У магілёўскай ратушы 4 лістапада прадставілі грамадзкасьці рыцарскія дасьпехі адшуканыя сёлета ў Мсьціславе на рацэ Віхра. Паводле доктара гістарычных навук Ігара Марзалюка, артэфактам больш за 500 гадоў.
Рыцар у гэтых дасьпехах загінуў 4 лістапада 1502 году ў бітве войскаў Вялікага Княства Літоўскага з войскамі Вялікага Княства Маскоўскага, якому дапамагалі аддзелы Крымскай арды. Ваяр быў у ліцьвінскім войску.
«Гэта быў бедны рыцар, узброены за кошт Мсьціслаўскага замка. Два пакаленьні хлопцаў насілі гэты дасьпех. Гэта, безумоўна, эўрапейская рэч, але бачна, як беларускі каваль падкоўваў кальчугу і перарабляў яе. Захаваліся рэшткі камзолу. Ёсьць дзьве шпоры. Ёсьць панцыр, ёсьць шлем. Другога такога набору дасьпехаў няма ні ў адным беларускім музэі. Панцыру такога кшталту ўва ўсім сьвеце не больш дзесятка. Гэта, сьмела можна сьцьвярджаць, адна са знаходак стагодзьдзя», — казаў на прэзэнтацыі Ігар Марзалюк.
Гісторык адзначыў, што акрамя прэзэнтаваных дасьпехаў у Віхры адшукалі дзіды, сякеры і меч. Меч, паводле дасьледчыка, чорныя капацелі пасьпелі прадаць у Маскву. Дасьпехі ж вымагалі вялікіх сродкаў на працу па рэстаўрацыі і кансэрвацыі, таму іх кінулі. У Віхры, распавёў на вечарыне Ігар Марзалюк, археолягам удалося знайсьці рэдкі шлем і шмат іншых артэфактаў рыцарскага ўзбраеньня.
Паводле гісторыка, Віхра не аддала яшчэ ўсіх таямніцаў. Знойдзеныя артэфакты ня першыя. Рыцарскае ўзбраеньне ў рэчцы адшукваюць ад 19-га стагодзьдзя.
«Адзін з самых шыкоўных шлемаў быў выцягнуты звычайнай сеткай, для лоўлі рыбы яшчэ ў 19 стагодзьдзі. Ён цяпер зьяўляецца аздобай гістарычнага музэю ў Маскве. Шлем той пазалочаны. У 1990 гады браканьеры выцягнулі шалом-салат, падобны да нашага, але крыху іншы. Некалькі шлемаў вы можаце цяпер пабачыць у экспазыцыі мсьціслаўскага музэю. Паводле маіх агентурных зьвестак, яшчэ сем шлемаў прададзеныя ў Маскву і Смаленск.»
Мсьціслаўскае поле на раце Віхра патрабуе шматгадовых плянамерных досьледаў. Паводле Ігара Марзалюка, афармляюцца дакумэнты, каб зрабіць Віхру помнікам археалёгіі міжнароднага значэньня. Гэтае месца вымагае людзкай аховы, казаў гісторык.
Пабачыць рыцарскае ўзбраеньне ў канфэрэнц-залю ратушы прыйшло многа людзей, у асноўным моладзь.
Знойдзеныя ў Віхры рыцарскія дасьпехі будуць экспанавацца ў музэі гісторыі Магілёва. Пры неабходнасьці, падчас важных культурных мерапрыемстваў, іх будуць вывозіць у Мсьціслаў.