Пра гэта піша маскоўская газэта «Известия» са спасылкай на памочніка кіраўніка «Рассельгаснагляду» Аляксея Аляксеенку.
Паводле яго слоў, павышаную ўвагу санітарная служба надасьць пастаўкам з малых прадпрыемстваў, якія распачалі працаваць у Беларусі нядаўна — пасьля ўвядзеньня Расеяй прадуктовых антысанкцый у пачатку жніўня.
«Мы праводзім актыўны маніторынг рыбнай прадукцыі і надаем асаблівую ўвагу дробным прадпрыемствам, якія рыбу раней не пастаўлялі ў Расею. Таму што наш досьвед ужо паказаў, што такія прадпрыемствы часьцей дапускаюць парушэньні. І, вядома ж, у першую чаргу, будуць закрывацца пастаўкі з такіх прадпрыемстваў», — адзначыў Аляксеенка. Ён запэўніў, што асаблівы кантроль «Рассельгаснагляду» закране ўсе віды жывёльнай і расьліннай прадукцыі — малако, сыры, гародніну і садавіну.
На жнівеньскай сустрэчы кіраўнікоў краін Мытнага саюза прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін зьвярнуў увагу на тое, што з Беларусі на тэрыторыю РФ ідзе рээкспарт забароненай прадукцыі з ЭЗ, што эўрапейская прадукцыя ўвозіцца пад выглядам беларускай.
Цяпер паводле рэестру «Рассельгаснагляду», пастаўкі рыбнай прадукцыі ў Расею ажыцьцяўляюць больш за 30 кампаній зь Беларусі, яек і мяса птушкі — больш за 20, малака і малочнай прадукцыі — 71 прадпрыемства, мяса і мясной прадукцыі — больш за 40 прадпрыемстваў.
У прэсавай службе Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь заявілі, што «Рассельгаснагляд» можа цалкам давяраць беларускім вытворцам.