Увечары 13 лістапада ў бары «ДК» у Менску адбудзецца прэзэнтацыя праекту «Радыё Свабода» «(Не:)вясёлыя карцінкі». Гэта альбом каляровых карыкатураў на актуальныя грамадзкія, палітычныя тэмы.
З гэтай нагоды на менскіх тумбах зьявіліся афішы мерапрыемства, піша інтэрнэт-часопіс CityDog. На постэры павінен быў быць намаляваны мужчына, які працягвае жанчыне сьвежую моркву ў выглядзе лягатыпу Радыё Свабода. Прынамсі, такую карцінку можна было пабачыць у сацыяльных сетках.
Аднак пры бліжэйшым разглядзе афішы на тумбе аказалася, што з жаночага цела загадкавым чынам зьніклі голыя грудзі. Як высьветлілася, супрацоўнікі «Мінгардаведкі» пабачылі ў малюнку парушэньне закону «Аб рэкляме», а менавіта — неэтычную выяву аголенага жаночага цела. Даведаўшыся пра канфуз, мастачка ДэЛёз прапанавала некалькі альтэрнатыўных варыянтаў малюнкаў, каб у «Мінгардаведцы» самі вырашылі, які з малюнкаў найлепшы. На адным з варыянтаў грудзі закрылі таблічкай «svaboda.org», на іншых — надзелі на жанчыну станік або вышыванку. У рэшце рэшт супрацоўнікі «Мінгардаведкі» пагадзіліся на трэці варыянт — проста замаляваць грудзі.
Каб атрымаць альбом зь нецэнзураваным малюнкам на вокладцы, паслухаць вершы і канцэрт Андрэя Хадановіча, арганізатары запрашаюць:
13-га лістапада, Менск. Бар «ДК», вул. Талбухіна, 4. 3-і паверх. Пачатак а 19.00.
17-га лістапада, Горадня, вул. Будзёнага 48а. Пачатак а 18.30.
19-га лістапада, Магілёў, вул. Чкалава 16, грамадзкі цэнтар «Кола сяброў». Пачатак а 18.30.