Лукашэнка: банкі жыруюць, усіх падстрыгчы пад адзін грабянец

«Банкі жыруюць! Рэсурсы, якія прыцягваюць, банкі бяруць пад 20%, а потым перапрадаюць гэтыя грошы на 15–20% даражэй. А банкіры яшчэ кажуць — дык нам гэтага мала, каб банкі нармальна функцыянавалі», — заявіў Лукашэнка.

На сёньняшняй нарадзе па эканамічных пытаньнях кіраўнік краіны сказаў, зьвяртаючыся да кіраўніцы Нацбанку Надзеі Ермаковай:

Надзея Ермакова

«Каб не было больш размоў наконт таго, што вы там жыруеце разам з банкамі, давайце дамовімся так. Я, да прыкладу, формулу кажу. Ваш заробак павінен быць дзесьці блізкі да зарплаты прэм’ер-міністра. Усе астатнія павінны быць выбудаваныя як ва ўрадзе. Хто ня хоча працаваць — звальняйцеся адразу. Тое ж самае па выдатках усіх банкаў, пачынаючы ад вас і заканчваючы іншымі. Абыдзецеся двума аўтамабілямі ў Нацбанку для абслугоўваньня — значыць, два легкавыя аўтамабілі. Сёньня гэта нятанна, тым больш такія цэны на бэнзін. Заробак, утрыманьне, праграмнае забесьпячэньне, безь якога не абысьціся — асабіста зацьвердзіце кожнаму. Усё астатняе прыбраць. І асабіста мне далажыце сваю пазыцыю, не ўзгадняючы ні зь якімі банкамі».

«Усіх падстрыгчы пад адзін грабянец, — цытуе БелТА Лукашэнку. — І тады, калі і дрэнна будзе, мы народу зможам растлумачыць. Дрэнна? Дрэнна ўсім. Гэта ня дробнае пытаньне. Як выяўляецца, яно ў 15–17% выліваецца пры кошце крэдытных рэсурсаў нашых банкаў. Нягледзячы ні на якія банкі — ні на беларускія, ні на расейскія, ні на замежныя, — усіх падстрыгчы пад адзін грабянец».