Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў на брыфінгу для журналістаў, што краіна ня выжыве без рэформы па дэцэнтралізацыі Ўкраіны. Адказваючы на пытаньне, каго прэзыдэнт бачыць наступным прэм’ер-міністрам Украіны, Пятро Парашэнка заявіў наступнае:
«Я на самым пачатку сказаў, што гэта адказнасць парлямэнту і кааліцыі. Мы нарэшце мусім пабудаваць новую мадэль узаемадзеяньняў выбарнікаў, дэпутатаў кааліцыі, ураду і прэзыдэнта. На сёньняшні дзень я вельмі хацеў, каб мы ў парлямэнце прапаноўвалі новыя традыцыі.
Калі вы хочаце мяне запытаць, ці бачу я Народны фронт у якасьці партнэраў па кааліцыі, мой адказ: «Так». Гэта асноўныя нашыя партнэры. Мы дакладна мусім быць разам. У нас будуць адкрытыя прапановы для вельмі многіх. Пазыцыя такая... можа дакладна не для «Апазыцыйнага блёку, а то я бачу, народ захваляваўся...
Я зацікаўлены ў тым, каб была кааліцыя ў 300 галасоў. Я зацікаўлены ў тым, каб мы зрабілі фундамэнтальныя зьмены ў Канстытуцыі, у тым ліку зьмены па дэцэнтралізацыі, безь якіх краіна ня выжыве. І судовая рэформа і рэформа дэцэнтралізацыі патрабуе канстытуцыйных зьменаў. Таму нашыя дзьверы будуць адкрытыя.
Квотаў ня будзе. Гатовыя вы аддаць квоту міністра такой палітычнай партыі. Запішыце, каб не забыць: „не“. Гэта я абяцаў украінскаму народу.
У нас ёсьць 10 дзён, калі мы мусім сфармаваць найлепшы ўрад Украіны, бо ніякі іншы ня дасьць рады тым выклікам, якія стаяць перад краінай».
Блёк Пятра Парашэнкі па дадзеных нацыянальнага экзыт-полу перамагае на пазачарговых парлямэнцкіх выбарах, набіраючы каля 23% галасоў. На другім месцы «Народны фронт» (23%), Самопоміч (13,2%). Верагодна, што гэтыя тры партыі ўвойдуць у будучую парлямэнцкую кааліцыю, фармаваньне якой прэзыдэнт абяцае скончыць за 10 дзён.