У інтэрвію БелаПАН кіраўнік амбасады ЗША зазначыў, што Злучаныя Штаты Амэрыкі хацелі б мець канструктыўныя адносіны зь Беларусьсю і вывучаюць магчымасьці пашырэньня ўзаемадзеяньня. Пры гэтым ён падкрэсьліў: «Цэнтральнай тэмай у пытаньні паляпшэньня двухбаковых стасункаў застаецца большая павага да дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі».
Прарываў у адносінах няма
Дыплямат нагадаў, што ў верасьні Менск наведала міжведамасная дэлегацыя ЗША, якая стала самай высокапастаўленай амэрыканскай дэлегацыяй за апошнія пяць гадоў: у яе склад увайшлі прадстаўнікі Міністэрства абароны, Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці і Бюро па пытаньнях правоў чалавека і дэмакратыі Дзярждэпартамэнту.
«Не было нейкіх асаблівых прарываў. Але, тым ня менш, мы вельмі рады, што міжведамасная ўрадавая дэлегацыя змагла прыбыць у Менск і прабыць тут зь візытам тры дні», — падкрэсьліў Скот Роланд.
Адной з мэтаў візыту, па яго словах, было вывучэньне магчымасьцяў па пашырэньні ўзаемадзеяньня з уладамі Беларусі.
«У той жа час дэлегацыя зьвяртала ўвагу на даўнюю заклапочанасьць ЗША адносна неабходнасьці большай павагі да правоў чалавека і захаваньня дэмакратычных нормаў у Беларусі, што застаецца галоўным у пытаньні паляпшэньня двухбаковых адносін. Яны таксама заклікалі да вызваленьня палітвязьняў», — адзначыў кіраўнік дыпмісіі.
Пра санкцыі
Гаворачы пра магчымасьць адмены візавых і эканамічных санкцыяў ЗША, якія дзейнічаюць у дачыненьні да афіцыйнага Менску, Роланд адзначыў: «ЗША заўсёды выразна выказвалі сваю пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі. Яны працягваюць заклікаць да вызваленьня ўсіх палітвязьняў і аднаўленьня іх у грамадзянскіх і палітычных правах. Санкцыі былі ўведзеныя ў адказ на парушэньні базавых свабодаў і наяўнасьць палітзьняволеных».
Пры гэтым дыплямат нагадаў, што ў 2008 годзе, калі ў Беларусі былі вызваленыя некаторыя палітвязьні, улады ЗША перагледзелі санкцыі.
Пра беларускі ўран
Злучаныя Штаты Амэрыкі спадзяюцца, што Беларусь будзе прытрымлівацца заяўленай ёю мэты пазбавіцца ад усіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану, заявіў павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.
У 2010 годзе Беларусь і ЗША дамовіліся аб супрацоўніцтве па ліквідацыі беларускіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану. Аднак у 2011 годзе, пасьля разгону апазыцыйнай дэманстрацыі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў і ўзмацненьня жорсткасьці санкцыяў з боку ЗША, Менск заявіў, што прыпыняе супрацоўніцтва ў гэтай сфэры.
«У жніўні 2011 году Беларусь прыпыніла свой удзел у праграме, якая была распрацаваная і прафінансаваная Міністэрствам энэргетыкі ЗША, — адзначыў Скот Роланд. — Праграма мела сваёй мэтай замену высокаўзбагачанага ўрану на нізкаўзбагачаны для вядзеньня розных навуковых прац. Гэта, дарэчы, было б больш бясьпечна і танна. Акрамя таго, гэта б адпавядала ўсім нормам МАГАТЭ».
У той жа час, дадаў дыплямат, ЗША і Беларусь працягваюць супрацоўнічаць у галіне нераспаўсюджваньня ядзерных матэрыялаў, у прыватнасьці ў пытаньні прадухіленьня незаконнага транзыту расшчапляльных ядзерных матэрыялаў. «Мы таксама спадзяёмся, што Беларусь зьбіраецца прытрымлівацца заяўленай ёю мэты пазбавіцца ад усіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану», — падкрэсьліў кіраўнік амэрыканскай дыпмісіі ў Менску.
Пра ўклад Беларусі ў працэс вырашэньня крызісу ва Ўкраіне
Злучаныя Штаты Амерыкі цэняць уклад Беларусі ў працэс вырашэньня крызісу ў Украіне, у тым ліку той факт, што Мінск выступіў як прымаючы бок для сустрэч трохбаковай кантактнай групы і правядзеньня мірных перамоваў, заявіў Скот Роланд.
Ён падкрэсьліў, што ЗША выступаюць у падтрымку мірнага вырашэньня канфлікту, якое б забясьпечыла сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў рамках яе міжнародна прызнаных межаў. «І мы цэнім і вітаем намаганьні Беларусі, якія накіраваныя на рэалізацыю гэтых мэтаў і выяўляюцца ў тым, што яна альбо прымае ў сябе сустрэчы, альбо ўдзельнічае ў іх», — падкрэсьліў кіраўнік амэрыканскай дыпмісіі.
Пра амэрыканскія візы
Амбасада ЗША пашырыла колькасьць катэгорыяў грамадзян, якія могуць зьвяртацца па амэрыканскія візы ў Менску, паведаміў павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.
Паводле ягоных слоў, гэта сталася магчымым дзякуючы таму, што зь ліпеня ў дыпмісіі пачаў працаваць шосты амэрыканскі супрацоўнік, які цалкам займаецца консульскімі пытаньнямі.
З 2008 году, пасьля таго як ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім» у сувязі з парушэньнямі беларускімі ўладамі правоў чалавека, беларускі амбасадар быў адкліканы з Вашынгтону. Амбасада ЗША ў Беларусі была вымушана скараціць свой штат з 35 да пяці чалавек і адклікаць зь Менску амбасадара.
Як адзначыў Роланд, да зьяўленьня консула — шостага супрацоўніка ў пасольстве ў Беларусі — практычна ўсе беларускія грамадзяне вымушаныя былі зьвяртацца па амэрыканскія візы ў амбасады ЗША ў іншых краінах. У Менску візы выдаваліся толькі тром катэгорыям грамадзян. «Першая катэгорыя — гэта асобы, старэйшыя за 70 гадоў, бо мы палічылі, што гэта тая група, якой цяжка выяжджаць некуды, каб падаць заяўку на візу. Другая — людзі, у якіх былі надзвычайныя абставіны, і часьцяком з мэдыцынскіх прычын. Гэта таксама тая група, якой магло быць складана выяжджаць некуды, каб зьвярнуцца па візу. І трэцяя — беларускія афіцыйныя асобы пры ўмове наведваньня ЗША з афіцыйнай мэтай», — растлумачыў кіраўнік дыпмісіі.
Зь ліпеня гэтага году, апроч трох названых катэгорыяў, па візы ў Менску могуць зьвяртацца студэнты і ўдзельнікі праграмаў абмену.
«Да нас цяпер могуць зьвяртацца па працягненьне або аднаўленьне візы тыя, у каго раней была амэрыканская працоўная віза. Але тыя, хто зьвяртаецца па працоўную візу першы раз, або тыя, хто зьмяніў свайго працадаўцу ў ЗША, павінны будуць зьвяртацца ў іншыя амбасады. Мы таксама сталі разглядаць заяўкі, зьвязаныя зь нейкімі асаблівымі абставінамі», — сказаў Скот Роланд.
Як прыклад дыплямат прывёў удзельнікаў беларуска-амэрыканскага інвэстыцыйнага форуму, які прайшоў 22 верасьня ў Нью-Ёрку. Да зьяўленьня консула ім давялося б зьвяртацца па візы ў амбасады ЗША ў Вільні, Маскве ці Кіеве. «Але цяпер мы змаглі зрабіць выключэньне, бо беларускі бок меў патрэбу ў тым, каб візы ім былі выдадзеныя як мага хутчэй», — сказаў Роланд.
Паводле ягоных слоў, колькасьць выдадзеных беларусам у Менску амэрыканскіх візаў за апошнія месяцы значна ўзрасла. «У чэрвені мы выдалі 70 візаў, а ў верасьні — 160», — падкрэсьліў кіраўнік амэрыканскай дыпмісіі.