Урочышча Кабыляцкая гара — другое пасьля менскіх Курапатаў афіцыйна прызнанае месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Ушанаваньне памяці загінулых і добраўпарадкаваньне гэтых мясьцінаў стала клопатам аршанскіх актывістаў.
Штогод на Дзяды яны робяць парадак вакол самаробнага мэмарыялу, праводзяць жалобныя мерапрыемствы. На іх зьбіраюцца й тыя, чыіх сваякоў расстралялі ў гэтым урочышчы — дзеляцца ўспамінамі, прыносяць кветкі.
На пачатку 1990-х гадоў падчас будаўніцтва чыгункі тут знайшлі чалавечыя парэшткі, і экспэртыза прызнала, што ў гэтых мясьцінах праводзіліся масавыя расстрэлы мірных жыхароў. Дакладнай колькасьці забітых тут людзей ня ведае ніхто, ацэнкі розьняцца — ад 300 да 5000 чалавек. У памяць гэтай трагедыі 30 год таму тут быў усталяваны помнік — камень з мэмарыяльнай шыльдай. Шыльду некалькі разоў кралі невядомыя вандалы.
Афіцыйны помнік спакваля ператварыўся ў самаробны мэмарыял: улады на яго забыліся, а мясцовыя жыхары — не. Цяпер пра трагічныя падзеі на Кабыляцкай гары нагадваюць валун, два драўляныя крыжы — каталіцкі і праваслаўны, і некалькі мэмарыяльных шыльдаў, усталяваных з чыёйсьці прыватнай ініцыятывы. На шыльдах — імёны расстраляных, бо дакладна не вядома, дзе ў гэтым лесе чыя магіла: урочышча Кабыляцкая гара — гэта суцэльнае масавае пахаваньне ахвяраў сталінізму.