Сям’я Васіля Струпаўца пахаваная ў вёсцы Якімавічы Слонімскага раёну.
Слонімскі актывіст Алесь Масюк распавядае, што пра лёс сям’і Васіля Струпаўца некалі напісала «Газета Слонімская», а пазьней ён асабіста пазнаёміўся з сынам Васіля Струпаўца — Васілём, які цудам застаўся тады жывы.
Масюк: «Спадар Васіль быў сябрам Беларускага народнага фронту. Ён не любіў узгадваць пра вайну, але аднойчы распавёў, што ў красавіку 1943 году да іх у хату завіталі партызаны атрада імя Панамарэнкі на чале з сваім камандзірам Іванам Зайцавым. Адзін зь іх запатрабаваў, каб бацька зьняў і аддаў яму боты, але той не пагадзіўся... Спачатку забілі самога Васіля Струпаўца, а ягоны сын, які мне гэта ўсё распавядаў, застаўся паранены ў калена. Потым каты застрэлілі жонку, дзьвюх дачок і яшчэ аднаго сына. Адыходзячы, падпалілі хату, але малы Васіль здолеў падняцца, патушыў агонь і сам уратаваўся».
Васіль Струпавец на ўсё жыцьцё застаўся інвалідам. Некалькі гадоў таму ён памёр, і яго пахавалі побач з расстралянай сям’ёй.
Масюк: «У іх, напэўна, нікога няма з родных, бо магілкі недагледжаныя. Мы там усё прыбралі і нават вырашылі ў наступным годзе паставіць помнік Васілю Струпаўцу, бо крыж на яго магіле ўжо згніў».