У Лёндане зьявіцца беларуская капліца ў стылі XIX ст (+фота праекту)

  • БелаПАН

Праект капліцы

Да 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 2016 годзе ў Вялікабрытаніі зьявіцца капліца ў памяць пра пацярпелых у выніку гэтай тэхнагеннай катастрофы. Пра гэта 25 кастрычніка на вялікай партнэрскай канфэрэнцыі Міжнароднага адукацыйнага цэнтру ў пасёлку Кшыжова (Польшча) паведаміў сузаснавальнік брытанскай архітэктарскай групы Spheron Со Тшвай, які займаецца праектам капліцы разам з Англа-беларускім таварыствам.

Паводле слоў прадстаўніка гэтага архітэктурна-культурнага праекту, капліца зьявіцца ў прыгарадзе Паўночнага Лёндану на зямлі, што належыць Ватыкану, блізу будынка заснаванага ў 1948 годзе беларускага культурнага цэнтра. Ён сказаў, што лёнданскія ўлады далі афіцыйны дазвол на будаўніцтва ў верасьні 2013 году. Працэдура ўзгадненьня будаўніцтва праходзіла дастаткова доўга, паколькі «заканадаўства па ўзьвядзеньні ў Лёндане пабудоў, якія адрозьніваюцца ад тыповай забудовы брытанскай сталіцы, дастаткова складанае».

Со Тшвай расказаў, што ідэя будаўніцтва беларускай капліцы нечакана атрымала ўсебаковую падтрымку брытанскай грамадзкасьці.

Для падрыхтоўкі гэтага праекту распрацоўнікі зьезьдзілі ў Беларусь, каб «вывучыць архітэктуру традыцыйных драўляных цэркваў», якія ўяўлялі сабой «нешта накштал кропкі прыцяжэньня для вяскоўцаў Беларусі».

«Некаторыя з драўляных цэркваў былі пабудаваныя ў XIX стагодзьдзі, калі расьцьвіталі пэўныя архітэктурныя стылі ў Беларусі і ва Ўкраіне, напрыклад, папулярнасьць набывала Віленскае барока», — сказаў Со Тшвай. Ён дадаў, што са многімі прыкладамі драўлянай царкоўнай архітэктуры Беларусі аўтары праекту пазнаёміліся з дапамогай фатаграфій з архіву бібліятэкі Францішка Скарыны ў Лёндане.

«Мы шукалі прататып драўлянай царквы, і адказ мы знайшлі ў цудоўным музеі пад адкрытым небам (Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам. — БелаПАН.), — зазначыў ён. — Беларускія драўляныя цэрквы выглядаюць такімі чыстымі і сьціплымі. Наша капліца таксама павінна быць сьціплай. Такім чынам, мы перанесьлі мову архітэктуры XIX стагодзьдзя ў стагодзьдзе XXI. Капліца будзе з дрэва і шкла, у яе будуць высокія вокны са спэцыяльным палівам, каб абараніць рэліквіі ад прамога сонечнага сьвятла. Сьцены капліцы будуць ісьці хвалепадобна, нібыта яе ахінулі тканінай».

«Старшыня асацыяцыі беларусаў Вялікабрытаніі сказаў, што гэты прыём — хвалепадобныя сцены — нагадаў яму аб прыгожых хваёвых лясах Беларусі», — дадаў Со Тшвай.