На БТ паказалі ўрывак зь фільму «Жыве Беларусь!»

Кадр са сцэны фільму, у якой паказваецца рэпэтыцыя складаньня прысягі

У праграме «Дыя@блог», якая выйшла ў эфір 3 лістапада, быў паказаны адзін з кульмінацыйных урыўкаў стужкі ў якасьці ілюстрацыі да праблемы ўжываньня беларускай мовы ў войску.

У паказаным урыўку адзін з маладых салдатаў насуперак камандаваньню вырашае прыняць вайсковую прысягу на беларускай мове. Камандзір надыктоўвае тэкст прысягі па-расейску, а салдат усьлед паўтарае па-беларуску, што выклікае канфуз у афіцэра.

Назва фільму «Жыве Беларусь» у эфіры не прагучала. Вядучая Алена Трацэнка зьвярнулася да суразмоўцы з прапановай «паглядзець урывак з мастацкага фільму», не называючы якога менавіта. Пасьля прагляду госьць праграмы, дацэнт катэдры стылістыкі і літаратурнага рэдагаваньня Інстытуту журналістыкі БДУ Пётар Жаўняровіч, камэнтуючы відэа, адзначыў:

«Безумоўна, усе дзяржаўныя дакумэнты павінны быць на абедзьвюх дзяржаўных мовах, і ў кожнага вайскоўца павінна быць магчымасьць прыняць прысягу на роднай мове».

Таксама мовазнаўца прыгадаў, то ў 1920-я гады нават Янка Купала пісаў песьні да беларускіх вайскоўцаў. Чаму мова ў войску ўжываецца рэдка? Жаўняровіч адзначае, што мала распрацаваная вайсковая тэрміналёгія.

«Паводле дамоваў паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам павінна быць адна мова ў войску, але чаму тады не выбраць, напрыклад, ангельскую», — рытарычна пытаецца мовазнаўца.

Сусцэнарыст фільму «Жыве Беларусь» Францішак Вячорка, на аснове вайсковай службы якога зьняты фільм, задаволены, што фільм трапіў у гэтую перадачу:

«Фільм меў на мэце прыцягнуць увагу беларусаў да праблемаў беларускай мовы, свабоды і незалежнасьці. У фільме паказаныя факты моўнай дыскрымінацыі. Вельмі добра, што стужка трапіла на дзяржаўнае тэлебачаньне. Магчыма, цяпер многія задумаюцца і вырашаць, што варта нешта зьмяніць».

Фільм «Жыве Беларусь!» ня быў дапушчаны да паказу ў Беларусі, у кінатэатрах і на кінафэстывалях у Беларусі не дэманстраваўся, а дзяржаўныя мэдыі яго існаваньне праігнаравалі. Сам Францішак Вячорка лічыць, што зьяўленьне стужкі ў эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня ня можа сьведчыць пра нейкую лібэралізацыю:

«Лібэралізацыі тут ніякай няма. Трэба глядзець на рэальныя справы ўладаў. Вунь Танкачову, якая на справе займалася правамі прызыўнікоў, у тым ліку моўнымі правамі, дэпартуюць».

«Жыве Беларусь!» дэманстраваўся ў кінатэатрах і на фэстывалях больш чым 25 краінаў сьвету, і атрымаў 8 перамог на міжнародных кінафэстывалях.

Мапа краінаў, дзе паказвалі «Жыве Беларусь!»:

http://a.tiles.mapbox.com/v3/franak.gj601b34.html?secure

Фільм паказвалі на кінафэстывалях у Канах, Бэрліне, польскім Цешыне (Польшча), Леўвардэне (Нідэрлянды), Кіеве (Украіна), Быдгашчы (Польшча),Торуні (Польшча), Сэтубале (Партугалія), Чыкага (ЗША), Таронта (Канада), Празе (Чэхіі), Вільні (Літва), Насау (Багамы), Гоа (Індыя) і інш. Фільм уганараваны гран-пры на кінафэстывалях у Вене (Аўстрыя), Варшаве (Польшча), Стамбуле (Турэччына), прызам глядацкіх сымпатыяў — у Гдыні (Польшча), за найлепшы сцэнар — у Брусэлі (Бэльгія), за найлепшую музыку — у Трускаўцы (Украіна).

Фільм (афіцыйны год выданьне 2013) апавядае пра сучасную Беларусь. Маладога рок-музыку Мірона Захарку забіраюць у войска, а гурт трапляе ў чорныя сьпісы. У войску ён пачынае весьці дзёньнік у інтэрнэце, дзе апісвае дзедаўшчыну і ўмовы службы. Дзёньнік перарастае ў адкрытае супрацьстаяньне з рэжымам. Фільм здымаўся ў лістападзе-сьнежні 2011 году ў Польшчы. Аднак Амбасада Беларусі ў Польшчы рэзка асудзіла фільм і заклікала не паказваць у кінатэатрах. Музыку да фільму напісаў Лявон Вольскі. Актору Анатолю Кату за ўдзел у фільму скасавалі кантракт на дзяржаўнай кінастудыі «Беларусьфільм».