Падчас кінафэстывалю «Бульбамуві» дакумэнталіст Віктар Асьлюк выказаў заклапочанасьць станам беларускага кіно:
«Зь беларускім кіно нешта трэба рабіць. У цэлым працэсе кіно не існуе: ёсьць добрыя заяўкі, тэмы, але няма школы...», — кажа ён. — Я ня веру ў вундэркіндаў, я веру ў прафэсію».
Раней на сустрэчы зь пісьменьнікамі Аляксандар Лукашэнка абураўся, што беларусы так і не напісалі сваю «Вайну і мір».
Радыё Свабода запыталася ў Максіма Жбанкова, чаму беларусы за 24 гады незалежнасьці так і не зьнялі фільмы ўзроўню «Зорных войнаў» ці «Хроснага бацькі»:
«Гэта сапраўды пытаньне бессэнсоўнае, бо беларусы ня мусяць вырабляць «Зорныя вайны» і пісаць «Вайну і мір». Беларусы мусяць пісаць беларускія творы для беларусаў і пра беларусаў, нам няварта шукаць нейкіх зьнешніх узораў, бо маем сваю культуру, маем сваю традыцыю, маем свой падыход і маем сваю гісторыю.
Паводле Жбанкова, беларусы занадта саромеюцца сваёй культурніцкай традыцыі, а яе трэба пашыраць і разьвіваць:
«Насамрэч свае эпічныя моцныя творы мы ўжо маем. Мы маем цудоўную літаратуру, шыкоўную архітэктуру, маем цікавую нефарматную рок-музыку, моцнае мастацтва. У нас ёсьць традыцыі, традыцыі ствараюцца на вачах, трэба іх бачыць, зразумець і, магчыма, пераказаць на мове новага часу».