На адкрыцьці выставы амэрыканскіх коміксаў у Горадні 29 кастрычніка павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд сказаў, што любоў да жанру коміксу «аб’ядноўвае розныя пакаленьні ў многіх краінах сьвету і дапамагае лепей зразумець адзін аднаго». Ён выказаў надзею, што прадстаўленыя на выставе кнігі, фільмы і гульні дапамогуць наведнікам глыбей зразумець гісторыю і культуру Злучаных Штатаў.
«Амбасада ЗША і гарадзенская абласная навуковая бібліятэка плённа супрацоўнічаюць ужо больш за дзесяць год. У выніку гэтага партнэрства нам удалося пашырыць магчымасьці для чытачоў аддзелу замежнай літаратуры. Мне прыемна абвясьціць сёньня, што ў 2014 годзе аб’ём дапамогі бібліятэцы з боку амбасады складзе амаль дзевяць тысяч даляраў», — зазначыў Скот Роланд.
Дыплямат удакладніў, што дапамога ўключае ў сябе набыцьцё кніг, бібліятэчнай мэблі, ноўтбука.
«Я глыбока перакананы, што партнэрства паміж амэрыканскай амбасадай і гарадзенскай абласной бібліятэкай будзе і надалей спрыяць паляпшэньню ўзаемапаразуменьня паміж Злучанымі Штатамі і Беларусьсю», — скончыў дыплямат свой выступ.
У госьця запыталіся наконт ягонай улюбёнай кнігі. Ён удакладніў: расейская ці амэрыканская? (Скот Роланд валодае расейскай мовай.) Любая! — быў адказ. Цяжкае пытаньне, пачаў ён, бо толькі адну любімую ня можа назваць. На ангельскай гэта, напэўна, будуць «Прыгоды Гекльбэры Фіна» і «Прыгоды Тома Соера» Марка Твэна, улюбёнага пісьменьніка, гэта ўнікальныя творы. А што да клясыкаў расейскай літаратуры, то можна назваць Пушкіна, Талстога, а сярод больш сучасных — Булгакава: «Майстар і Маргарыта».
На пытаньне пра беларускіх пісьменьнікаў амэрыканскі дыплямат адказаў, што крыху чытаў Янку Купалу, у 1980-х гадах яму давялося бываць у Беларусі, і тады ён наведаў музэй паэта ў Менску.
Я буду прыкладаць усе намаганьні, каб вывучаць беларускую мову
А ці патрэбная вам беларуская мова ў Беларусі? Скот Роланд адказаў: «Па-першае, я хацеў бы ведаць беларускую мову і на ёй размаўляць. Я ў амбасадзе працую над беларускай мовай і прысьвячаю некаторы час заняткам па ёй. Хоць пакуль напамяць магу сказаць толькі „дарагія сябры“, але чытаю. Я за 21 год дыпляматычнай працы зразумеў, наколькі важна ведаць мову той краіны, у якой ты знаходзісься і працуеш, і размаўляць на ёй. І я буду прыкладаць усе намаганьні, каб вывучаць беларускую мову, таму што я ўпэўнены: гэта дапаможа мне ў маёй працы ў Беларусі».
Адна студэнтка задала такое пытаньне: «А кім вы ўвогуле працуеце ў Амэрыцы?» Скот Роланд адказаў, што 21 год працуе для Дзярждэпартамэнту, зь іх 19 — за мяжой. І таму рэдка бывае ў Амэрыцы. А ва ўзросьце прысутных маладых чытачоў і бібліятэкарак ён працаваў «у харчовай краме, пакаваў харчовыя тавары, такая была прэстыжная праца, якую хтосьці павінен рабіць».
А ці ёсьць у яго любімыя мясьціны ў Беларусі? Госьць адказаў, што жыве ў Менску, дзе двойчы быў у 1980-х, калі ня мог падарожнічаць па-за межамі сталіцы — цяпер такая магчымасьць існуе. Ён быў у Берасьці, «вельмі цікавы горад», быў тады і ў Белавескай пушчы, «хоць сёньня кажуць, што большая частка пушчы ў вас». Яму падабаецца беларуская прырода, якая натхняе яго.
Скот Роланд любіць фатаграфаваць прыроду, і асабліва птушак. У яго каля шасьцісот здымкаў птушак Беларусі. Ён паказвае іх на сваім сайце ў фэйсбуку, і сябрам у Амэрыцы цікава паглядзець здымкі зь Беларусі.
Пытаньне пра спорт не было для дыплямата нечаканым. Ён адказаў, што займаецца баскетболам, гольфам, тэнісам, любіць катацца на ровары «і даведаўся сёньня ў вашага губэрнатара і мэра, што ў вас шыкоўныя вэлядарожкі тут». А ўзімку дыплямат катаецца на лыжах, «бегавых і горных».
Прагучала пытаньне пра дзяцей дыплямата. Ягоны сын жыве ў Дэнвэры, у Каларада, ён праграміст, займаецца вэб-дызайнам, а дачка ў штаце Вісконсін працуе настаўніцай.
Скот Роланд прыехаў у Горадню ўвечары 28 кастрычніка і наведаў Калоскую царкву (ХІІ ст.). Яму рэдка даводзілася ў жыцьці «бываць у такіх старажытных месцах». Сёньня разам з кіраўніком аблвыканкаму яны хадзілі па горадзе, і госьцю спадабаліся храмы і паркі. «Можна было сесьці ў машыну, але лепей было пешшу пахадзіць», бо вельмі прыгожа ў горадзе, сказаў госьць.