Бабруйскую авіябазу расейцы ператвораць у «авіябазу падскоку» супроць НАТО, — Алесін

«Су-27» на парадзе перамогі ў Маскве

У Менску прайшло сумеснае паседжаньне калегіяў Міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі, у якім узяў удзел расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу. Ці зьвязаны гэты візыт з крытыкай у галіне вайсковага супрацоўніцтва, якую раней выказаў Аляксандар Лукашэнка на адрас Расеі?

На авіябазе ў Бабруйску расейскія самалёты зьявяцца не ў 2016 годзе, а ўжо ў наступным. Гэта вынікае з заяваў у Менску міністра абароны Расеі генэрала арміі Сяргея Шайгу.

Сяргей Шайгу

«На наступны год у нас на аэрадроме ў Бабруйску стануць на баявое дзяжурства 12 баявых самалётаў „СУ-27“, 2 вучэбныя самалёты „Су-27“ і зьвяно верталётаў з чатырох адзінак — гэта авіяцыя падтрымкі», — сказаў Сяргей Шайгу пасьля ўдзелу ў сумеснай калегіі абаронных ведамстваў Беларусі і Расеі.

Неабходнасьць зьяўленьня расейскіх самалётаў у Бабруйску Сяргей Шайгу патлумачыў «неабходнасьцю супрацьстаяць новаму спэктру выклікаў і пагрозаў».

Раней часам зьяўленьня яшчэ адной расейскай авіябазы — у Бабруйску — называлі 2016 год.

Таксама Сяргей Шайгу паведаміў у Менску, што ўжо ў 2014 годзе Расея завершыць пастаўку ў Беларусь 4 ракетных комплексаў С-300. Расейскі міністар абароны запэўніў, што гэтыя ракеты будуць перададзеныя Беларусі бясплатна.

Сяргей Шайгу ў Менску шмат казаў пра небясьпеку «каляровых рэвалюцыяў».

Чым можна патлумачыць шчодрасьць расейскага кіраўніцтва што да паставак зброі Беларусі?

Аляксандар Алесін

Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін зьвязвае візыт Сяргея Шайгу ў Менск і абяцаньні паставіць комплексы «С-300» з той крытыкай, якую нядаўна выказаў на адрас Расеі кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

«Лукашэнка прасіў самалёты — іх далі, але ня ў наша карыстаньне, а дзеля сваёй новай авіябазы. А ракеты „С-300“ даюць як дадатак, каб прыкрываць гэтую базу з паветра», — мяркуе Аляксандар Алесін.

«Усё ж вайскова-палітычнае кіраўніцтва Расеі насьцярожыла рэакцыя вялікай часткі насельніцтва Беларусі на яшчэ адну расейскую вайсковую базу. Мне падаецца, што Шайгу прыехаў, каб яшчэ больш пераканаць беларускае кіраўніцтва ў тым, што база тут павінна быць. Гэта свайго роду рэжым ціску, лабіраваньня, каб Беларусь не зацягвала гэты працэс. Памятаеце, Лукашэнка на апошняй прэсавай канфэрэнцыі ўскосна намякнуў, што ў нас тут ёсьць шмат пілётаў, а самалётаў няма. А замест гэтага нам прапаноўваюць новую авіябазу. Таму мяркую: гэты выступ Лукашэнкі, які ня быў асабліва прыемны для расейскага кіраўніцтва, таксама прымусіў Пуціна паслаць сюды свайго міністра абароны».

Вядома, у Расеі не найлепшае эканамічнае становішча цяпер, але са зброяй, асабліва ня самай новай, у іх добра

Сяргей Шайгу паабяцаў бясплатную пастаўку Беларусі ракетных комплексаў «С-300». Аляксандар Алесін мяркуе, што гаворка ідзе пра тыя комплексы, якія раней ахоўвалі паветраную прастору над Масквой і былі замененыя на больш сучасныя. Але ці можа на ўзбраеньні беларускага войска зьявіцца больш сучасная расейская зброя?

«Магчыма, што будзе разгледжана пытаньне аб паскарэньні пастаўкі комплексаў „Іскандэр Э“. Нагадаю, Лукашэнка ў сваім выступе крыўдзіўся, што менавіта „Іскандэраў“ яму не пастаўляюць. Вядома, у Расеі не найлепшае эканамічнае становішча цяпер, але са зброяй, асабліва ня самай новай, у іх добра. Мяркую, дапамогуць».

Авіябазу ў Бабруйску і ракеты «С-300», якія Расея перадасьць Беларусі, Аляксандар Алесін лічыць найперш пагрозай для сілаў НАТО, якія наблізіліся да Беларусі. Аглядальнік не выключае, што на авіябазе ў Бабруйску пасьля «СУ-27» зьявяцца і самалёты стратэгічнай авіяцыі:

«Бэтонныя палосы на бабруйскім аэрадроме дазваляюць прымаць і стратэгічную авіяцыю. То бок гэты аэрадром можа стаць і гэтак званым „аэрадромам падскоку“ для стратэгічнай расейскай авіяцыі на выпадак пэрыяду пагрозаў — непасрэдна перад вайной».