«Альтэрнатыўную службу падтрымліваю, але ўсе павінны быць здольнымі абараніць Айчыну...» — апытаньне ў Горадні

Your browser doesn’t support HTML5

Якой павінна быць альтэрнатыўная? Адказваюць гарадзенцы


Як вы ставіцеся да тых маладых людзей, якія адмаўляюцца ад службы ў войску, спасылаючыся на ідэйныя перакананьні? Якой павінна быць альтэрнатыўная служба для іх? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадар: «Чалавек, які ня хоча ісьці ў войска, ня любіць гэтае справы. А ў войску павінен быць той, хто хоча быць вайскоўцам, хто ведае сваю справу і хто можа гэта рабіць. А для тых, хто гэтага рабіць ня можа, павінна быць нейкая валянтэрская праца ў грамадзкіх арганізацыях, у шпіталях, са сталымі людзьмі...»

Спадар: «Раней усе служылі. Але калі цяпер нехта ня хоча служыць, то і жаўнеры з такіх будуць дрэнныя. Няхай служаць альтэрнатыўна, няхай прыбіраюць вуліцы».

Спадар: «Я да такіх хлопцаў дрэнна стаўлюся. Я сам служыў, і браты мае служылі, і бацька. Думаю, што кожны павінен адслужыць».

Ягоная жонка: «Не, няхай ідуць і служаць усе. Усе павінны стаць мужчынамі».

Іншая спадарыня: «А няхай ідуць у шпіталі, працуюць мэдбратамі і адпрацоўваюць гэтыя гады, якія ім належыць. Асуджаць іх за гэта ня варта, але належныя паўтара года яны мусяць неяк адпрацаваць».

Хлопец: «Войска — гэта пустая трата часу. Канечне, можа, для каго-небудзь гэта стане карысьцю, але, на мой погляд, за гэты час можна зарабіць і на машыну, і на кватэру сабе. Я б не хацеў туды».

Хлопец: «Калі б мяне бралі ў якія элітныя войскі, то пайшоў бы, бо ў далейшым можна нават і кантракт заключыць. Але ёсьць жа такія войскі, дзе паўтара года ты толькі зь венікам хадзіць будзеш. А вось каб трапіць туды, дзе нешта рэальнае адбываецца...»

Спадар: «Мне здаецца, павінна быць альтэрнатыўная служба, бо калі маюць нейкія ідэйныя перакананьні, то зь іх добрых жаўнераў не атрымаецца. Так што няхай паслужаць грамадзтву іншым чынам, якім могуць. Я альтэрнатыўную службу падтрымліваю, але ўсё ж, калі прыйдзе час, то ўсе павінны быць здольнымі абараніць Айчыну».

Дзяўчына: «А ў каго вера не дазваляе служыць? Яны проста гэтага ня хочуць. Я за тое, каб усе хлопцы служылі. Не такі ўжо і вялікі тэрмін, і паўтара года можна выдзеліць свайго жыцьця, каб паслужыць радзіме. Яны мужчыны і абавязаныя адслужыць».