Партыя няіснай дзяржавы правяла зьезд у Менску пад лёзунгам «За новы саюз брацкіх народаў»

У Менску сабраліся кіраўнікі камуністычных арганізацыяў краінаў былога СССР. У залі гучаў гімн Савецкага Саюзу, на сцэну былі ўнесеныя тры сьцягі: сьцяг Перамогі, сьцяг КПСС і дзяржаўны сьцяг РБ.

1 лістапада ў Менску адбываецца так званы XXXV зьезд Саюзу камуністычных партыяў — Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу (СКП-КПСС). Ён праводзіцца ў новым будынку музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Сярод удзельнікаў партыйнага форуму — старшыня КПРФ Генадзь Зюганаў, які яшчэ 31 кастрычніка прыляцеў у сталіцу Беларусі, кіраўнік кампартыі Малдовы Ўладзімер Варонін. Дэлегацыю Беларусі ачоліў першы сакратар ЦК КПБ, намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Ігар Карпенка.

Сярод удзельнікаў можна было пабачыць былых мастадонтаў партыйнай працы, першых сакратароў камуністычнай партыі Беларусі Мікалая Сьлюнькова і Яфрэм Сакалоў.

Зьнешне Зьезд нагадваў партыйныя форумы, якія былі ў савецкія часы, але зь іншым размахам. Напачатку Зюганаў сказаў, што на зьезд вылучана 119 дэлегатаў. Калі параўноўваць з апошнім партыйным XXVIII зьездам КПСС, то там удзельнічалі 4,5 тысячы.

Усе далейшыя атрыбуты нагадвалі ранейшыя камуністычныя партыйныя форумы. Над сцэнай — адзіны лёзунг: «Новы саюз брацкіх народаў». Гучаў гімн СССР. У залю ўнесьлі тры сьцягі: сьцяг перамогі, сьцяг КПСС і дзяржаўны сьцяг РБ. Лідэр беларускіх камуністаў Ігар Карпенка зачытаў вітаньне ад Аляксандра Лукашэнкі.

«Сёньня вашыя партыі па-ранейшаму адстойваюць ідэю сацыялістычнага разьвіцьця, абараняюць правы і інтарэсы простага чалавека, — адзначыў Лукашэнка. — Упэўнены, што вашыя намаганьні будуць і надалей накіраваныя на барацьбу за справядлівасьць і роўнасьць магчымасьцяў, мірнае жыцьцё, права нацыяў на самавызначэньне».

Генадзь Зюганаў у сваім выступе падкрэсьліў, што ў залі сабраліся «самыя стойкія, чэсныя і мужныя» барацьбіты за сацыялістычныя пераўтварэньні. Паводле лідэра расейскіх камуністаў, у розных краінах былога СССР камуністы знаходзяцца ў розных умовах. У самых лепшых умовах, як мяркуе Зюганаў, знаходзяцца камуністы ў Беларусі, дзе Камуністычная партыя дзейнічае ў цесным кантакце з кіраўніцтвам краіны.

Зюганаў прыгадаў і Ўкраіну. Паводле яго словаў, ва Ўкраіне нарастае фашызм, па выніках апошніх выбараў камуністычная партыя не прайшла ў парлямэнт, а пяць з шасьці партыяў, якія туды трапілі, маюць «карычневае адценьне».

Падчас зьезду ўручаліся ўзнагароды. Першую спэцыяльную ўзнагароду СКП-КПСС уручылі Мікалаю Сьлюнькову, а другая была прызначаная Міколасу Буракевічасу. Яго ў залі не было, і ўзнагароду прыняў Юазас Ермалавічус. Абодва ў Літве лічацца здраднікамі літоўскіх нацыянальных інтарэсаў.

Напрыканцы заплянаваная сустрэча з прэсай, якую чакалі тры дзясяткі журналістаў, фактычна пераўтварылася ў маналёгі камуністычных лідэраў.

Зюганаў у прыватнасьці сказаў, што прыкладам для камуністаў зьяўляецца Камуністычная партыя Кітаю і тое, як яна праводзіць рэформы. Таксама расейскі палітык назваў цяпершанія ўлады ва Ўкраіне фашыстоўскімі і заклікаў усіх камуністаў на прасторы былога СССР аб'яднацца для барацьбы з "фашыстоўскай сворай".

Лідэр беларускіх камуністаў Ігар Карпенка сказаў, што Беларусь ня трапіла ў пучыну прыватызацыі і ўдалося пазьбегнуць расслаеньня насельніцтва.

Уладзімер Варонін расказаў пра тое, як адбываецца падрыхтоўка да выбараў у Малдове.

Лідэра ўкраінскіх камуністаў Пятра Сіманенку запыталіся, што будзе рабіць кампартыя Ўкраіны, якая ўпершыню ня трапіла ў Вярхоўную раду. Сіманенка заявіў, што падчас выбарчай кампаніі прэсу цэнзуравалі, няправільна лічылі галасы. Ён назваў улады ў Кіеве нацыянал-фашыстоўскім рэжымам, які падтрымліваюць алігархі.

СКП-КПСС прадстаўляе сябе як «добраахвотную непалітычную міжнародную грамадзкую фэдэрацыю камуністычных партыяў на постсавецкай прасторы». Папярэдні зьезд праходзіў чатыры гады таму ў Маскве. Чаму цяпер камуністы зьбіраюцца ў Менску? Арганізатары тлумачаць гэта так: «XXXV зьезд СКП-КПСС — юбілейны. А менавіта ў Менску адбыўся першы зьезд РСДРП (Расейскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі). Таму ў гонар юбілею і было вырашана, што зьезд вернецца ў гэты цудоўны горад».

Афіцыйна апошнім зьездам КПСС лічыцца 28 зьезд, які праходзіў у 1990 годзе. Пасьля путчу ГКЧП у 1991 годзе КПСС была зьліквідаваная.