Валянтэр «Народнага рэфэрэндуму» атрымаў трое сутак арышту

Ілюстратыўнае фота

«Маразм перамог. Судзьдзя Паўлоўская, абапіраючыся на паказаньні сьведкі Зінаіды Казлоўскай, знайшла ў дзеяньнях зьбіральніка подпісаў прыкметы правядзеньня сходу жыхароў інтэрната на адным з паверхаў. Чаго на самой справе не было ні ў рэальнасьці, ні нават у пратаколе. У выніку — 3 сутак адміністратыўнага арышту», — паведаміў у Facebook намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

28 кастрычніка Кошалеў зьбіраў подпісы за «Народны рэфэрэндум» у інтэрнаце аднаго з ПТВ на вуліцы Ваўпшасава ў Менску. Гэта не спадабалася намесьніцы дырэктара па ідэалёгіі гэтай навучальнай установы, якая адабрала ў актывіста падпісныя лісты.

На наступны дзень валянтэр разам з палітыкамі Андрэем Дзьмітрыевым і Юрасём Губарэвічам вырашылі сустрэцца з чыноўніцай, каб патлумачыць законнасьць збору подпісаў і вярнуць падпісныя лісты. Але падчас размовы намесьніца дырэктара ПТВ Казлова зноў выклікала міліцыю, якая затрымала валянтэра і адвезла яго ў РУУС Партызанскага раёну. Там у адносінах да Кошалева быў складзены пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»).