Грамадзкасьць Башкатарстану зьвярнулася ў Мінсувязі Расеі з просьбай абавязаць СМІ не называць іхнюю рэспубліку Башкірыяй. Мінсувязі адмовіла, а намесьнік міністра Аляксей Волін заявіў, што расейская мова не падпарадкоўваецца палітыкам і адміністратыўнаму рэгуляваньню.
Ці ёсьць у нашай краіны шанцы прымусіць расейцаў вывучыць слова «Беларусь»?
Пра зварот з Башкартастану напісалі izvestia.ru. Як паведамляе выданьне, аўтары звароту лічаць, што слова «Башкірыя» паніжае статус рэспублікі, а грамадзяне ў выніку разглядаюць Башкартастан не як аўтаномны суб’ект Расейскай Фэдэрацыі, а як нейкую абстрактную тэрыторыю.
Справа «Беларусь vs. Белоруссия»
Між тым ужо 20 лістапада ў Сіманаўскім раённым судзе Масквы адбудзецца судовае паседжаньне ў справе прэтэнзіяў нараджэнца Бабруйску да расейскіх мэдыяў. Супраць выданьняў «Лента.Ру», «РБК» і «Россия сегодня», якія замест афіцыйнай назвы «Рэспубліка Беларусь» настойліва выкарыстоўваюць «Белоруссия», пазоў падаў Кірыл Лапінскі — беларус, які жыве ў Маскве. Паводле пазоўніка, выкарыстаньне назвы «Белоруссия» — гэтак дзяржава называлася ў часы Савецкага Саюзу — прыніжае ягоны гонар і годнасьць і падрывае незалежнасьць краіны. За гэта Кірыл хоча атрымаць грашовую кампэнсацыю ў памеры 20 тысяч расейскіх рублёў. Але, як распавёў беларус у інтэрвію Радыё Свабода, фінансавы аспэкт для яго неістотны:
«Мне ўсё роўна, ці атрымаў я кампэнсацыю. Калі мае апанэнты ў судзе прапануюць міравое пагадненьне, я пагаджуся. Галоўнае, каб СМІ перасталі ўжываць гэтую назву».
Найбольш істотнае для Кірыла — тое, што суд ужо прызнаў існаваньне самога прадмета спрэчкі, калі прыняў заяву і прызначыў судовае паседжаньне. Гэта дае беларусу падставы разьлічваць на пазытыўны вынік судовага разбору.
«Мяркую, што суд разьмяжуе, дзе павінна пісацца «Беларусь», а дзе можа быць альтэрнатыва і дзе маюць месца быць «белорусские товары» і «Белоруссия», — адзначыў Кірыл Лапінскі.
Скласьці пазоў Кірылу Лапінскаму дапамаглі юрысты зь Беларусі, а ў маскоўскім судзе ён будзе прадстаўляць сябе сам. Кірыл распавядае, што ў Беларусі сустракаецца ў асноўным з пазытыўнай рэакцыяй, аднак у сацыяльных сетках атрымлівае паведамленьні, якія, як кажа, можа «расцэньваць як пагрозу сабе». Фармулёўкі гэтых паведамленьняў Кірыл агучваць ня стаў, бо «ўслых іх лепш не прагаворваць».
Расейцы выкарыстоўвалі назву «Беларусь» раней
Наша краіна стала афіцыйна называцца Беларусьсю яшчэ 23 гады таму. Чаму расейцы настойліва працягваюць ужываць назву дзяржавы, якая спыніла існаваньне? Мовазнаўца Вінцук Вячорка мяркуе, што ніякіх моўных праблемаў з вымаўленьнем сучаснай афіцыйнай назвы нашай краіны ў расейцаў няма. Больш за тое, менавіта гэтак і называлі расейцы Беларусь пасьля абвяшчэньня незалежнасьці.
«У 90-я гады ў расейскай мове пісалі і Таллинн зь дзьвюма „н“, і Кыргызстан, і Беларусь. Але цяпер зьявілася імпэрская нота і псыхалёгія. Натуральна, тут жа зьявіліся мовазнаўцы, якія абгрунтавалі гэты разварот. Маўляў, нормам расейскай мовы штосьці там не адпавядае. Безумоўна, моўныя традыцыі бываюць, але расейская практыка 90-х гадоў паказвае, што пры жаданьні новыя традыцыі лёгка ўкараняюцца», — адзначыў Вінцук Вячорка.
На расейскім партале Gramota.ru на пытаньне, як трэба пісаць назву нашай краіны, адказваюць, што хоць афіцыйная назва Беларусь і Рэспубліка Беларусь, то ў «неафіцыйных кантэкстах, у жывой і пісьмовай мове краіну па-ранейшаму называюць Белоруссией». Нібыта таму лепш ужываць менавіта такі варыянт. Дарэчы, на гэтым жа партале сьцьвярджаюць, што паводле літаратурнай нормы сучаснай расейскай мовы варта казаць «на Украине». Расейскі прэзыдэнт сёлета ў траўні ўжыў фармулёўку «в Украине» — менавіта гэтак просяць казаць самі ўкраінцы. Але некаторыя расейскія мэдыі нават прыбралі гэтае словазлучэньне, цытуючы Пуціна. А вось нашу краіну прэзыдэнт Расеі працягвае называць «Белоруссией», нават падчас афіцыйных візытаў.
Паводле мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, гэтае пытаньне выключна палітычнае:
«У Расеі ёсьць вялікая традыцыя выкарыстаньня тапаніміі і ўрбананіміі, то бок унутрыгарадзкіх назваў, у дачасных палітычных мэтах — імпэрскіх, ідэалягічных, русыфікацыйных мэтах. Калі былая імпэрыя працягвае надалей называць раней падняволеную краіну па-імпэрску, трэба падазраваць, што імпэрыя зноў выношвае нейкія пляны».