Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды рашэньне беларускіх уладаў аб высылцы праваабаронцы Алены Танкачовай на тры гады зь Беларусі бяз права вяртаньня.
«Адназначна, яны расчышчаюць грамадзкае поле перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Бо гэтае рашэньне мае палітычны падтэкст. Калі ў выпадку са мной мяне пасадзілі, то яе проста выкінулі з краіны на тры гады. А я адседзеў тры гады. Вось гэтыя пакараньні можна нават у нечым параўнаць. Улады проста распраўляюцца любымі спосабамі з праваабаронцамі. Пайшла падрыхтоўка да выбараў. Ім не патрэбны аналіз сытуацыі, аналіз сытуацыі са сродкамі масавай інфармацыі, не патрэбныя актыўныя грамадзкія арганізацыі, найперш праваабарончыя».
Карэспандэнт: «Тут нават ня варта разважаць пра нейкую адэкватнасьць тых парушэньняў і пакараньня?»
Бяляцкі: «Не, бо гэта палітычная замова, гэта было відавочна ад самага пачатку, як толькі ўзьнікла гэтая праблема. Яны мелі магчымасьць зараз зьмяніць сваё рашэньне, але яны гэтага не зрабілі. Гэта яшчэ больш падкрэсьлівае, што гэта была палітычная замова. Такі пэўны плян».
Карэспандэнт: «Няўжо ўладам усё роўна, як будуць рэагаваць на гэта эўрапейскія міжнародныя структуры?»
Бяляцкі: «Свая скура бліжэй да цела. Гэта заўсёды выбары паказвалі, што сытуацыя з выбарамі пераважае ўсе іншыя палітычныя рызыкі».
4 жніўня 2011 году Алесь Бяляцкі быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (утойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры, артыкул 243, частка 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). 24 кастрычніка 2011 году быў асуджаны на 4,5 года ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за «ўтойваньне прыбыткаў у буйным памеры». Праваабаронца сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Бяляцкі быў вызвалены паводле амністыі 21 чэрвеня 2014 году.