Як паведамляе «Камітэт 6 траўня», на Манэжнай плошчы Масквы пачаліся затрыманьні. Паводле зьвестак ОВД-Інфо,затрыманыя восем чалавек, іх зьмясьцілі ў два аўтазакі і, як мяркуецца, вязуць у АУС «Хамоўнікі».
Амаль усе актывісты былі затрыманыя падчас адзіночных пікетаў. Таксама паведамляецца, што адна з затрыманых — Рэйда Лін падвергнулася нападу з боку невядомага.
Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць парушэньняў канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і супраць крымінальнага перасьледу ўдзельнікаў шэсьця апазыцыі 6 траўня 2012 года на Балотнай плошчы ў Маскве.
Арганізатары пікету — «Камітэт 6 траўня» і рух «Левы фронт». Акцыі ў падтрымку «вязьняў Балотнай» праходзяць кожнае шостае чысло месяца.
6 траўня 2012 года на Балотнай плошчы ў Маскве прайшла акцыя пратэсту, перарослая, на думку ўладаў, у масавыя беспарадкі. Тыя падзеі сталі прадметам судовага разбору. Зараз у крымінальнай справе больш за трыццаць фігурантаў, 13 зь іх амніставаныя, столькі ж ужо асуджаныя.
Праваабаронцы і назіральнікі лічаць гэтую справу палітычна матываванай і сьцьвярджаюць, што ўлады самі справакавалі сутыкненьні паліцыянтаў з дэманстрантамі. Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў большасьць фігурантаў «Балотнай справы» палітычнымі вязьнямі.