У Германіі сёньня пачынаюцца трохдзённыя памятныя мерапрыемствы з нагоды 25-й гадавіны падзеньня Бэрлінскага муру — аднаго з сымбаляў «халоднай вайны».
Канцлер Ангела Мэркель, чыя сям’я жыла ў ГДР, заявіла ў нядаўнім інтэрвію, што ніколі не забудзе моманту, калі да яе, пасьля 35 гадоў чаканьняў, «прыйшло адчуваньне свабоды». У рамках цяперашніх мерапрыемстваў Мэркель узначаліць цырымоніі ў памяць пра тых, хто быў забіты пры спробе ўцёкаў з Усходняй Германіі.
Экс-прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, чые рэформы, палітыка перабудовы і галоснасьці спрыялі глябальным пераменам, у гэтыя дні, сярод іншага, наведае ў Бэрліне Чэкпойнт Чарлі — былы памежны кантрольна-прапускны пункт на Фрыдрыхштрасэ, створаны пасьля падзелу горада сьцяной ў 1961 годзе.
Сярод іншых заплянаваных мерапрыемстваў — прызначаны на 9-га лістапада сьвяточны фэстываль у сталіцы аб’яднанай Германіі, на якім, як чакаецца, пабываюць сотні тысяч людзей.