У альбоме, які сабраў найлепшыя карцінкі, таямнічы мастак сустракаецца з загадкавым паэтам ДаСьлёз, і разам яны запрашаюць у камічную опэру жыцьця.
З нагоды выхаду альбому Свабода абвяшчае конкурс сатырычных малюнкаў і вершаў сярод нашых слухачоў і чытачоў. Пакажыце камічнасьць, парадаксальнасьць і дзівоцтва беларускай штодзённасьці. Кожны ўдзельнік конкурсу атрымае альбом поштай ці з рук у рукі.
Дасылайце вашыя вершы і малюнкі на электронную скрынку radiosvaboda@gmail. com.
Каб атрымаць альбом, прыходзьце на прэзэнтацыю альбому з удзелам паэта Андрэя Хадановіча. Уваход вольны.
13-га лістапада, Менск. Бар «ДК», вул. Талбухіна, 4. 3-і паверх. Пачатак а 19.00.
17-га лістапада, Горадня, вул. Будзёнага 48а. Пачатак а 18.30.
19-га лістапада, Магілёў, вул. Чкалава 16, грамадзкі цэнтар «Кола сяброў». Пачатак а 18.30.
Бясконцы тупік
Не хапае грошай на бэнзын!
Добра, скарыстаю сынаў ровар.
Сын яшчэ сьмяецца, суччын сын!
Што ўратуе нэрвы? Толькі бровар!
Выпіў піва літар, потым два.
Потым пляшку з паленай гарэлкай.
Закусіў кавалкам рукава.
Апрытомнеў зраніцы пад елкай.
Сябрука прашу: “Дапамажы!
Дзьве па сто – і душанька ў спакоі.
Заўтра ж гнаць машыну з-за мяжы…”
Глянуў у кішэнь, а там – такое!
Не хапае грошай на бэнзын!
Добра, скарыстаю сынаў ровар.
Сын яшчэ сьмяецца, суччын сын!
Што ўратуе нэрвы? Толькі бровар! і г.д.