Споведзь пажыцьцёва зьняволеннага: Я забыў колер травы

Аляксандар Бут-Гусаім

Жыхар Салігорску Аляксандар Буд-Гусаім, які 15 гадоў таму быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне, дамогся перагляду сваёй справы, зьмены прысуду і месяц таму выйшаў на волю.

Пра парадкі ў калёніі для пажыцьцёва зьняволеных ды ў іншых вязьніцах, а таксама пра сустрэчы там зь вядомымі людзьмі Аляксандар распавёў карэспандэнту Свабоды.

Жодзіна — беларускі «Белы лебедзь»

«Камэра на 4 шконкі. Вось тут параша, тут „бар“ — жалезны шафік для посуду. Гэта палічка для рэчаў, гэта для дакумэнтаў. Пах няволі — гэта пах прыбіральні, увесь час... Толькі лісты, калі прыходзяць, пахнуць інакш — воляй, але потым і іх гэта ўсё прабірае...»

Распавядаючы, Аляксандар цягне руку, нібыта вось яна перад ім — тая палічка. Яшчэ 5 гадоў таму ён не спадзяваўся, што калісьці зьменіць гэтую камэру на нешта лепшае. Ягоная справа аб забойстве на паляваньні завісла ў судах, скаргі не дапамагалі, а наадварот, спараджалі рэпрэсіі. Да катаваньняў адгазьнікам, як было падчас сьледзтва, калі прымушалі ўзяць віну на сябе, не даходзіла, але

Аднойчы яго 10 месяцаў не выводзілі на прагулкі, ён забыўся колер травы, а калі нарэшце вывелі на сьвежае паветра — згубіў прытомнасьць

ў турэмшчыкаў — ня меней багаты арсэнал сродкаў узьдзеяньня. Найперш гэта міліцэйскія палкі, якімі б’юць, каб атрымаць прызнаньне ў нейкай правіннасьці, пакараць за паднятую вышэй чым трэба галаву ці проста дзеля прафіляктыкі. Але ёсьць захады і больш зьдзеклівыя. Гэтак аднойчы яго 10 месяцаў не выводзілі на прагулкі, ён забыўся колер травы, а калі нарэшце вывелі на сьвежае паветра — згубіў прытомнасьць. Другім разам зьмясьцілі ў камэру, якую толькі што апрацавалі хлёркай нібыта для дэзынфэкцыі. Каб выратавацца, ён зь сябрам абматалі галовы ручнікамі і дыхалі праз шчыліну пад дзьвярыма. А трэці сукамэрнік, які гэтак не перасьцярогся, праз паўгода памёр ад хваробы лёгкіх. Таксама да паслугаў начальства ёсьць халодны карцэр, у які зэка могуць кінуць за тое, што нібыта ўключыў сярод ночы тэлевізар, хаця сьвятло можна ўключыць толькі з калідора, дзе дзяжурыць ахоўнік.

Але ня толькі гэтыя адмысловыя прыёмы — асаблівасьць умоваў на «ПЗ». Тут ёсьць штодзённыя правілы, уласьцівыя толькі гэтаму рэжыму. Сярод іх — асаблівы выхад з камэры. Вязень мусіць выходзіць з камэры пажыцьцёвікаў толькі задам і толькі ў позе ластаўкі — сагнуты, з задранымі дагары рукамі. У гэты момант ахоўнік хапае вязьня за кайданкі, якія таксама па выхадзе абавязковыя, і ставіць у такой позе да сьцяны, ды яшчэ звычайна б’е палкай па нагах ці галаве. У калідорах па корпусе вязень «ПЗ» таксама ходзіць толькі сагнутым, з заламанымі дагары рукамі. На двор «ПЗ» выводзяць у суправаджэньні службовых сабак. Калі перавозяць у іншую калёнію — вакол разьмяшчаюць снайпэраў.

Аляксандар Бут-Гусаім

Наколькі гэта законна? «Аднойчы я запытаў у начальніка „ПЗ“, адкуль яны ўзялі гэтыя правілы, якія ўжываюць да пажыцьцёвых. Бо ні ў водным жа законе гэтага няма, што мяне, хай я і пажыцьцёва зьняволены, мусяць вадзіць па калідоры „тварам у падлогу“ ды яшчэ і біць палкай, калі падыму галаву і ўбачу нешта вышэй каленяў ахоўнікаў. Начальнік распавёў, што калі рабілі ў Жодзіне аддзяленьне для пажыцьцёвых, дык адпраўлялі па досьвед некалькіх супрацоўнікаў у Расею, у сумна вядомую калёнію „Белы лебедзь“, дзе трымаюць тэрарыстаў. Тады, дарэчы, там якраз быў чэчэнскі палявы камандзір Радуеў. Вось там нашы і набраліся гэтых захадаў. Кажу, што ў нас жа няма тэрарыстаў, тут безьліч аховы, зьбегчы нерэальна. Усьміхаецца. Таму лічу — гэта ня меры бясьпекі, а проста каб прынізіць чалавека, растаптаць яго годнасьць».

Паводле Аляксандра Буд-Гусаіма, у аддзяленьні для пажыцьцёвых ў жодзінскай калёніі сядзіць каля 140 чалавек. Аляксандру даводзілася сустракацца там зь вязьнямі, асуджанымі за забойства нават некалькіх чалавек.

Сярод іх ёсьць і ня вартыя захаваньня жыцьця, але ўсё роўна гэта людзі, таму я супраць забойства нават у выглядзе пакараньня. Для кагосьці можа прыйсьці час, калі стане вядома, што ён быў невінаваты, ці не настолькі вінаваты, каб забіраць жыцьцё» — лічыць Аляксандар.

У жодзінскай вязьніцы Бут-Гусаім выпісваў незалежныя выданьні, зь якіх зьведаў, што за час прэзыдэнцтва Лукашэнка памілаваў толькі аднаго чалавека, асуджанага на сьмерць. «Сьмяротную кару ён захоўвае, каб запалохваць нас усіх», -- мяркуе былы вязень адносна Лукашэнкі.

Скарга са склеенымі аркушамі

Суд над самім Аляксандрам, як ён кажа, праходзіў усяго 5 гадзінаў. Перад абедам пачалі, да вечара далі пажыцьцёвае. «А потым проста ніхто не хацеў разьбірацца ў справе — на скаргі прыходзілі фармальныя адказы, што праверылі, не пацьвердзілася. Я нават праводзіў экспэрымэнт — адпраўляў скаргу зь некаторымі склеенымі аркушамі. Яна ў такім жа выглядзе і вярталася, аркушы заставаліся склееныя. То бок проста не чыталі».

Тым часам на волі таксама працягвалася змаганьне за перагляд справы Аляксандра Буд-Гусаіма. Ягонай жонцы Марыі, якая абівала парогі судоў, пашанцавала — яна пазнаёмілася з такой жа ахвярай судовых памылак, як і сама — зь Людмілай Кучурай. Гэтая жанчына, якая жыве ў Менску, больш за 10 год змагаецца за вызваленьне свайго мужа. Справы Буд-Гусаіма і Кучуры былі падобныя — таксама забойства падчас паляваньня, таксама, як лічаць асуджаныя і іх сваякі, на забойцаў прызначылі невінаватых, каб схаваць сапраўдных злачынцаў, зьвязаных з уладай.

Людмила Кучура

Людміла Кучура пачала заступацца таксама і за Буд-Гусаіма і ў выніку ягоная справа патрапіла на пісьмовы стол уплывовага чыноўніка, які, відаць, вырашыў, што прыйшоў час крыху выправіць старую судовую памылку. Справу Аляксандра перакваліфікавалі ды зьменшылі яму тэрмін пакараньня. На той момант Аляксандар ужо сядзеў у глыбоцкай калёніі, куды некаторых пажыцьцёвікаў пераводзяць пасьля адбыцьця 10 гадоў у «ПЗ». Калі Аляксандар адтуль зьяжджаў у Наваполацак, яго віншавалі ня толькі вязьні, але і адміністрацыя. «Не маглі паверыць, што дамогся перагляду справы, такога звычайна не бывае».

Турэмны бунт ў Наваполацку

Пасьля Жодзіна перад «хіміяй» Аляксандар Буд-Гусаім прабыў каля паўгода ў наваполацкай калёніі, якой сёньня ўжо не існуе. Пра тую калёнію згадаў, што там была вельмі дрэнная экалёгія і вельмі дрэнная ежа. «Як з „Нафтану“ нейкі выкід — проста немагчыма дыхаць, бо гэта ж зусім побач, фактычна за плотам. Людзей пачынае біць кашаль, сьлязяцца вочы. А тут яшчэ зусім дрэннае харчаваньне — гнілая капуста, нейкая чорная каша. З-за гэтага аднойчы быў бунт».

Як аказалася, бунтам усё ж тыя падзеі называць не выпадае. Проста вязьні спынілі харчаваньне ў сталоўцы, бо казённую ежу есьці стала немагчыма. Прыходзілі ў сталоўку, пастаяць ды вяртаюцца ў атрады. Начальства спачатку раззлавалася, рыхтаваліся рэпрэсіі, але, відаць, забаяліся шуму і крыху далі рады ў сталоўцы. Харчаваньне палепшала. Але на пытаньне пра здольнасьць да арганізаванага пратэсту беларускіх вязьняў Аляксандар Буд-Гусаім адказвае катэгарычна. «Усе ведаюць, што зэк — гэта ніхто і завуць яго ніяк. Фармальна ў нас нейкія правы ёсьць, але рэальна няма ніякіх. Таму маўчаць і трываюць».

Як з Саньнікавым чыфірыў

У Наваполацкай калёніі Аляксандар сустракаўся з былым кандыдатам на прэзыдэнта Андрэем Саньнікавым. У той дзень Аляксандар быў галоўным па камэры, дзе падтрымліваўся нядрэнны парадак («у нас нават дыванкі ляжалі на падлозе»), як да іх запусьцілі чалавека, у якім не адразу можна было пазнаць былога кандыдата на прэзыдэнта, бо быў без барады. «Ён назваўся, а мы ж газэты чыталі, ведалі пра такога. Аказаўся вельмі прыемным і разумным чалавекам. Чыфіра яму заварылі, дык ён вытрымаў, папіў з намі», — згадвае Аляксандар першую сустрэчу з Саньнікавым. Кажа, што Саньнікаў быў збольшага закрытым чалавекам, але пра палітыку пагаварыць зь ім было вельмі цікава. Згадвае, што даставалася Саньнікаву ад адміністрацыі напоўніцу. «Нават напярэдадні пераводу ад нас зладзілі яму правакацыю — падкінулі самаробны ножык, запісалі парушэньне. Да нечага дрэннага, відаць, рыхтавалі».

А ўвогуле, паводле Аляксандра, палітыкай вязьні беларускіх калёній цікавяцца ці ня болей, чым вольныя людзі. «Зьмена ўлады — любімая тэма, Лукашэнка — самы нелюбімы пэрсанаж. Хаця ёсьць працэнтаў 10, якія яго рашуча падтрымліваюць».

«Пры мне пра прэзыдэнта дрэнна не казаць»

Сярод такіх аказаўся і былы афіцэр спэцназу «Алмаз» Максім Малік, асуджаны да пажыцьцёвага тэрміну ў тым ліку за выкраданьне апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. З Малікам мой суразмоўца прабыў нейкі час у адной камэры, але зусім нядоўга. «У мяне з Малікам выйшаў канфлікт. Яго як да нас пасадзілі, дык ён заяўляе: „Пра прэзыдэнта дрэнна не казаць!“ Пытаюся ў яго, а чаму, яго ж Лукашэнка пасадзіў? Не, адказвае, той нічога ня ведае. Пытаюся пра эскадроны сьмерці, нездарма ж іх гэтак назвалі? Кажа, што тое журналісты прыдумалі, не было ніякіх эскадронаў. У выніку хутка яго ад нас забралі, бо мог узьнікнуць жорсткі канфлікт. Ведаю, ён хваліўся, як сеў на Жодзіна, што праз 5 гадоў выйдзе на волю, але адзінае, што ў яго атрымалася — перавялі ў Глыбокае. Як усіх, хто без асаблівых парушэньняў адбыў 10 гадоў. Таму зараз сядзіць ў глыбоцкай калёніі», — распавёў Аляксандар Буд-Гусаім.

Your browser doesn’t support HTML5

Споведзь пажыцьцёва зьняволеннага