У Магілёве такая дзялянка на найвялікшых Паўднёва-ўсходніх могілках. Тутэйшыя могілкі з пранумараванымі драўлянымі і жалезнымі таблічкамі, надмогільнікі ў выглядзе ветразя. На некаторых разам з нумарам пазначанае і прозьвішча.
На гэтым участку «бязродныя» пахаваныя, тлумачыць кабета праходзячы міма ўчастку з пранумараванымі магіламі. Жыцьцё пражылі, а памерлі гэтак не па-людзку — ў самоце, са скрухай, кажа жанчына. На пытаньне: «Ці кладуць на магілы „бязродных“ на Вялікдзень, ці на Радаўніцу яйкі, ці цукеркі», суразмоўніца адказвае:
«Кладзём другім разам ім, вядома ж. Шмат людзей праходзяць міма спыняюцца. Чытаюць, дзе ўжо помнік паставілі. Знаходзяцца ж у іх сваякі. Вунь, бачыце агароджы стаяць, помнікі. Тут жа пастаянна працаўнікі могілак прыбіраюць усё. Пільнуюць парадак».
![Сьвежыя магілы “бязродных”. Надпісы сьведчаць, што колькасьць такіх нябожчыкаў сягае тысячы](https://gdb.rferl.org/8E13A805-2992-4FC1-A0DF-61C20F6938A9_w1080_h608_s.jpg)
Сьвежыя магілы “бязродных”. Надпісы сьведчаць, што колькасьць такіх нябожчыкаў сягае тысячы
Ахоўнік могілак паведаміў, што магіл «бязродных» больш за тысячу. Пахаваньні такіх нябожчыкаў, паводле яго, праходзяць без асаблівых эмоцыяў і рытуалаў:
«Хаваюць у дамавінах —як належыць. Прыяжджаюць, яміну выкопваюць і туды апускаюць, — апавядае ахоўнік могілак. — Вядома ж гэта непрыемна, калі побач з магілаю няма сваякоў. Нашы капальнікі прыехалі — пахавалі і паехалі».
Суразмоўнік зазначае, што сваякі «бязроднага» нябожчыка найчасьцей знаходзяцца адразу пасьля пахаваньня:
«Не пасьпеюць пахаваць яны адразу аб’яўляюцца. Агароджы ставяць, помнікі, крыжы. Больш перажываюць далёкія сваякі, якія неяк даведваюцца, што іхны памёр. Яны і ня ведалі, што ён нейкім чынам прыбіўся да Магілёва. Пра гэта сваякам у час не паведамілі. Тыя са сваякоў, хто найбольш адданы, перазахоўваюць свайго памерлага. Забіраюць яго сабе на радзіму».
Знаходзяцца ў “бязродных” сваякі. Ставяць агароджу і помнікі
Паводле ахоўніка могілак найчасьцей хаваюць «бязродных» партыямі — ад двух да чатырох чалавек у месяц. Радзей аднаго.
Хто ж яны — гэтыя «бязродныя»? У гарадзкіх трупярнях паведамілі, што найчасьцей — гэта бадзягі. Паміраюць"бязродныя" і ў мясцовым сухотным дыспансэры. Бываюць і такія, што загінулі гвалтоўнай сьмерцю, а сваякі працяглы час не адгукаюцца. Тады яны таксама апошні свой спачын знаходзяць на Паўднёва-ўсходніх могілках.
Бамжы паміраюць праз хваробы ды алькаголь. Некаторыя не вытрымліваюць бадзяжнага жыцьця і робяць сабе сьмерць самі. У адным з двароў, апавядае магілёўскі бомж Анатоль, знайшлі днямі павешанай ягоную знаёмую бадзяжніцу Ірыну:
«Маладая яшчэ дзяўчына была. Гадоў сорак. Бадзяжнічала са сваім хлопцам. Зьбірала кардон, бутэлькі. Быў яшчэ выпадак. Я неяк заходзіў да свайго знаёмага, такога як я. Ён ў падвале жыве. Гляджу ляжыць там чалавек. Мне знаёмы кажа: „Не глядзі туды. Там чалавек памёр. Дні тры ўжо“. Гляджу, а над ім мухі лётаюць».
Паводле Анатоля, паміраюць бамжы найчасьцей узімку: «Чалавек паходзіць, паходзіць ды зьмерзьне», — кажа Анатоль.
Па памерлым бамжы памінак не ладзяць. Паводле ахоўніка Паўднёва-ўсходніх могілак, калі не знаходзяцца сваякі, то за магілай бязроднага прыглядаюць толькі працаўнікі могілак.