Антон Герашчанка: Старэйшае пакаленьне не навучылася цаніць свой голас

Дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка

Дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка заявіў, што выбары па Ўкраіне прайшлі спакойна і стабільна. «Не было ніводнага тэрарыстычнага акту, чаго мы найбольш баяліся...»

Дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка заявіў, што выбары па Ўкраіне прайшлі спакойна і стабільна. «Не было ніводнага тэрарыстычнага акту, чаго мы найбольш баяліся... Выбары праходзяць сумленна, законна, нармальна і адносна той няпростай сытуацыі, у якой мы жывем, дастаткова ўзорна», — заявіў Герашчанка.

Брыфінг з удзелам Антона Герашчанкі адбыўся ў прэс-цэнтры штабу партыі «Народны Фронт»:

«У 2012 годзе Януковіч і ягоная сям’я падбіралі народных дэпутатаў сярод тых, хто быў патрэбны, каб абыякава галасаваць за ўсё, што ім скажа „тата“, — пачаў свой выступ Антон Герашчанка. — Гэтыя выбары праходзяць па прынцыпе дэмакратыі»

Герашчанка заўважыў, што МУС працягвае фіксаваць выпадку подкупу выбарнікаў.

«Мы запусьцілі геаінфармацыйную сыстэму „Выбары-2014“, якая працуе на сайце МУС і фіксуе больш за тысячу парушэньняў.

Кожны можа зайсьці і паглядзець у рэжыме рэальнага часу, якія выпадкі парушэньняў былі зарэгістраваная і якія будуць расьсьледавацца. Па ініцыятыве МУС быў распрацаваны праект закону пра ўзмацненьне адказнасьці за парушэньні на выбарах. Гэты закон быў прыняты два тыдні таму, зь серады ён уступіў у дзеяньне. Па гэтым законе істотна ўзмцоненая адказнасьць сяброў камісій. За наўмыснае скажэньне вынікаў выбараў групай асобаў прадугледжваецца ад 7 да 10 гадоў пазбаўленьня волі», — заявіў Герашчанка.

Законам уводзіцца таксама адказнасьць выбарніка, які прадае свой голас. Яна прадугледжвае штраф ад 1700 да 5 100 грыўняў ці грамадзкія працы.

«Гэтую навацыю мы ўзялі ў Эўропы, бо нам трэба зрабіць так, каб нашыя выбарнікі адвыклі ад таго, што нехта даў пакет грэчкі ці кансэрваў ці даў 200 грыўняў. І нашыя людзі ішлі, пакорліва галасавалі і думалі, што так і трэба. На жаль, старэйшае пакаленьне ва Ўкраіне дагэтуль не навучылася цаніць свой голас, гэта яшчэ з савецкіх часоў, калі выбары былі рытуалам і галасаваць можна было толькі за аднаго чалавека бяз выбару».

Герашчанка пракамэнтаваў інцыдэнт з нападам на кандыдатаў у народныя дэпутаты Сяргея Лешчанку, Мустафу Наема і Сьвятлану Залішчук у Кіраваградзкай вобласьці:

«Пэўныя асобы закідалі іхны мікрааўтобус камянямі, нанесьлі істотную шкоду. Ужо адзін з нападнікаў затрыманы і дае паказаньні на ўсю астатнюю групу», — сказаў Герашчанка.