Аляксандар Лукашэнка правёў доўгачаканую нараду наконт эканамічнага становішча. Ці адэкватна ацэньвае кіраўнік дзяржавы эканамічную сытуацыю ў краіне? У чым прычыны «застарэлых балячак»? Ці магчымая зьмена ўраду?
Удзельнікі: эканаміст Сяргей Чалы і дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.
Ці адэкватна ацэньвае Лукашэнка эканамічную сытуацыю ў краіне?
Валер Карбалевіч: «Гэтая нарада была абяцаная і чакалася даўно. Лукашэнка шмат разоў абяцаў заслухаць справаздачу ўраду і прыняць самыя жорсткія меры, калі ўрад ня здолее выправіць сытуацыю ў эканоміцы.
І вось нарада адбылася. Сытуацыя ў эканоміцы, здаецца, так і засталася складанаю. Тым ня менш тон Лукашэнкі быў спакойны. Як звычайна, трохі пра дасягненьні, трохі пра недахопы, заклік да ўраду пераадолець „нявырашаныя праблемы і застарэлыя балячкі“. Наколькі ўвогуле адэкватна ацэньвае Лукашэнка эканамічную сытуацыю ў краіне?»
Сяргей Чалы: «Ужо ня першы год Лукашэнка трохі дыстанцуецца ад эканамічных праблемаў, пакідае іх ураду. Гэта таксама прыкмета таго, што стан эканомікі ня лепшы.
Сапраўды, тон Лукашэнкі спакойны. Але праблема ў тым, што Лукашэнка патрабуе ад ураду адначасова захаваць фінансавую стабільнасьць і зьменшыць стаўкі крэдытаў, каб паскорыць рост рэальнага сэктару. Але адначасова гэтыя задачы вырашыць немагчыма».
Аляксандар Чубрык: «Праблемы былі названыя. Але не адзначаныя першакрыніцы гэтых праблемаў, гаварылася толькі пра вонкавыя праявы. Лукашэнка ня кажа, чаму вялікія складзкія запасы і вялікая запазычанасьць у прадпрыемстваў. А прычыны — у неэфэктыўным дзяржаўным сэктары. Ці, напрыклад, Лукашэнка крытыкуе высокія працэнтныя стаўкі крэдытаў. Але яны таму высокія, што нестабільны рубель, ён слабее, высокая інфляцыя».
Ці слушна вызначаныя прычыны эканамічных праблемаў?
Карбалевіч: «Ужо два гады эканамічны рост у краіне мінімальны. Дый гэты рост адбываецца за кошт павелічэньня складзкіх запасаў. Якое выйсьце? Наколькі можна зразумець, стаўка робіцца на славутую „мадэрнізацыю“. Але з выступу Лукашэнкі вынікае, што з мадэрнізацыяй справа дрэнная».
Чалы: «Я лічу, што спакойны тон Лукашэнкі тлумачыцца тым, што і ён, і ўрад для сябе праблему 2015 году вырашылі. Расея дазволіла пакідаць у беларускім бюджэце мыта на нафтапрадукты. Гэта каля 2,5 млрд даляраў. Такая сума дазваляе беларускаму кіраўніцтву ўвогуле нічога не рабіць, а толькі працягваць у цяперашнім рэжыме падтрымліваць ранейшую стабільнасьць. Каб быў эканамічны рост на долі працэнта, пры захаваньні цяперашніх тэмпаў абясцэньваньня рубля».
Чубрык: «Шмат будзе залежаць ад таго, якія будуць цэны на нафту. Сапраўды, праблема фінансаваньня наступным годам істотна зьменшылася пасьля рашэньня з нафтавым мытам. Але паўстае праблема дэвальвацыі расейскага рубля ў значных маштабах. Гэта адмоўна ўплывае на эканоміку Беларусі.
Што тычыцца мадэрнізацыі, то, здаецца, на гэтым пастаўлена кропка. Не дарэмна ж адмянілі „Дажынкі“. Інвэстыцыі зь бюджэту скараціліся напалову за дзевяць месяцаў. Увогуле тэма мадэрнізацыі пераходзіць у тэму рэструктурызацыі».
Ці верагодная зьмена ўраду?
Карбалевіч: «Напярэдадні гэтай нарады зьявіліся вэрсіі, што, маўляў, на коне стаіць лёс ураду. Што ці ўрад, ці толькі яго кіраўнік можа пайсьці ў адстаўку. На ваш погляд, які лёс ураду?»
Чалы: «Апошнія два гады былі дрэнныя эканамічныя паказчыкі. І гэта было падставай, каб адправіць урад у адстаўку. Але гэта не было зроблена. І цяпер для гэтага няма падставы.
Узьнікае пытаньне: навошта мяняць урад? Калідор эканамічнай палітыкі настолькі вузкі, што ад дзеяньняў ураду мала што залежыць. Задача ў тым, каб у гэтым інэрцыйным, спакойным рэжыме дажыць да выбараў, а там трава не расьці».
Чубрык: «Навошта мяняць урад за год да выбараў? Сытуацыя адносна стабільная. У такой сытуацыі мяняць урад — гэта значыць ствараць дадатковую нявызначанасьць для эканамічных агентаў. Усе пачнуць думаць: чаго чакаць ад новага ўраду?»