Гэта здарылася сёньня аб 11-й гадзіне маскоўскага часу, хоць паводле стану на 10:30 курс эўра складаў яшчэ 53 рублі 88 капеек. Адначасова і курс даляра дасягнуў 42 рублёў 45 капеек.
Рэкордны абвал рубля адбываецца з-за таго, што санкцыі супраць Расеі, уведзеныя з-за агрэсіўнай палітыкі Пуціна ў дачыненьні да Ўкраіны, перакрылі расейскім кампаніям доступ да заходняга капіталу. Таксама вельмі нэгатыўна на рубель уплывае моцнае падзеньне цэнаў нафты.
Ці адбіваецца падзеньне расейскага рубля на фінансавым стане прадпрыемстваў і жыхароў Беларусі? Адказваючы на гэтае пытаньне Свабоды, эканаміст Леў Марголін адзначае, што беларускія вытворцы вельмі моцна зьвязаныя з расейскім рынкам:
«Але страты нясуць толькі тыя беларускія прадпрыемствы, якія вядуць разьлікі са сваімі партнэрамі ў расейскіх рублях. А тыя, у каго цэны на тавары ў кантрактах зафіксаваныя ў свабодна канвэртавальнай валюце, невыгодаў ня маюць. Больш за тое, калі сыравіну яны атрымліваюць з Расеі па расейскіх рублях, дык ад абвалу расейскага рубля яны толькі выйграюць.
Я думаю, што бальшыня нашых прадпрыемстваў у сваіх разьліках гэта ўлічвае. Цяпер прадпрыемствы сталі гэткай дынамічнай сфэрай, дзе сытуацыя на валютных рынках пільна адсочваецца. І гэта зразумела, бо вытворцы стараюцца пазьбегнуць валютных стратаў. А сытуацыя з расейскім рублём цягнецца ўжо ня першы месяц. Тэндэнцыі вызначыліся. І я мяркую, што бальшыня нашых прадпрыемстваў ужо вызначыліся з адпаведнымі захадамі.
Што тычыцца захаваньня беларусамі ўласных грошай у банках, то людзі, якія трымаюць іх у далярах, эўра ці беларускіх рублях, нічога ад падзеяў у Расеі ня трацяць. А вось тыя, хто даверыўся расейскаму рублю, нясуць страты. Я думаю, што найперш гэта дробныя прадпрымальнікі, якія вязуць свае тавары ў Беларусь з Расеі.
Стаўка па дэпазытах у беларускіх рублях пакуль вышэйшая і за ўзровень інфляцыі, і за ўзровень дэвальвацыі беларускага рубля. То бок — вось такі прыклад: на пачатку году я меў сродкі, каб набыць тысячу даляраў. Але я гэтага не зрабіў, а аднёс грошы ў банк і паклаў іх там на дэпазыт у беларускіх рублях. Дык сёньня я магу купіць за гэтыя сродкі нават крыху болей за тысячу даляраў».
Раней намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Сяргей Дубкоў, адказваючы Свабодзе, адзначаў:
«Насельніцтва Беларусі традыцыйна трымае свае ашчаджэньні ў банках у далярах і беларускіх рублях. Доля ўкладаў у расейскіх рублях вельмі нязначная, яна складае менш за 5 працэнтаў ад усёй сумы ўкладаў. Расейскі рубель ніколі ня быў прыярытэтам для беларускіх укладчыкаў.
Зь іншага боку, Расейская Фэдэрацыя — наш асноўны гандлёвы партнэр, а расейскі рубель разам з далярам і эўра знаходзіцца ў адным кошыку, да якога прывязаны беларускі рубель. Таму для нас зьмяненьне расейскага рубля вельмі важнае. Мы шмат туды прадаём і шмат там купляем.
Зразумела, што са зьмяненьнем курсу расейскага рубля пэўныя зьмяненьні адбываюцца і ў нас, але яны нязначныя. Мы не павінны перакладаць адказнасьць за сытуацыю ў нашых фінансах, у нашай эканоміцы на расейскі рубель. Мы самі павінны лепш працаваць. Ня трэба шукаць бервяно ў воку суседа, а трэба самім рабіць так, каб ніякія зьмяненьні істотна не адбіваліся на беларускіх фінансах».
Ад пачатку году расейскі рубель патаньнеў ужо амаль на 30%.
Максымальны працэнт па ўкладах у расейскіх рублях у банках Беларусі — 9,5% гадавых.