У Курапатах зьявіцца яшчэ адна крыжовая алея

Курапаты

Новая алея злучыцца зь цяперашняй, каб крыжы стаялі праз усё ўрочышча, утвараючы адзіны Шлях памяці.

29 кастрычніка 1937 году ў сутарэньнях менскай турмы НКВД расстралялі больш за 100 беларускіх пісьменьнікаў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў. Сярод іх былі Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Тодар Кляшторны, Янка Нёманскі, Міхась Чарот ды іншыя.

У Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў некалькі арганізацыяў — а гэта беларуская філія міжнароднай арганізацыі «Мэмарыял», рух салідарнасьці «Разам» і ініцыятыва «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» — традыцыйна ўшаноўваюць мясьціны ў Менску і ў ваколіцах, дзе расстрэльвалі і хавалі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Гэта Кальварыйскія могілкі, Трасьцянец, Лошыца, парк Чалюскінцаў. Увечары ў Курапатах адбудзецца адкрыцьцё і асьвячэньне Крыжовага шляху з заходняга боку ўрочышча.

Каардынатарка ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька кажа, што новая алея, якая пройдзе праз заходнюю частку Курапацкага лесу, дасьць магчымасьць даглядаць і ўшаноўваць тамтэйшыя магілы, да нядаўняга часу занядбаныя.

«Мы заклалі крыжовую алею з заходняга боку ўрочышча. З усходняга боку такая алея існуе даўно, КХП-БНФ увесь час рупіцца пра яе. Але яна ідзе не праз увесь лес: з заходняга боку алеі няма. І мы вырашылі паспрабаваць закласьці новую крыжовую алею, каб крыжы стаялі праз усё ўрочышча, утвараючы адзіны Шлях памяці. Ужо ўсталяваныя сем новых крыжоў, сёньня яны будуць асьвячаныя»

Дзяды акцыя Лошыцкі яр шэсьце мітынг КХП-БНФ сьцяг натоўп Лошыца

Летась неабыякавыя людзі цягам рэгулярных талокаў расчысьцілі каля гектара тэрыторыі. Ганна Шапуцька кажа, што ў гэтым годзе ад сьмецьця вызвалілі яшчэ такі ж кавалак лесу:

«У выніку шматлікія занядбаныя магілы сталі адкрытыя і даступныя. Сёлета з 3 чэрвеня да ўчорашняга дня мы праводзілі талокі па аўторках, каб навесьці парадак у Курапатах і вызваліць сьвятое месца ад сьмецьця і сухіх дрэваў. Таму Талака-2014 адбылася ў поўным аб’ёме, хоць прыходзіла і ня так шмат людзей, як бы хацелася».

На тэндэнцыю падзеньня інтарэсу да тэмы палітычных рэпрэсіяў 30-х гадоў зьвяртае ўвагу сталы ўдзельнік акцыяў ушанаваньня памяці ў Курапатах, гісторык Ігар Кузьняцоў. Ён кажа, што гэты спад пачаўся яшчэ ў 1997–1998 гадах і быў абумоўлены нядаўняй тады зьменай улады і радыкальнымі захадамі, скіраванымі на тое, каб зьнізіць цікавасьць да тэмы сталінскіх рэпрэсіяў з боку дзяржаўных СМІ і грамадзтва. Гэта выявілася і ў звальненьні навукоўцаў, якія працавалі з гэтай тэмай, і ў перапісваньні падручнікаў гісторыі.

«Вынік мы бачым сёньня — гэтай праблемай мала хто цікавіцца, а мерапрыемствы, якія ладзяцца ў Курапатах, зьбіраюць ня больш за некалькі дзясяткаў чалавек. Але тут віна ня толькі дзяржаўных СМІ — дэмакратычныя выданьні таксама ня хочуць пісаць пра рэпрэсіі. Лічыцца, што гэта ня модна. На жаль, сыходзяць з жыцьця тыя людзі, якіх закранулі рэпрэсіі. На зальныя імпрэзы прыходзяць адзінкі — тыя, хто ў стане кудысьці дайсьці. Таксама непакоіць і тое, што тэма рэпрэсіяў не цікавіць і беларускую дэмакратычную палітычную эліту. Ніхто з партыйных лідэраў не бывае ў Курапатах. Яны, відаць, лічаць, што гэта ня іх праблематыка. Такім чынам, беларуская нацыя сёньня прыбірае з памяці ўсе трагічныя старонкі і жыве сёньняшнім днём», — разважае Ігар Кузьняцоў.

З гісторыкам пагаджаецца лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які лічыць, што грамадзтва, якое знаходзіцца ў стане змаганьня за хаця б мінімальны ўзровень дабрабыту, ня можа задумвацца пра гістарычную памяць. Да таго ж, паводле Янукевіча, грамадзтва, у якім пры ўладзе застаюцца ідэйныя нашчадкі тых, хто чыніў рэпрэсіі ў 30-я гады, ня здольнае да пакаяньня і ўсьведамленьня памылак мінулага:

Аляксей Янукевіч

«Для таго каб адбылося пакаяньне ў грамадзтве, трэба, каб як мінімум ад улады адышлі ідэйныя нашчадкі тых, хто ўдзельнічаў у гэтых палітычных рэпрэсіях. Цяпер у Беларусі нельга пра гэта казаць — на дзяржаўным узроўні працягваюць ушаноўвацца такія асобы, як Дзяржынскі і яго памагатыя, якія засноўвалі мэханізмы масавых рэпрэсіяў. Але пакаяньне ў грамадзтве павінна адбыцца, павінна зьмяніцца палітычная сыстэма і ўлада. Таксама ў сытуацыі, калі людзі заклапочаныя тым, як менавіта сёньня будаваць сваё жыцьцё і забясьпечваць мінімальны ўзровень дабрабыту, цяжка чакаць, што людзі будуць здольныя задумвацца над такімі рэчамі, як гістарычная памяць і ўшанаваньне ахвяраў палітычных рэпрэсіяў».