Бэрлінская прамова Міхаіла Гарбачова, у якой ён выступіў адвакатам Уладзімера Пуціна, выклікала шмат у каго зьдзіўленьне: ня мусіў рабіць такое ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.
Удзельнікі дыскусіі спрачаюцца: ці даюць былыя заслугі палітыку права быць пазбаўленым ад крытыкі? І увогуле, ці былі б перамены, якія адбыліся ў СССР і ў сьвеце, магчымыя без Гарбачова?
Адказ на першае пытаньне, падаецца, просты: такога права былыя заслугі і дасягненьні не даюць. А вось над другім хацелася б паразважаць.
Асабіста для мяне гістарычная роля Гарбачова — бясспрэчная. Але адначасна, цалкам відавочна, што зьнішчаць камуністычную сыстэму Гарбачоў не зьбіраўся. Ягоныя клятвы ў вернасьці «марксізму-ленінізму» гучалі нават тады, калі КПСС пакідалі сотні тысяч разьняверыўшыхся партыйцаў. Варта пачытаць выдадзеныя былым памочнікам Генэральнага сакратара, а потым прэзыдэнта СССР Анатолем Чарняевым «Пратаколы пасяджэньняў Палітбюро ЦК КПСС 1985-1991 гг.», каб пераканацца, што Гарбачоў да апошняга імкнуўся захаваць і саму партыю, і яе дамінуючую функцыю. Усё, што рабілася — і скасаваньне 6-га артыкула Канстытуцыі аб кіруючай ролі КПСС, і спыненьне дзейнасьці кампартыі ў жніўні 91-га, і, урэшце, дэмантаж савецкай імпэрыі — гэта было ініцыявана не Гарбачовым, а дысыдэнтамі, Сахаравым, Ельцыным, дэпутацкай міжрэгіянальнай групай, нацыянальнымі рухамі ў тагачасных савецкіх рэспубліках. Нічога гэтага Гарбачоў не жадаў. Ва ўсіх гэтых (і ў большасьці іншых) выпадках Гарбачоў трымаўся да апошняга і саступаў, калі ўжо немагчыма было не саступіць.
Пацьверджаньнем можа быць хоць бы тое, што Гарбачоў і сёньня апантана (наколькі дазваляюць здароў’е і ўзрост) адрынае сваю ролю ў распадзе СССР, запэўніваючы, што ўсё адбылося насуперак ягонага жаданьня (наконт жаданьня — ён мае рацыю). Як і Пуцін, Гарбачоў лічыць распад савецкай імпэрыі катастрофай.
Але ўсяго вышэй названага (у тым ліку і распаду СССР) магло б і ня быць, калі б ня дзьве акалічнасьці, якія цалкам залежалі ад Гарбачова і ад ягонага сьвядомага выбару.
Першае — у 1985 Гарбачоў «адвінціў гайкі». Не нашмат. Пераважна — роўна нагэтулькі, каб маглі беспакарана гучаць іншыя меркаваньні. Прычым «іншыя» — толькі у межах «сацыялістычнага выбару». Але і гэтага аказалася дастаткова, каб, кажучы ягонымі словамі, «працэс пайшоў».
І другое: калі «працэс пайшоў», Гарбачоў адмовіўся спыняць яго танкамі.
Апошняе, канешне, патрабуе ўдакладненьня адносна падзеяў красавіка 1989 у Тбілісі і студзеня 1991 у Літве і ў некаторых іншых месцах. Танкі на вуліцы Вільні вывеў не Гарбачоў, хаця ён, безумоўна, нясе поўную палітычную адказнасьць за дзеяньні сваіх генэралаў. І калі мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, у тыя дні патрабавалі адстаўкі Гарбачова — мы рабілі слушна, я б і сёньня падпісаўся пад кожным словам нашай тагачаснай заявы. Але (пра гэта сьведчаць і апублікаваныя дакумэнты, і мэмуары як паплечнікаў Гарбачова, гэтак і ягоных апанэнтаў — «ястрабаў») Гарбачоў катэгарычна адмовіўся ўжыць яшчэ большую сілу, яшчэ больш вайскоўцаў, яшчэ больш танкаў — як гэта было зроблена ў Будапэшце ў 1956, калі савецкі пасол Андропаў выступіў за тое, каб усімі магчымымі сродкамі здушыць вугорскую рэвалюцыю.
І калі мы кажам пра дэмакратычныя рэвалюцыі 1989 году ў краінах Усходняй Эўропы, дык трэба памятаць, што яны адбыліся пасьля таго, як Гарбачоў запэўніў лідэраў Захаду (і папярэдзіў кіраўнікоў краінаў т.зв. «сацыялістычнага лягеру), што Крэмль ня будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы ўсходнеэўрапейскіх дзяржаў, і дзясяткі тысяч танкаў ня выйдуць з боксаў. Бо вайсковыя магчымасьці спыніць масавыя выступы ў Празе ці Ўсходнім Бэрліне ў Гарбачова былі. Былі і генэралы, якія рваліся ў бой і не спыніліся б перад колькасьцю ахвяраў. І Захад (пра гэта, зноў жа, сьведчаць дакумэнты таго часу) не ўступіў бы ў вайну зь ядзернай дзяржавай, якой, нагадаю, была СССР — як не зрабіў ён гэтага ў 1968, калі войскі Варшаўскай дамовы акупавалі Чэхаславаччыну.
Што зрабіў бы Захад — дык гэта замарозіў бы адносіны з Масквой, увёў бы эканамічную блякаду, пакінуў бы савецкую эканоміку сам-насам з тымі праблемамі, якія ўзмацніла падзеньне коштаў на нафту. Узровень жыцьця савецкага чалавека пагоршыўся б вельмі істотна. Але вось тое, што такое пагаршэньне хутка прывяло б да масавых пратэстаў — асабіста ў мяне выклікае вялікія сумневы. Асаблівасьць савецкага чалавека была ў тым, што пратэсты з матэрыяльных прычынаў ён выказваў толькі ў сытуацыі адноснай лібэралізацыі рэжыму (як у Навачаркаску ў 1992 ці ў Менску ў красавіку 1991). Ва ўсе іншыя часы, калі гайкі былі моцна закручаныя, ён, здаралася, еў траву — але маўчаў. І ўслаўляў правадыра.
Так, канешне, бясконца ні камуністычная партыя, ні Савецкі Саюз, ні «сацыялістычны лягер» існаваць бы не маглі, але рэсурс у выпадку абраньня ў 85-ым не Гарбачова, а таварыша Грышына (менавіта ў ягоным аўтамабілі пасьля сьмерці Чарненкі была ўсталяваная сыстэма сувязі з камандным ядзерным пунктам) — у Савецкага Саюзу быў бы гадоў 10-15. А потым — распад празь вялікую кроў.
Гістарычная заслуга Гарбачова ў тым, што ён не пайшоў на праліцьцё вялікай крыві. Часам роля палітыка ў гісторыі вызначаецца ня тым, што ён зьдзейсьніў, а тым, што ён мог зрабіць — але не зрабіў.
Так і з Гарбачовым.
Да ўсяго іншага, Гарбачоў паказаў прыклад годнага сыходу ў адстаўку — перадаўшы крамлёўскі кабінэт свайму палітычнаму апанэнту. Ельцын здаў кабінэт (і Расею) афіцэру КДБ — які пазьней скарыстаў для ўтрыманьня ўлады шырокі арсэнал мэтадаў спэцслужбаў. Але той годны ўчынак Гарбачова застаецца дакорам Пуціну, як бы ён, Гарбачоў, Пуціна не абяляў.
Тым больш прыкра, што, вырваўшы ў савецкіх людзей кляп, паспрыяўшы зруйнаваньню Бэрлінскага муру, распачаўшы ядзернае раззбраеньне — сёньня ён выступае адвакатам таго, хто зьнішчыў свабоду прэсы, узьвёў заслону паміж сваёй краінай і дэмакратычным сьветам, і распачаў вайну, якая пагражае перарасьці межы рэгіянальнага канфлікту.
І тут пытаньне — а чаму Гарбачоў падтрымаў Пуціна?
Мне гэта незразумела. Тым больш, што яшчэ нядаўна, у лютым 2011, у інтэрвію Свабодзе Гарбачоў казаў пра панаваньне чэкістаў, у сьнежні таго ж году заклікаў Пуціна не балятавацца на новы прэзыдэнцкі тэрмін. Гарбачоў адмаўляецца апошнія гады ад цырыманіяльных замежных візытаў, палову часу праводзіць у клініках, публічна скардзіцца на здароў’е, а тут — паляцеў у Бэрлін. І выступіў гэтак, што мільёны, як гаворыцца, заціснулі насы.
Так, канешне, «крымнаш», як і для большасьці расейцаў. Але ёсьць тут яшчэ, падаецца мне, і нейкая таямніца. Старога, хворага чалавека ўгаварылі? Паабяцалі добры бізнэс для зяця-бізнэсоўца? Альбо — наадварот, дрэнны, з усімі магчымымі наступствамі для сям’і? Ці — нагадалі, што вельмі шмат каму ў Расеі карціць прыцягнуць Гарбачова да адказнасьці за «развал Саюзу» і «невыгодную для Расеі здачу ГДР» (цытата з выступу аднаго палітыка ў ток-шоў)? Даведаемся мы пра гэта (калі даведаемся) ня сёньня.
... У 1960-я гады Дзьмітрый Шастаковіч падпісваў адзін за другім лісты ўхваленьня палітыкі камуністычнай партыі і асуджэньня тых, хто тую палітыку не падзяляў. Прайшлі гады, і нехта трапна заўважыў, што тыя подпісы ня робяць сымфоніі вялікага кампазытара менш геніяльнымі, але вельмі дакладна сьведчаць, што мог зрабіць з мастаком рэжым і якім антычалавечым рэжым быў.
Тое, што даравальна кампазытару — не даравальна палітыку. Але зусім можа быць, што праз нейкі час гарбачоўскія словы падтрымкі стануцца яшчэ адным сьведчаньнем супраць таго, на карысьць каго яны цяпер прагучалі.