Пуцін прызнаў, што дапамог Януковічу ўцячы з Украіны

Падчас выступу на пляцоўцы дыскусійнага клюбу «Валдай» прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін параўнаў Расею зь мядзьведзем і заявіў, што Крым ніколі ня будзе вернуты Ўкраіне.

Прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін прызнаў, што Расея дапамагла экс-прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу ўцячы ў Крым падчас лютаўскіх падзей на Майдане.

«Ня буду хаваць, мы дапамаглі яму (Януковічу) перабрацца ў Крым і ён там яшчэ знаходзіўся на працягу некалькіх дзён, у Крыме; на той пэрыяд Крым быў часткай Украіны», — сказаў Пуцін.

Адносна самога Крыму, прэзыдэнт РФ заявіў, што рашэньне аб рэфэрэндуме з нагоды далучэньня да Расеі ў Крыме прыняў «абсалютна легітымны прадстаўнічы орган улады — парлямэнт Крыму, абраны паводле ўкраінскіх законаў некалькі гадоў таму». Агенцтвы ў гэтай сувязі нагадваюць, што тое рашэньне праводзілася таемна і да гэтага часу не апублікаванае відэа гэтага паседжаньня. Пуцін заявіў:

«Памятаеце выдатную фразу: тое, што дазволена Юпітэру, не дазволена быку. Мы ня можам пагадзіцца з такімі фармулёўкамі. Можа быць, і не дазволена быку, але мядзьведзь ні ў кога дазволу пытацца ня будзе. Ён (мядзьведзь) лічыцца ў нас гаспадаром тайгі. Ён не зьбіраецца, і я гэта ведаю дакладна, пераяжджаць у іншыя кліматычныя зоны — яму там няўтульна, але тайгі ён нікому не аддасьць. Я думаю, што гэта зразумела», — заявіў Пуцін.

Таксама Пуцін заявіў, што паводле Менскіх дамоўленасьцяў Украіна павінна пакінуць аэрапорт Данецку. Ва ўкраінскім Міністэрстве замежных спраў гэтую заяву не камэнтуюць.

Кіраўнік дэпартамэнту інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Яўген Перабійніс, адказваючы на пытаньне адносна заявы Пуціна і ці магло такое быць прадугледжана дамоўленасьцямі, сказаў:

«Ніяк не магу пракамэнтаваць. Менскія дамоўленасьці ўсе — адкрытыя дакумэнты. Пратакол і мэмарандум. Можаце пачытаць».

Таксама Пуцін заявіў, што санкцыі не паўплываюць на рашэньні і дзеяньні Расеі.

«Пад ціскам санкцый ніхто ніколі, нават малыя краіны, рашэньні не прымае. А ўжо такая краіна, як Расея, дакладна ня будзе рабіць нічога, што хацелася б тым нашым партнэрам, якія спрабуюць на Расею ціснуць».