Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ніколі не гуляў у таямніцы з народам як пры вырашэньні эканамічных праблемаў, так і пры прыняцьці кадравых рашэньняў, піша БЕЛТА.
«Ведаю, што напярэдадні гэтай нарады і ў сродках масавай інфармацыі, і ў нашым грамадзтве, зразумела, кімсьці спэцыяльна падымаюцца асобныя пытаньні, каб пачуць з маіх вуснаў адказы на іх. Некаторыя пытаньні аб’ектыўна існуюць, таямніц ніякіх няма. Я іх ніколі не рабіў, і мне няма неабходнасьці гуляць у нейкія таямніцы з народам: ад вырашэньня эканамічных праблемаў да кадравых», — сказаў ён, прымаючы справаздачу ўраду, Нацыянальнага банку аб працы эканомікі за 2014 і прагнозе на 2015 год.
Лукашэнка адзначыў, што кадравае пытаньне хвалюе ўсіх. «Я заўсёды загадзя ўсіх папярэджваў: усё будзе залежаць ад таго, як той ці іншы чалец ураду, губэрнатар, памочнік напружваюцца, працуюць і якія вынікі даюць, — сказаў прэзыдэнт — Будуць вынікі — будзе праца. Ня будзе вынікаў — вы таксама ведаеце, што магчыма».
«Некаторыя ў нас міністры дапрацаваліся да таго, што іх дзеці пастаянна жывуць у Злучаных Штатах Амэрыкі і навучаюцца там, а яны рэфармуюць нашу сыстэму адукацыі. Зразумела, што будзе ад гэтых рэформаў», — адзначыў прэзыдэнт.