«Літаратура захоўвае ядро нашай тоеснасьці»

Краявід Лэмкаўшчыны

Алена Дуць-Файфэр (Olena Duć-Fajfer) — навуковая супрацоўніца Ягелёнскага ўнівэрсытэту і Пэдагагічнага ўнівэрсытэту ў Кракаве. У Пэдагагічным унівэрсытэце арганізавала спэцыяльнасьць па вывучэньні лэмкаўскай мовы і культуры. Актыўная дзяячка грамадзка-культурнага руху лэмкаў — этнічнай меншасьці ў Польшчы, якая паводле перапісу 2011 году налічвае 10,5 тысячаў чалавек. Аўтарка кніг «Лэмкаўская літаратура ў другой палове ХІХ і на пачатку ХХ стагодзьдзя» ды «Паміж буквай і літарай. Сучасная літаратура беларускай, украінскай і лэмкаўскай меншасьцяў у Польшчы» (2012).

ЛЭМКІ І ЎКРАІНЦЫ

Ян Максімюк: У Польшчы, як здаецца, існуюць дзьве галоўныя лэмкаўскія арганізацыі, якія розьняцца адна ад адной поглядамі на этнічную сытуацыю лэмкаў. Таварыства лэмкаў разьвівае лэмкаўскую тоеснасьць як незалежную ад украінскай, а Аб’яднаньне лэмкаў лічыць, што лэмкі — этнаграфічна адметная частка ўкраінскай нацыі. Растлумачце мне, мала дасьведчанаму ў тэме, як гэтая асноўная ідэалягічная розьніца ўплывае на падыход абедзьвюх арганізацый да захаваньня культурнай і моўнай ідэнтычнасьці лэмкаў?

Алена Дуць-Файфэр

Алена Дуць-Файфэр: Гэты падзел, зьведзены вамі да дзьвюх арганізацый — вельмі спрошчаны. Сытуацыя сярод лэмкаў цяпер нашмат больш складаная, таму што асяродзьдзе праходзіць эвалюцыю. Паводле апошняга перапісу ў Польшчы 2011 году, калі можна было дэкляраваць падвойную тоеснасьць, усяго 260 чалавек падало ўкраінскую нацыянальнасьць як другую, побач зь першай лэмкаўскай. А лэмкамі тады назвалі сябе каля 10 тысяч чалавек. Насамрэч тыя 260 чалавек — яны і ёсьць актывісты Аб’яднаньня лэмкаў, якія пашыраюць прапаганду пра нібыта такі падзел сярод лэмкаў.

Гэта гістарычная справа. У ХІХ стагодзьдзі, калі такая шырокая мітычна-рэлігійна-моўная — але яшчэ не нацыянальная — катэгорыя пад назвай «Русь» пачала распадацца на паасобныя нацыянальныя, сучасныя накірункі, Лэмкаўшчына засталася пры кансэрватыўнай, архаічнай мадэлі «агульнарускасьці» або «старарускасьці». Тады якраз і пачалося змаганьне паміж уласна лэмкаўскай інтэлігенцыяй і ўкраінскай інтэлігенцыяй, якая стала ўключаць Закарпацкую Русь і Лэмкаўшчыну ў «саборную» Ўкраіну. Гэтае змаганьне яшчэ ўзмацнілася ў міжваенным пэрыядзе ў ХХ стагодзьдзі. А пасьля Другой сусьветнай вайны, у Народнай Польшчы, улады прызналі сем нацыянальных меншасьцяў, у тым ліку ўкраінскую, а лэмкаўскую — не прызналі. Нас прыпісалі да ўкраінскай тоеснасьці. І з таго пайшоў стэрэатып, што лэмкі падзяляюцца на такіх і на гэткіх. У нас, я падкрэсьліваю, існуюць рэальныя доказы, што ўкраінцы, якія выводзяцца з лэмкаўскіх каранёў — гэта невялікая групка 260 чалавек на 10 тысяч лэмкаў.

Мапа этнічнай тэрыторыі лэмкаў і русінаў

Максімюк: А ці былі людзі ў 2011 годзе, якія падавалі ўкраінскую нацыянальнасьць на першым месцы, а лэмкаўскую на другім? І куды такіх людзей залічвалі?

Дуць-Файфэр: Пытаньне, як лічыць меншасьці ў Польшчы, вырашалася на ўзроўні ўрадавай камісіі па нацыянальных і этнічных меншасьцях. Калі чалавек падаваў дзьве нацыянальнасьці і адна зь іх была польскай — то яго залічвалі да меншасьці. А калі чалавек дэкляраваў дзьве няпольскія нацыянальнасьці, то яго залічвалі да той меншасьці, якую ён падаваў як першую. Тых, хто падаў украінскую нацыянальнасьць як першую і лэмкаўскую як другую, было 860 чалавек — іх, зразумела, залічылі да ўкраінцаў.

Карацей, у 2011 годзе было ўсяго каля тысячы чалавек, якія прыпісалі сабе ўкраінскую і лэмкаўскую тоеснасьць адначасова. Вось так насамрэч выглядае праблема, якую вы назвалі «ідэалягічнай розьніцай» паміж лэмкамі.

Максімюк: Тыя дзеячы, якія лічаць лэмкаў часткай украінскай нацыі, разьвіваюць лэмкаўскую ідэнтычнасьць на сваёй мове ці на ўкраінскай?

Дуць-Файфэр: Я сказала б, што там назіраецца пэўная шызафрэнія. З ідэалягічнага гледзішча — лэмкаўская мова лічыцца гэтымі дзеячамі ўсяго дыялектам ці гаворкай украінскай мовы. Пасьля вайны ўкраінскі тыднёвік у Польшчы, «Наша Слова», меў «Лэмкаўскую старонку». Яе адваявалі, як адчуваю, тыя з лэмкаў, якія не да канца лічылі сябе ўкраінцамі і такім чынам пастанавілі бараніць сваю мову, нават пад выглядам украінскага дыялекту.

Пасьля 1989 году, калі ўзьніклі, як вы кажаце, дзьве галоўныя лэмкаўскія арганізацыі, праўкраінскае Аб’яднаньне лэмкаў стала выдаваць часопіс «Ватра», у якім артыкулы пішуцца на ўкраінскай і на лэмкаўскай мовах, хоць лэмкаўская мова выступае там на правах дыялекту, у якім няма ясна акрэсьленых правапісных правілаў.

АСОБНАЯ МОВА

Максімюк: А што сёньня ўяўляе сабою лэмкаўская мова? Ці існуе адзін кадыфікаваны варыянт пісьмовай мовы, які ўжываецца ўсімі лэмкамі або большасьцю зь іх?

Першы лэмкаўскі часопіс «Лэмко» (1911-1914)

Дуць-Файфэр: Мова кадыфікуецца праз практыку. У нас гэтая практыка пачалася ў 1912 годзе, калі стаў выходзіць часопіс «Лэмко» па-лэмкаўску — на гаворцы, як тады пісалася, «набліжанай да народнай». Калі я цяпер аналізую тыя тэксты, то бачу, што яны абапіраюцца на такія правапісныя правілы, якія мы выкарыстоўваем і сёньня. Ці лэмкаўская мова кадыфікаваная? Мы лічым, іначай чым русіны ў Славаччыне, што кадыфікацыя не абавязкова мае быць чымсьці фармальным, публічна агучаным. Русіны ў Славаччыне публічна заявілі пра кадыфікацыю сваёй мовы. На маю думку, кадыфікацыя адбываецца тады, калі мова ў нейкай стандартызаванай форме прысутнічае ў школах ды мае сваю граматыку і слоўнік — значыць, мае нешта, што агульна называецца «арміяй» ў вядомай показцы пра розьніцу паміж мовай і дыялектам. Гэткую армію лэмкаўская мова часткова сабе падрыхтавала. Мы цяпер прыступаем да складаньня вялікага кантэкстуальнага слоўніка лэмкаўскай мовы, і нядаўна якраз разважалі аб тым, як правесьці моўныя зьмены, каб ліквідаваць некаторыя непасьлядоўнасьці ці, лепш сказаць, зрабіць пэўную карэктуру ў сыстэмных непасьлядоўнасьцях у нашай пісьмовай практыцы.

Максімюк: Але калі вучыць лэмкаўскай мове дзяцей у школе, дык усё ж мусіць быў нейкі стандарт, на які вы рэкамэндуеце арыентавацца настаўнікам, праўда?

Дуць-Файфэр: Ёсьць граматыка лэмкаўскай мовы, выдадзеная ў 2000 годзе. Яна зьяўляецца той асновай, на якую мы спасылаемся.

Максімюк: Вы згадалі пра славацкі варыянт русінскай мовы. Наколькі ваша мова адрозьніваецца ад гэтага русінскага стандарту, які кадыфікавалі ў Славаччыне? Ёсьць нейкія шанцы, што гэтыя два моўныя стандарты могуць быць у будучыні зьведзеныя да аднаго? Ды ці наогул існуе патрэба такой уніфікацыі?

Нацыянальны строй лэмкаў

Дуць-Файфэр: У размове вялікай розьніцы няма. Але «прэшаўскі варыянт» русінскай мовы [цэнтрам культурнага жыцьця славацкіх русінаў зьяўляецца горад Прэшаў — РС] адышоў даволі далёка ад той мадэлі, якая нам найбліжэйшая, гэта значыць, ад лэмкаўскай дыялектычнай мадэлі. Яны ўзялі за аснову медзілаборацкі дыялектычны арэал [Медзілаборцы — мястэчка ў Славаччыне, адкуль пайшоў род найслаўнейшага русіна на сьвеце — Эндзі Ўорхала — РС]. Асабліва гэтак званая другая кадыфікацыя аддаліла нашы моўныя стандарты; яна ўвяла новыя графэмы і формы, якія ствараюцца, на маю думку, даволі штучным шляхам. Не мая справа крытыкаваць гэтую кадыфікацыю, але гэты другі варыянт яшчэ больш аддаліў нашы моўныя стандарты адзін ад аднаго.

Што тычыцца вашага другога пытаньня, то я лічу, што няма шанцаў на тое, каб узьнік адзін моўны стандарт русінскай мовы. Таму што мы акружаныя іншымі дамінуючымі мовамі, іншымі моўнымі ўзорамі і мадэлямі. І мы грунтуем свой кадыфікаваны варыянт у іншым дыялектычным рэгіёне. Наша моўная норма абапіраецца на заходнелэмкаўскіх гаворках, а яны абапіраюць сваю норму на ўсходніх русінскіх гаворках Славаччыны.

Мроя пра агульную мову ці агульны моўны стандарт зьвязаная з палітычнымі структурамі, якія такой аднароднасьці патрабуюць. Мы знаходзімся ў розных палітычных структурах, і таму няма ні патрэбы, ні шанцаў дасягнуць такой уніфікацыі.

НАСТАЎНІКІ РОДНАЙ МОВЫ

Максімюк: Скажыце, як выглядае навучаньне лэмкаўскай мовы. Дзе ў Польшчы можна гэтай мове навучыцца?

Лэмкаўскі лемантар

Дуць-Файфэр: Калі не памыляюся, паводле фармальнай статыстыкі ў нас 35 ці 36 школаў з навучаньнем лэмкаўскай мовы ў рэгіёнах, куды доля закінула лэмкаў. Найбольш такіх школаў на Лэмкаўшчыне, на нашай этнічнай тэрыторыі. Нас там невялікі адсотак ад агульнага насельніцтва, але там мацнейшая лэмкаўская сьвядомасьць, бо яна зьвязаная з роднай зямлёй. Я лічу, што там якраз найменшы ўзровень асыміляцыі лэмкаў. Навучаньне вядзецца і «на чужыне», гэта значыць, у тых рэгіёнах, куды лэмкаў перасялілі больш за 60 гадоў таму [у рамках гэтак званай акцыі «Вісла» ў 1947 г. — РС]. Колькасна там вучняў нават болей, чым на Лэмкаўшчыне, але там нацыянальная сьвядомасьць лэмкаў значна слабейшая. Гэткага выніку, дарэчы, улады і чакалі ад перасяленьня.

З навучаньнем лэмкаўскай мовы ёсьць вялікія праблемы з увагі на недахоп кваліфікаваных настаўнікаў. Праўда, мы маем лэмкаўскую спэцыялізацыю ў Пэдагагічным унівэрсытэце ў Кракаве, але матывацыя лэмкаў, каб там навучацца, недастатковая. У мясцовасьцях, дзе вядзецца навучаньне лэмкаўскай мовы, кваліфікаваны настаўнік лэмкаўскай мовы наогул прайграе са сьвятаром, які атрымае ці ўжо атрымаў настаўніцкую пасаду, дзякуючы знаёмству зь мясцовай уладай. Гэта сапраўды вялікія праблемы.

Максімюк: А чаго можна навучыцца на спэцыялізацыі «лэмкаўская мова» ў вашым унівэрсытэце?

Дуць-Файфэр: Згодна з маёй пачатковай задумай і ў практычным пляне мы рыхтуем спэцыялістаў у прасторы лэмкаўскай культуры наогул. Асноўны высілак скіраваны на тое, каб падрыхтаваць настаўніка лэмкаўскай мовы, але пры нагодзе мы рыхтуем і журналістаў, і спэцыялістаў па лэмкаўскай культуры і літаратуры, то бок, спэцыялістаў лэмказнаўства.

ШТО І ДЗЕ МОЖНА ПАЧЫТАЦЬ?

Максімюк: Што ўяўляе сабою сучасная лэмкаўская літаратура ў Польшчы? Вы самі пішаце вершы на лэмкаўскай мове...

Лэмкаўская граматыка

Дуць-Файфэр: Ёсьць група паэтаў, якія пішуць пераважна лірычную паэзію — гэты жанр дамінуе ў нашай літаратуры. У лірыцы суіснуюць, можна сказаць, тры накірункі — накірунак аўтапрэзэнтацыі (Пятро Муранка, Уладыслаў Грабан, Паўло Стэфаноўскі, Стафанія Траханоўская і я); крыху пазьней зьявіліся маладзейшыя, можна сказаць, постмадэрністычныя паэты; а ў дадзены момант у лэмкаўскім пісьменстве дамінуе дакумэнтальная літаратура, літаратура факту. Штораз больш аўтараў хоча замацаваць памяць пра мінулае — я называю гэта «этычным актам у месцах пазбаўленых памяці» — каб апісаць і дакумэнтаваць тое, што некалі адбывалася на Лэмкаўшчыне.

Максімюк: Дзе публікуюць аўтары, якія пішуць па-лэмкаўску?

Дуць-Файфэр: У гэтых адносінах цяпер ёсьць розныя магчымасьці. Часткова ўсё адбываецца ў замкнутым выдавецкім коле, але не да канца. Можна публікавацца ў лэмкаўскіх часопісах, у якіх існуюць літаратурныя рубрыкі — і ў часопісе «Бесіда», і ў «Гадавіку Рускай Бурсы», які выдаю я і публікую там галоўным чынам маладых, сваіх студэнтаў, якіх я нейкім чынам заахвоціла і інсьпіравала да пісаньня. У выпадку прызнаных аўтараў, калі ў іх назьбіралася вершаў на цэлы зборнік, мы, як лэмкаўскія арганізацыі, можам выступаць з просьбай аб фінансаваньне выданьня дзяржавай. Што тычыцца публікацыі ўспамінаў, дык робіцца гэта або лэмкаўскімі арганізацыямі, або іншымі асобамі, якія займаюцца такой выдавецкай дзейнасьцю.

Мы таксама маем намер стварыць уласнае, прафэсійнае выдавецтва — гэта нялёгкая справа, але патрэба ў ім ёсьць.

ДАКУЛЬ ЖЫВЕ МОВА?

Максімюк: Як вы асабіста вызначаеце мяжу паміж жывой і мёртвай мовай этнічнай або нацыянальнай меншасьці? Што такое жывая мова для вас: гэта такая, на якой яшчэ нейкая сотня чалавек можа гаварыць у сям’і, ці такая, на якой усё яшчэ магчыма ствараць культуру, асобную ад культуры большасьці?

Дуць-Файфэр: Я ніколі ня зьвязвала гэтага пытаньня з чыстай статыстыкай. Бывае, што часам пяць чалавек — больш жывыя і дынамічныя, чым сотня. Я больш схіляюся да гэтага другога вызначэньня жывучасьці мовы. Жывая мова — гэта такая, якая яшчэ мае сілу адаптаваць у сваёй сыстэме ўсе новыя формы, якія нясе жыцьцё, гэта значыць, калі яна яшчэ мае магчымасьць ператварацца згодна са сваёй мадэльлю, бязь зьмены свайго сыстэмнага ядра. Кожная мова мае сваю спэцыфічную сыстэму, і калі мова яшчэ здатная гэтую сыстэму адаптаваць згодна са сваімі прынцыпамі, без перайманьня чужых структураў, то яна ўсё яшчэ жыве. Жывая мова захоўвае такі мэханізм самарэгуляцыі, які не дазваляе ёй адпрэчыць сваю ўласную мадэль.

Максімюк: Я калісьці размаўляў на падобную тэму з адным беларускім мовазнаўцам, і ён мне сказаў, што ў кожнай мове, якая жыве і разьвіваецца, існуе нешта, што завецца цэнтрам інавацыі або аднаўленьня мовы, то бок, існуе фізычна такое моўнае асяродзьдзе, якое займаецца якраз самарэгуляцыяй і адаптацыяй новаўвядзеньняў, пра якія вы тут казалі. Чаму мне гэта прыгадалася? Таму, мабыць, што ў лэмкаў даволі цяжкая моўная сытуацыя, з прычыны іх выкараненьня і высяленьня з роднай зямлі. Цэнтр інавацыі лэмкаўскай мовы, калі ён існуе, месьціцца, мабыць, ужо не ў канкрэтнай лэмкаўскай вёсцы, а, хутчэй, у вашым унівэрсытэце ў Кракаве? Як вы думаеце?

Дуць-Файфэр: Гэты цэнтр павінен быць спалучэньнем і аднаго, і другога. Кожная пераселеная група, якая страціла сваю натуральную аснову, мусіць нанава збудаваць свой «пераасэнсаваны міт». Калі не збудуе такога новага міту, то ёй застаюцца толькі ўспаміны.

Мне падаецца, што дзякуючы літаратуры ды магчымасьці пісаць і тварыць якраз і захоўваецца ядро лэмкаўскай тоеснасьці. Я маю адчуваньне, што культурна-моўнае ядро лэмкаўскай ідэнтычнасьці ўвесь час зьяўляецца дзейным, але, відавочна, тут існуе і вялікая праблема. Чаму? Таму што існуюць ужо статыстычна значныя абшары, дзе лэмкі спалянізаваліся або палянізуюцца і, што больш істотнае, дзе яны лічаць, што тыя палянізаваныя групы маюць такое ж права на фармаваньне лэмкаўскай ідэнтычнасьці, як і тыя, якія ўсё яшчэ захоўваюць згаданае культурна-моўнае лэмкаўскае ядро. З гэтай прычыны ў асяродзьдзі лэмкаў існуе вялікая напружанасьць, вялікая канкурэнцыя.

Алена Дуць-Файфэр са студэнтамі лэмкаўскай філялёгіі

Калісьці лічылася, што ёсьць аўтарытэты, ёсьць нейкая сутнасьць, ёсьць нейкі цэнтр — а цяпер, як кажуць, мы будзем пісаць «штодзённай мовай». Я вельмі цаню штодзённую мову, але яна была жывая і жыцьцяздольная толькі тады, калі яна была ўкаранёная ў родную зямлю. Калі яна адарвалася ад роднай зямлі і фармуецца на аснове калькаваньня польскай мовы, то яна ўжо на 90% спалянізаваная. Таму мусіць існаваць сьвядомы інтэлектуальны цэнтр, які даглядае тое ядро. Можна пагадзіцца, што такі цэнтр існуе ў нашым унівэрсытэце, але з удакладненьнем, што ён мае апору ў зямлі, на Лэмкаўшчыне. Моцна дэструктыўна уплывае на нас тое, што адбываецца на землях «чужыны», дзе ўжо памянялася лэмкаўская сьвядомасьць. Кракаў усё яшчэ застаецца зьвязаным з карэннай, этнічнай Лэмкаўшчынай, з натуральнай лэмкаўскай прасторай, з горамі, з усімі формамі будаваньня лэмкаўскай мэнтальнасьці і культуры. Пагрозай для нас зьяўляецца тая форма ідэнтычнасьці, якая ідзе да нас з «чужыны».

І ПРА БЕЛАРУСАЎ

Максімюк: Вы пісалі сваю габілітацыйную дысэртацыю на тэму сучаснай літаратуры беларускай, украінскай і лэмкаўскай меншасьцяў у Польшчы. Што вы думаеце пра стан беларускай літаратуры на Падляшшы?

Дуць-Файфэр: Прабачце, я тут мушу зрабіць малую папраўку ў вашым пытаньні. Мая праца не параўноўвала і не апісвала гэтых літаратураў, мая праца была прысьвечаная фармаваньню «дыскурсу меншасьцяў» — я пісала пра тое, як меншасьці гавораць і выбудоўваюць свой дыскурс паміж сабою і ў адносінах да большасьці, а не пра тое, пра што яны гавораць ці пішуць.

Калі казаць пра маю ацэнку беларускай літаратуры ў Польшчы, то я вам скажу тое, што гаварыла на занятках студэнтам польскай філялёгіі ў Ягелёнскім унівэрсытэце. У тых ацэнках я заўсёды прадстаўляла беларускую літаратуру як найлепш разьвітую літаратуру меншасьці ў Польшчы ў пасьляваенны пэрыяд. Як літаратуру, у якой існуюць або існавалі выдатныя аўтары — такія як Сакрат Яновіч, Ян Чыквін, Надзея Артымовіч — і ў якой існуюць унутраныя формы літаратурнага жыцьця, уключна зь літаратурнай крытыкай. І ў гэтай літаратуры ёсьць свая адметная спэцыфіка.

Дарэчы, калі гаварыць пра кніжку пра літаратуры нацыянальных меншасьцяў у Польшчы, то гэтае заданьне ўсё яшчэ перада мною.