Слонімскае жыльлёва-рамонтнае эксплюатацыйнае аб’яднаньне скарачае пасады 46 вахцёраў у 11 інтэрнатах. Прычыну скарачэньня работнікам не называюць. Спасылаюцца на загад міністэрства, але самога загаду не паказваюць. Работніцы ўсе разам выходзяць з прафсаюзу, які адмовіўся адстойваць іх правы, і зьбіраюцца судзіцца з адміністрацыяй ЖРЭА.
Адміністрацыя Слонімскага ЖРЭА прапанавала вахцёрам 11 інтэрнатаў, якія мае на балянсе, азнаёміцца зь пісьмовым загадам аб скарачэньні пасады вахцёра ў сувязі з скарачэньнем штатаў на прадпрыемстве. Большасьць работніц пачалі патрабаваць, каб ім далі на рукі загад, паводле якога іх скарачаюць, і патлумачылі прычыну.
Вось, што кажа спадарыня Галіна:
«Яны паказваюць нам паперку і кажуць, што гэта загад міністра, але ў рукі не даюць, колькі мы ні прасілі, і ксэракопіі таксама не даюць. Мы многія з гэтым не пагадзіліся і адмовіліся падпісвацца».
Спадарыня Сьвятлана кажа, што прачытала пісьмовае паведамленьне — і ніякай спасылкі на загад міністра там не было, а гаварылася пра скарачэньне штатаў:
«Вось было сказана, што атрымаем трохмесячную грашовую дапамогу, і прапанова працаваць дворнікам, болей нічога нам не прапаноўвалася. Нават ніхто ў нас нічым не пацікавіўся, не сабралі нас, нічога не патлумачылі, каб запытацца, у каго якія праблемы ёсьць...»
Спадарыні кажуць, што большасьць зь іх ня могуць выконваць фізычную працу па стану здароўя. Кажа спадарыня Наталя:
Спадарыня: «У мяне рак скуры, і я не змагу ні дворнікам, ні прыбіральшчыцай працаваць. Я магу працаваць толькі ў памяшканьні пры ўмове, што там ня будзе ні хлёру, ні іншых хімічных рэагентаў. У мяне выйсьця ніякага няма, толькі такая праца, якую я маю цяпер».
Заробак вахцёра, паводле спадарынь, — ня болей за два мільёны ў месяц, але ў ЖРЭА няма нават і такіх сродкаў на заробкі. Цяпер адміністрацыя ЖРЭА прапануе замест вахцёраў паўстаўляць у інтэрнатах мэталёвыя дзьверы з кодавымі замкамі, прычым за кошт тых, хто жыве ў інтэрнаце.
Спадарыня Жанна кажа, што з свайго працоўнага досьведу ведае: мэталёвыя дзьверы жывога вахцёра не заменяць:
«Майдан будзе, сур’ёзна кажу. Будзе хаос, ня будзе парадку, будуць красьці...»
Іншая спадарыня: «Нават калі мы знаходзімся на працы, пагадзіцеся, дзяўчаты, усякага хапае: і акуркі кідаюць, і пляшкі пустыя, і ні на што не рэагуюць. Ёсьць такі кантынгент жыльцоў».
Цікаўлюся ў спадарыняў — ці не лягчэй ім было б знайсьці іншую працу, каб не канфліктаваць з адміністрацыяй ЖРЭА?
Спадарыня: «У нас у Слоніме? Супакойцеся, дзе ў нас тут што знойдзеш? Толькі дворнікам, і больш нічога...»
Іншая спадарыня: «Я шукала. Вартаўнік у дзіцячым садку — мільён 600. Санітаркі — мільён 800 ім нават не выходзіць. У нас заробкі паўсюль мізэрныя».
Ну я вось наагул ня ведаю, што рабіць. У мяне сын студэнт, дачка ў школе, за кватэру крэдыт штомесяц 800 тысяч плацім
Некаторыя спадарыні кажуць, што наагул ня змогуць утрымліваць сем’і.
Спадарыня: «Ну я вось наагул ня ведаю, што рабіць. У мяне сын студэнт, дачка ў школе, за кватэру крэдыт штомесяц 800 тысяч плацім. Адзін муж працуе, і мы ня ведаем, як нам далей жыць...»
Спадарыня Наталя распавядае, што найперш па дапамогу яны зьвярнуліся ў свой прафсаюз, але там ад іх папросту адвярнуліся. Яна кажа, што зараз усе разам выходзяць з гэтага прафсаюзу і адно спадзяваньне толькі — на суд.
Спадарыня: «Вось тут зараз зьбіраем подпісы за выхад усіх нас з прафсаюзу. У нас прафсаюзам кіруе намесьніца дырэктара, і яна ніякім чынам не адстойвае нашы інтарэсы. Мы не атрымлівалі індэксацыі зь ліпеня, не атрымалі грошай на садавіну, як гэта прадугледжана калектыўнай дамовай, два гады таму нам ня выплацілі аднаразовай дапамогі. Ніяк нас прафсаюз не бароніць, а той падарунак мізэрны на Новы год нічога не кампэнсуе...»
Я наведаў адміністрацыю Слонімскага ЖРЭА, але паразмаўляць з кіраўніцтвам не ўдалося. Галоўны інжынэр Мікалай Сапа, пасьля таго як пачуў праз тэлефон, што ў прыёмнай чакае карэспандэнт Свабоды, сказаў сакратарцы, што яго ў бліжэйшы час ня будзе.
Старшыня прафсаюзу аказалася ў ад’езьдзе, а ідэоляг аб’яднаньня Натальля Пулачэнка катэгарычна адмовілася адказваць на мае пытаньні. Сакратарка прапанавала мне задаць пытаньні начальніку аддзелу кадраў, але і тут размовы не атрымалася.
Спадарыня: «Гэта доўга тлумачыць, ёсьць эканамічныя прычыны, і ўсё гэта робіцца згодна з законам. А вы вось так вось прыехалі, а ў мяне ёсьць кіраўнік, у якога я павінна атрымаць дазвол, каб адхіляцца ад спраў у рабочы час і даваць каму б там ні было камэнтары...»
Напасьледак я вырашыў пацікавіцца ў жыхароў інтэрнатаў — як яны ставяцца да таго, што ў хуткім часе замест вахцёраў зьявяцца мэталёвыя дзьверы?
Спадарыня: «Тое, што вахцёры павінны застацца — адназначна. Калі іх ня стане, то тут будзе вельмі цяжка жыць. Ёсьць розныя людзі, і да іх прыходзяць сябры, а потым вахцёры міліцыю выклікаюць. Зразумела, каб у нас тут былі свае кватэры, то людзі б нешта рабілі і тыя самыя дзьверы ставілі, а так...»
Спадарыня: «Не, ніякіх мэталёвых дзьвярэй. Вы разумееце, нават пры мне быў выпадак, калі вахцёрка спраўджвала калідоры — і ў гэты момант крадуць пажарны гідрант. І калі ня будзе вахцёра, то дзьверы не дапамогуць...»
Спадар: «Што камэндант, што яны — тут не патрэбныя. А зараз кажуць, што за іх будзем плаціць па 250 тысяч у месяц...»
Карэспандэнт: «А парадак будзе без вахцёраў?»
Спадар: «А якая розьніца — што з вахцёрам, што безь яго? У нас тут пераважна сямейныя людзі жывуць...»