. Усе задаволеныя.
Калідор, у межах якога можна мяняць нейкія парамэтры, надзвычай малы. Тады навошта мяняць людзей ва ўрадзе, калі яны апрыёры нічога радыкальнага зрабіць ня могуць?
Наш урад і раней залежаў ад прэзыдэнцкай адміністрацыі. А цяпер — асабліва. Калі Лукашэнка кажа, што дэвальвацыя — гэта майдан, крах, жах, сьмерць, вайна і гэтак далей (і ўсё гэта праз коскі), то ўраду даводзіцца дзейнічаць у тым рэжыме, у якім ён дзейнічае. Забараніў Лукашэнка дэвальвацыю напрыканцы 2013 году, і тыя, хто казаў, што яе трэба праводзіць, адразу замаўчалі. Гранічныя ўмовы ім задалі, а ў гэтых гранічных умовах болей нічога зрабіць нельга. А калі не рабіць дэвальвацыі, то толькі такая эканоміка і можа быць.
Высокія працэнтныя стаўкі? Канечне. Таму што курс у нас неўраўнаважаны. Адсюль і такія высокія стаўкі для рэальнага сэктару. Можна колькі заўгодна грукатаць кулаком па стале і казаць, чаму яны такія высокія і чаму банкаўская сыстэма так дрэнна працуе. А таму, што не дазваляюць беларускаму рублю знайсьці раўнавагу».
«Палітычнай» называе заяўку на магчымае абнаўленьне ўраду старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:
«А калі так, то размова ідзе пра прэм’ера. У 2015 годзе — прэзыдэнцкія выбары. Гэта ключавая падзея, ключавая кампанія для спадара Лукашэнкі. Можа, нават самая ключавая для яго за ўвесь апошні час. Я думаю, што калі б Лукашэнка памяняў першага віцэ-прэм’ера альбо кагосьці ці нават усіх віцэ-прэм’ераў, то гэта ня мела б таго рэзанансу, таго ўплыву на сьвядомасьць насельніцтва, на грамадзкую думку, які дасьць замена кіраўніка ўраду. Таму ахвярай будзе Мясьніковіч».
Незалежны эканаміст Міхась Залескі адмаўляецца ад прагнозу:
«Я тут нічога не магу сказаць, таму што прынцыпы кадравай палітыкі за апошнія 20 гадоў мне абсалютна незразумелыя. Тут немагчыма нічога прадказваць. Я не псыхоляг, не псыхіятар».
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь цяпер ачольвае Міхаіл Мясьніковіч (64 гады). Яго першы намесьнік — Уладзімер Сямашка (64 гады), намесьнікі — Анатоль Калінін (55 гадоў), Пётар Пракаповіч (72 гады), Міхаіл Русы (60 гадоў), Анатоль Тозік (65 гадоў). У складзе ўраду 23 міністры і 7 кіраўнікоў дзяржкамітэтаў.
Пры Лукашэнку, акрамя Мясьніковіча, старшынямі Савету Міністраў былі:
- Міхаіл Чыгір (1994–1996 гг.),
- Сяргей Лінг (1996–2000),
- Уладзімер Ярмошын (2000–2001),
- Генадзь Навіцкі (2001–2003),
- Сяргей Сідорскі (2003–2010).