Польская бойка

Карціна Войцеха Косака: бітва палякаў з расейцамі 25 лютага 1831

Некалькі гадоў запар на эўрапейскіх тэлеканалах у дзень 11 лістапада мільгаюць нязьменныя відэасюжэты з Варшавы: дэманстранты, паліцыя з дубінкамі, вадамёты, камяні, пэтарды, параненыя і затрыманыя. Гэтак палякі адзначаюць Сьвята Незалежнасьці. Эўропа глядзіць зь няўцямнасьцю: за што б’юцца палякі? У іх што — няма незалежнасьці? Фішка ў тым, што на гэтае пытаньне няма талковага адказу і ў Польшчы. Выказваюцца вэрсіі. Мая такая: вулічныя бойкі ў Дзень Незалежнасьці — працяг брутальнага палітычнага дыскурсу краіны «іншымі сродкамі». Калі апазыцыя ўсур’ёз абвінавачвае ўрад у забойстве прэзыдэнта ў змове з Крамлём, то чаго зьдзіўляцца, што звычайныя грамадзяне могуць лічыць, што Польшча і надалей у няволі.