Шушкевіч: «Гарбачоў ніколі ня жыў уласным розумам»

Станіслаў Шушкевіч

Першы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў апошнім часам неаднаразова выказваўся ў падтрымку палітыцы прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, у тым ліку ў падтрымку анэксіі Расеяй Крыму. Чым можна патлумачыць гэтыя ды іншыя заявы Гарбачова? Ці могуць гэтыя выказваньні зьмяніць ацэнку гістарычнай спадчыны гэтага палітыка на Захадзе і ў Расеі?

На гэтыя пытаньні адказвае былы Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч

Цыганкоў: Чаму Гарбачоў робіць такія выказваньні, якія могуць падарваць ягоны аўтарытэт у вачах заходняй грамадзкай думкі, і зьмяніць уяўленьне пра яго як палітыка і гістарычнага дзеяча?

Шушкевіч: Я ведаю пра ягоную пазыцыю. Шкада, што ён гэта робіць. Але мая думка — ён ніколі ня жыў уласным розумам. Калі ў яго былі добрыя дарадцы — ён казаў слушныя рэчы, калі былі кепскія — казаў дрэнныя.

Гарбачову можна паставіць помнік за тое, што быў разбураны бэрлінскі мур. Але можна толькі пашкадаваць аб тым, як ён клапаціўся пра ўласную ўладу, калі хацеў захаваць Саюз і сваю ўладу. Крывавыя падзеі ў Вільні, Рызе, Тбілісі, калі Гарбачоў рабіў выгляд, што ня мае да гэтага ніякага дачыненьня.

Але ўсё роўна ён заслугоўвае помніка за тое, што дзякуючы ягонай палітыцы Эўропа перастала быць падзеленай Бэрлінскім мурам.

Цыганкоў: Часам бывае, калі палітык мае добрую і заслужаную рэпутацыю, але сваімі заявамі і дзеяньнямі пад канец жыцьця шмат у чым падрывае сваю гістарычную спадчыну. Ці лічыце вы, што выказваньні Гарбачова апошніх месяцаў могуць мець такі эфэкт для ягонай гістарычнай ацэнцы?

Шушкевіч: Я не лічу, што ён зьмяніўся, і не лічу, што цяпер ён паступае інакш, чым у папярэднія гады. Я не дапускаю думкі, што Генэральны сакратар ЦК КПСС ня ведаў, хто і чаму страляў у людзей у Тбілісі, у Рызе, Вільні. Але ён прыкідваўся чалавекам, які нічога ня ведаў. Я ня думаю, што Фарос адбыўся без яго ведама. Таму ён заўсёды паводзіў сябе выгадным для сябе асабіста чынам — каб нельга было яго абвінаваціць.

Гарбачоў слухаўся іншых. І калі дарадцы былі добрыя, як Аляксандар Якаўлеў — то Гарбачоў казаў добрыя рэчы. І цяпер... ведаеце, гэта ганьба, што ён паехаў сустракаць сваё 80-годзьдзе ў Лёндане. Ну ты ж на гэтай зямлі жывеш.

Цяпер ён бачыць, што Пуціна падтрымлівае 80 працэнтаў, і ён да іх далучаецца. Замест таго, каб як сапраўдны лідэр, выказаць сваю ўласную думку. У яго не хапае сьмеласьці выказаць уласную думку, як і не хапала раней. У Гарбачова ніколі не было мужнасьці, ён заўсёды быў баязьлівым. І гэта трэба разумець.