Крым і крымінал да і пасьля расейскай анэксіі

Марк Галеоці

Міхаіл Волкаў — маскоўскі паліцыянт (у пэўным сэнсе). Віктар Скварцоў — бандыт (збольшага). Аднак у траўні яны абодва (імёны зьмененыя) размалявалі мне Крым у адных і тых жа выразах, называючы яго «магчымасьцю для бізнэсу».

Абодва, хоць і кожны паасобку, з энтузіязмам абмалявалі сапраўды бязьмежныя пэрспэктывы для ценявой эканомікі ў анэксаваным Крыме. Па меры таго, як туды перацякаюць каля чатырох з паловай мільярдаў рублёў фэдэральных грошай, пашыраюцца і магчымасьці для «адкатаў», «палюбоўных» зьдзелак і звычайнага крадзяжу.

Сімфэропалю выпала нагода кінуць выклік украінскаму порту ў Адэсе, празь які да нядаўніх часоў ішла ільвіная доля не толькі ўкраінскай, але і расейскай кантрабанды на Чарнаморскім узьбярэжжы. Відавочна, што крадзяжы, карупцыя і кантрабанда праз Крым стануць буйным бізнэсам. Ужо за першыя тры месяцы расейскага праўленьня ў Крыме колькасьць эканамічных злачынстваў, кантрабанды і выпадкаў бандытызму, па дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў РФ, вырасла на 5-9 адсоткаў. Cама анэксія паўвострава прадэманстравала сувязь паміж крыміналам і расійскай дзяржавай: дзяржава і крымінал дапаўняюць адно аднаго. І на прыкладзе Крыму можна вывучаць, як Крэмль выкарыстоўвае крымінал у якасьці інструмэнту дзяржаўнай палітыкі і як з прычыны гэтага два сьветы — «верхні» і «ніжні» — становяцца неаддзельныя адзін ад аднаго.

Крымінал і гандаль

З самага пачатку «крымская кампанія» Масквы была завязаная на мясцовыя крымінальныя аўтарытэты і іх падпольны бізнэс. У Сяргея Аксёнава, новасьпечанага прэм’ера гэтай новай «расейскай тэрыторыі», гангстэрскае мінулае. У 1990-я гады ў бытнасьць членам арганізаванай злачыннай групоўкі (АЗГ) «Сейлем» ён быў больш вядомы пад мянушкай Гоблін. Аксёнаў, вядома, адхіляе ўсе падобныя «інсынуацыі». Нядаўна ён заявіў расейскаму часопісу «Камэрсант-Улада», што гэта ўсё хлусьня і, калі б, маўляў, у яго былі цёмныя плямы ў жыцьцяпісе, ён бы ніколі не пайшоў у палітыку. Тым ня менш, калі ён аднойчы паспрабаваў ўнесьці позву аб абароне свайго гонару і годнасьці супраць аднаго з «крыўдзіцеляў», суд адхіліў яе як неабгрунтаваную.

Як бы там ні было, траекторыі руху і перасячэньняў Аксёнава і «Сейлема» могуць сёе-тое расказаць нам аб разьвіцьці Крыма і ролі, якую крымінал мог згуляць у расейскім, амаль бяскроўным захопе паўвострава. Яшчэ да развалу Савецкага Саюзу ў канцы 1991 году Крым у цэлым і асабліва Сімфэропаль сталі раем для кантрабанды, чорнага рынку і схемаў крадзяжу сродкаў, якія круціліся вакол рэгіянальных курортаў, санаторыяў і дамоў адпачынку. За ценявую ўладу ў Сімфэропалі канкуравалі дзьве злачынныя групоўкі — «Башмакі» і «Сейлем». (...) Канфлікт паміж гангстэрскімі групоўкамі дасягнуў найвышэйшай кропкі ў 1996 годзе, у выніку чаго яны фактычна зьнішчылі адна адну. Гэта дало магчымасьць Генадзю Маскалю, кіраўніку крымскага МУС у 1997-2000 гадах, неяк прыструніць адкрыты бандытызм.

Крым стаў больш мірным месцам. Але сьцьвярджэньні, што з бандамі скончана, былі перабольшаньнем. Віктар пазнаёміў мяне з Альфрыдам Ібрагімавым. Гэты пасівелы татарын, вэтэран гангстэрскіх войнаў 1990-х, так апісвае сытуацыю: «салагі вырасьлі і зразумелі, што вайны дрэнныя для бізнэсу. І што, займаючыся бізнэсам, можна рабіць добрыя грошы. Маскаль дапамог ім зразумець гэта». У абедзьвюх бандах ў асноўным пацярпелі дробныя сошкі. Старэйшыя па рангу і менш адкрытыя лідэры бандытаў — уключна з адным «брыгадзірам», вядомым пад мянушкай Гоблін — скарысталіся пакінутымі грашыма і сувязямі, легалізаваліся, як маглі, і адправіліся ў далейшае плаваньне.

Да пачатку 2000-х гэтыя гангстэры, якія сталі бізнэсмэнамі — «аўтарытэтнымі бізнэсмэнамі», як тут прынята казаць, каб падкрэсьліць паходжаньне іх капіталаў — занялі ў Крыме дамінуючае становішча. Кіеў не асабліва клапаціўся аб рэгіёне, дзе ў асноўным пражываюць этнічныя рускія. Што дазваляла мясцовым элітам прывольна ўладарыць і нават надавала ім нейкую квазілегітымнасьць. (...)

Крымінал і захоп

Адным з недаацэненых аспэктаў гэтай паўзучай крыміналізацыі быў яе расейскі сьлед. Нягледзячы на тое, што Крым быў часткай Украіны, асноўныя прыбытковыя крымінальныя бізнэсы, такія як перапраўка наркотыкаў, падробка цыгарэт і іх бязмытны ўвоз, залежалі ад стасункаў з расейскімі крымінальнымі структурамі. Як распавёў Альфрыд, брудныя грошы паўвострава звычайна адмываліся праз расейскія банкі. Гэта азначала, што калі ў Кіеве ўлада Януковіча захісталася пад націскам пратэстоўцаў на Майдане, у Маскве ўжо маглі пачаць справы з патэнцыяльнымі кліентамі ў Крыме, выкарыстоўваючы сувязі ў мясцовым злачынным сьвеце. (...)

Аксёнаў, які ўзначальваў партыю «Рускае адзінства», здаваўся ідэальным выбарам на ролю крамлёўскай марыянэткі. Нават нягледзячы на тое, што на выбарах 2010 года ён прайшоў у мясцовы парлямэнт, атрымаўшы толькі 4% галасоў. Яго адрозьнівала амбітнасьць, загартаванасьць і сяброўства са сьпікерам Крымскага парлямэнту Ўладзімірам Канстанцінавым, мабыць, ключавым «шэрым кардыналам» ва ўладзе тады і цяпер. Канстанцінава пастаянна згадваюць у сувязі зь яго крымінальнымі кантактамі і нібыта з махлярствам з нерухомасьцю, аднак ні разу гэтыя абвінавачваньні не даходзілі да суда. Сяргей Макрушын, журналіст-дасьледчык незалежнай мясцовай тэлекампаніі «Чарнаморская», называе яго «недатыкальным».

Пачаўшы захоп Крыма, Масква абапіралася на тры сілы: на «маленькіх зялёных чалавечкаў» — расейскі спэцназ^; на марскіх пяхотнікаў бяз знакаў адрозьненьня^; і на мясцовую паліцыю. Асабліва на бэркутаўцаў, якія падтрымлівалі крымскіх сэпаратыстаў. У захопе таксама бралі ўдзел неапазнаныя галаварэзы з чырвонымі павязкамі. Гэтыя «сілы самаабароны» ў асноўным праводзілі час у нападах на бізнэс, уключаючы захоп аўтасалёна, які належаў Пятру Парашэнку.
Цяпер, калі Крым стаў часткай Расіі, а Аксёнаў — праконсулам Масквы, Крэмль, як падаецца, шчасьлівы перадаць уладу ў рукі тых самых карумпаваных элітаў, якія ўсё тут развальвалі ў папярэднія гады. Гэтыя людзі сёньня засядаюць у Дзяржаўным савеце (парлямэнце) Крыму. Яны занялі кіруючыя пазыцыі ў мясцовых праваахоўных і іншых ведамствах, пры гэтым захоўваючы цесныя сувязі і агульныя інтарэсы з людзьмі, якіх паводле сваёй пасады яны павінны кантраляваць. (...)

Крымінал і наступствы

Агульнай прыкметай для ўсіх гэтых сытуацый зьяўляецца тое, што банды з палітычнымі сувязямі атрымліваюць абарону і прывілеяваны доступ у «верхні сьвет», адначасова захоўваючы ўсе рэсурсы «ніжняга». Узамен яны ня толькі плацяць сваім заступнікам, але і даюць палітычную падтрымку іх саюзьнікам, утвараючы замкнёную структуру, якая сама сябе забясьпечвае.

Гэта мініятурны макет ўсёй расейскай палітычнай сыстэмы. Крэмль узнагароджвае тых, хто дэманструе карыснасьць і ляяльнасьць, і ў той жа час чакае і патрабуе ад іх пастаянна сваю адданасьць пацьвярджаць.

Аднак сытуацыя можа выйсьці з-пад кантролю. Па-першае, Крым можа паддацца спакусе стаць крымінальным анклявам нават па-за рамкамі цяперашняй крамлёўскай ўсёдазволенасьці і тады ператворыцца ў праблему для бясьпекі ў маштабах усёй Расеі. Магчымасьці для беспрэцэдэнтнага разьвіцьця крыміналу ў Крыме можа зьявіцца ў выпадку, калі яго крымінальныя структуры выціснуць Адэсу як галоўны перавалачны пункт для кантрабанды, асабліва калі ім удасца павысіць свой патэнцыял дзякуючы сувязям з расейскай арганізаванай злачыннасьцю.

Крым — дастаткова бедны рэгіён, залежны ад неэфэктыўнай сельскай гаспадаркі і датацыйнай прамысловасьці. Сёньня Масква мае намер яго субсыдаваць і кампэнсаваць выдаткі мясцовым элітам, але заўтра можа ўзьнікнуць іншы крызыс, і прыярытэты памяняюцца. У гэтай сытуацыі для карысьлівых, прагных і некіравальных крымскіх элітаў зьявіцца вялікая спакуса выбудаваць аўтаномныя фінансавыя патокі.


Марк Галеоці — прафэсар Нью-Ёрскага Ўнівэрсытэту, экспэрт у пытаньнях міжнароднай злачыннасьці і бясьпекі Расеі.

Цалкам артыкул Марка Галеоці можна прачытаць тут.