У альбоме, які сабраў найлепшыя карцінкі, таямнічы мастак сустракаецца з загадкавым паэтам ДаСьлёз, і разам яны запрашаюць у камічную опэру жыцьця.
З нагоды выхаду альбому Свабода абвяшчае конкурс сатырычных малюнкаў і вершаў сярод нашых слухачоў і чытачоў. Пакажыце камічнасьць, парадаксальнасьць і дзівоцтва беларускай штодзённасьці. Кожны ўдзельнік конкурсу атрымае альбом поштай ці з рук у рукі.
Дасылайце вашыя вершы і малюнкі на электронную скрынку radiosvaboda@gmail. com.
Каб атрымаць альбом, прыходзьце на прэзэнтацыю альбому з удзелам паэта Андрэя Хадановіча. Уваход вольны.
13-га лістапада, Менск. Бар «ДК», вул. Талбухіна, 4. 3-і паверх. Пачатак а 19.00.
17-га лістапада, Горадня, вул. Будзёнага 48а. Пачатак а 18.30.
19-га лістапада, Магілёў, вул. Чкалава 16, грамадзкі цэнтар «Кола сяброў». Пачатак а 18.30.
Жучкі
Сёньня выдаўся дзень цяжкі.
Я ў кватэры шукаў жучкі.
Можа, іх схавалі на кухні,
дзе сьпяваў я: «Мур хутка рухне»?
Ці пад коўдрай, дзе ў час зімовы
палітычныя вёў размовы?
І на лесьвічнай клетцы ёсьць:
там курыў не адзін мой госьць,
а адзін мысьляр у законе
парушаў цішыню на балконе...
Цэлы дзень я змагаўся з жучком.
У клазэце шукаў, за бачком.
І ніжэй ад бачка, у трубе:
хто іх знае, усё ж – кадэбэ!
Тут званок. Рандэву зь сяброўкай.
Бачу, кліпсы з божай кароўкай,
а багоўка – жучок! Я на жэсты
перайшоў. Больш няма нявесты.
Не знайшоў жучка – мэа кульпа!
Трэба ехаць на вёску: бульба.
Прыяжджаю, а там ужо оргія
з паласатай стужкай Георгія.
Два ў адным: жучок-каларад.
Зараз будзе ўсім вам парад!
Каго ботам, каго хімікатам...
Незалежнасьць, браце! Са сьвятам!