Хто вінаваты ў гібелі дзяцей у Данецку?

Месца выбуху.

Учарашні абстрэл Данецкай школы № 63, у выніку якога загінула двое і было паранена чацьвёра дзяцей дасьледавала ўкраінская служба Радыё Свабода.

Вялікі рэзананс, шматлікія заявы асуджэньня і патрабаваньні неадкладнага расьсьледаваньня выклікала ва Ўкраіне гібель двух дзяцей і раненьні яшчэ чатырох юнакоў на спартыўнай пляцоўцы каля школы № 63 у Данецку.

Месца трагедыі ўжо агледзелі прадстаўнікі місіі АБСЭ, яны абяцаюць неўзабаве апублікаваць адпаведную справаздачу. Між тым у Міністэрстве адукацыі Ўкраіны адзначаюць, што навучальны год у Данецку не павінен быў нават пачынацца і навучальны працэс там ня можа ажыцьцяўляцца.

Школа № 63 разьмешчаная ў непасрэднай блізкасьці да аэрапорту. І гэта ўжо пытаньне да бацькоў і да незаконнай узброенай групоўкі «ДНР», якія ствараюць бачнасць звычайнага жыцьця, адзначаюць суразмоўцы Радыё Свабода.

Ад выбуху артылерыйскага снарада побач з СШ № 63 у Данецку загінулі 14-гадовы васьмікласьнік і 18-гадовы выпускнік школы. Раненьні атрымалі тры 17-гадовыя юнакі і адзін 21-гадовы.

Дырэктар па камунікацыях групы Рыната Ахметава «СКМ» Натальля Емчанка паведаміла, што адзін з параненых хлопцаў у цяжкім стане, трое маюць раненьні сярэдняй цяжкасьці. Хлопцы проста выйшлі пагуляць у футбол.

6 лістапада Інфармацыйна-аналітычны цэнтар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны апублікаваў сваю вэрсію выбуху снараду. Там сьцьвярджаюць, што артылерыйскі снарад быў выпушчаны з боку тэрыторый, якія кантралююцца незаконнымі ўзброенымі групоўкамі, а менавіта — з боку Макееўкі.

РНБА апублікавала спадарожнікавыя здымкі і фота з месца трагедыі, якія, на яе думку, дэманструюць, зь якога напрамку прыляцеў снарад пад вароты спартыўнай пляцоўкі.

Накірунак удару.

CБУ завяла крымінальную вытворчасьць па гэтым факце.

МЗС Украіны афіцыйна абвінаваціла прарасейскіх баевікоў у абстрэле данецкай школы. Прадстаўнік МЗС Украіны Яўген Перабійніс напісаў у сваім «Твітэры», што ёсьць доказы таго, што снарад, які трапіў у стадыён школы, выпусьцілі з падкантрольнай баявікам тэрыторыі. Ён спасылаецца на тыя ж фотаздымкі і РНБА Ўкраіны.

Кірунак удару.

Акрамя таго, міністар замежных спраў Украіны Павел Клімкін заклікаў кіраўніцтва АБСЭ тэрмінова накіраваць сваіх назіральнікаў на месца падзеньня снараду ў школе № 63 Данецка.

Як паведаміла Радыё Свабода старэйшы мэдыя-спэцыяліст маніторынгавай місіі АБСЭ Ірына Гудыма, у чацьвер 6 лістапада, экспэрты місіі пабывалі на месцы трагедыі, агледзелі яго, апыталі сьведак і ў бліжэйшы час абнародуюць справаздачу па выніках сваёй паездкі.

Павел Палянскі.

Намесьнік міністра адукацыі і навукі Ўкраіны Павел Палянскі ў камэнтары Радыё Свабода паведаміў, што ўкраінскае адукацыйнае ведамства афіцыйна не прызнае навучальнага працэсу ў данецкіх школах, паколькі першапачаткова лічыла, што гэта небясьпечна. Адпаведна, за тое, што ў школах, якія знаходзяцца ў зоне баявых дзеяньняў на кантраляваных «ДНР» тэрыторыях, праходзяць заняткі, адпавядае гэтая незаконная ўзброеная групоўка і дырэктары школ, якія прызналі яе ўладу. У Міністэрстве адукацыі Ўкраіны адзначаюць, што гэтыя школы ня змогуць выдаць законных дакумэнтаў аб адукацыі выпускнікам.

«Тое, што адбылося, гэта жудасна. Мы бачым, што расейцы і мясцовыя тэрарысты не спыняюцца ні перад чым. Натуральна, што ў такіх умовах акупацыі навучаньне там нельга ажыцьцяўляць. Мы бачым, што кошт гэтага занадта высокі — жыцьцё і калецтвы ўкраінскіх дзяцей. Тое, што там адбываецца, не прызнаецца ні за пачатак навучальнага года, ні за ажыцьцяўленьне навучальнага працэсу. Мы неаднаразова гэта падкрэсьлівалі для таго, каб не ўводзіліся ў зман ні бацькі, ні настаўнікі », - заявіў Павал Палянскі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала да правядзеньня неадкладнага і эфэктыўнага расьсьледаваньня гібелі дзяцей. Там заявілі аб тым, што абодва бакі канфлікту парушаюць свае абавязацельствы па абароне грамадзянскага насельніцтва. Пазыцыю арганізацыі Радыё Свабода пракамэнтавала выканаўчы дырэктар Amnesty International ва Ўкраіне Тацяна Мазур:

"Гэта ня першы выпадак невыбіральных абстрэлаў, якія мы зафіксавалі ў Данецкай вобласьці і Данецку. Тое, што ўбачылі нашы дасьледчыкі, — невыбіральныя абстрэлы, якія вядуцца двума бакамі канфлікту. Акрамя таго, мы ўбачылі, што даволі часта сэпаратысты знаходзяцца ўнутры грамадзянскіх аб’ектаў, вядуць там свой абстрэл. Затым украінскі бок адказвае ў тым напрамку, дзе знаходзіцца жылы дом",— заявіла Тацяна Мазур.

На пытаньне аб тым, як можна правесьці такое расьсьледаваньне, калі ўкраінская ўлада не кантралюе тэрыторыю Данецка, Тацяна Мазур адзначыла:

«Мы разумеем, што праводзяць пэўныя ваенныя дзеяньні. Але як толькі зьменіцца сытуацыя, украінская ўлада павінна забясьпечыць такое расьсьледаваньне, забясьпечыць праваахоўныя органы на месцах неабходнымі рэсурсамі для таго, каб можна было праводзіць адпаведныя сьледчыя дзеяньні. Даволі часта мы бачым, што марудзяць прадстаўнікі ўкраінскіх праваахоўных органаў з расьсьледаваньнем парушэньняў правоў чалавека».

З абурэньнем асудзіў гэты выпадак мільярдэр Рынат Ахметаў, які сам закончыў гэтую школу. Галоўны рэдактар данецкага выданьня «Остров» Сяргей Гармаш лічыць, што такія звароты да ўсіх і ні да каго канкрэтна — гэта недахоп пазыцыі і гэта ніяк не процідзейнічае ўсё новым і новым трагедый.

Паводле зьвестак ААН, з пачатку канфлікту на ўсходзе Ўкраіны загінула 3660 чалавек, 8756 атрымалі раненьні. У тым ліку па стане на 11 верасьня, у ААН паведамілі, што на Данбасе ў выніку баявых дзеяньняў загінулі не менш за 27 дзяцей, яшчэ як мінімум 56 атрымалі раненьні.