Песьня на беларускай мове адкрые дзіцячае «Эўрабачаньне-2014»

Надзея Місякова

Песьня «Сокал» прадстаўніцы Беларусі Надзеі Місяковай прагучыць першай на дзіцячым музычным конкурсе, які сёлета пройдзе на Мальце.

Такія вынікі жараб’ёўкі дзіцячага музычнага конкурсу, якая прайшла напярэдадні. 14-гадовая сьпявачка словы і музыку да сваёй песьні напісала сама. Увогуле ж прадстаўніца нашай краіны на дзіцячым «Эўрабачаньні» сьпявае на беларускай, расейскай і ангельскай мовах. Надзеі 14 гадоў. Яна нарадзілася і жыве ў Менску.

У дзіцячым «Эўрабачаньні» прымаюць удзел выканаўцы з 16 краінаў. Мальта прымае конкурс упершыню. Беларусь ўдзельнічае ў дзіцячым «Эўрабачаньні» з моманту яго заснаваньня ў 2003 годзе. За гэты час прадстаўнікі Беларусі выйгралі конкурс двойчы — у 2005 пераможцай стала Ксенія Сітнік зь песьняй «Мы разам», а ў 2007 першае месца заняў Аляксей Жыгалковіч, які выканаў кампазыцыю «Зь сябрамі».