Марціновіч: Што мне, узгадняць цяпер з ідэолягамі гарвыканкаму сцэнары і сюжэты?

Напярэдадні ўвечары міліцыянты сарвалі прэзэнтацыю кнігі «Мова» Віктара Марціновіча.

Напярэдадні ўвечары міліцыянты сарвалі прэзэнтацыю кнігі «Мова» Віктара Марціновіча. Імпрэза праходзіла ў Парафіяльным цэнтры парафіі Маці Божай Фацімскай у Гародні. На пачатку прэзэнтацыі ў залю прыйшлі праваахоўнікі, якія запрасілі пісьменьніка даць тлумачэньні. Пасьля размовы з Марціновічам міліцыянты далі 10 хвілін, каб скончыць прэзэнтацыю.

Радыё Свабода пагутарыла з аўтарам кнігі «Мова» Віктарам Марціновічам наконт учорашніх падзеяў.​

— Віктар, як вы ацэньваеце ўчорашнія падзеі з пэрспэктывы сёньняшняга дня?

— Я лічу, што адбылася перастрахоўка лякальных беларускіх чыноўнікаў, якія яшчэ не зразумелі, што беларуская мова, беларуская літаратура, беларуская культура — дэкрыміналізаваная. Што сустрэчы пісьменьнікаў і іх чытачоў не забароненыя. Па выніках маем скасаваную, адмененую імпрэзу. Гэта пакінула шмат непрыемных уражаньняў, цяпер яны будуць 10 дзён даваць прававую ацэнку, праводзіць экспэртызу. Галоўнае, каб яны не пакаралі парафію Маці Божай Фацімскай.

— Чаму вы вырашылі правесьці мерапрыемства менавіта ў такім месцы?

— Увогуле, першапачаткова запрашала гарадзенская бібліятэка — ці то абласная, ці то іншая. Але там нешта сарвалася, дакладна ня ведаю што. Ведаеце, міліцыя, МНС, ідэолягі ў храме Гасподнім зрабілі непазбыўнае ўражаньне. Людзі прыходзяць у дом Госпада на літаратурныя чытаньні. А ў выніку такая сытуацыя адбываецца. Увогуле, я перад парафіяй выбачыўся, бо гэтыя людзі ўчора далі пляцоўку пад культурніцкую, літаратурную імпрэзу. Чыноўнікі мусілі б з кветкамі прыходзіць на такія падзеі, якія папулярызуюць беларускую мову.

— Гэтыя міліцыянты ведалі, што там адбывалася менавіта ваша прэзэнтацыя?

— Яны сказалі, што яны даведаліся пра імпрэзу з інтэрнэту. Я мяркую, што яны спраўдзілі ў інтэрнэце, хто я такі.

Фота Белсат

— Якія дзеяньні вы будзеце прадпрымаць, ці будзеце зьвяртацца да праваабаронцаў?

— Я ня буду зьвяртацца да праваабаронцаў, бо не лічу гэта мэтазгодным. Я не зьбіраюся даказваць нікому рэчаў, якія доказаў не патрабуюць. Бо, ведаеце, такім чынам можна прыйсьці ў філярмонію і прыцягнуць да адказнасьці дзяржаўны аркестар. Мерапрыемства праходзіла ў памяшканьні, гэта была сустрэча з аўтарам прозы. Я толькі што прыехаў зь Нямеччыны, дзе ў пэрыяд з 8 па 17 кастрычніка штовечар меў чытаньні ў новым нямецкім горадзе. І нешта дрэздэнскі, франкфурцкі, бэрлінскі, ляйпцыгскі гарвыканкам сваіх людзей не прысылаў з патрабаваньнямі нешта ўзгадніць.

Фота Белсат

— Распавядзіце, калі ласка: як праходзіла прэзэнтацыя, пакуль яе не сарвалі?

— Людзей было шмат. Можа, каля сарака чалавек. Я не лічыў, але заля была поўная, усе месцы былі занятыя, людзі стаялі ў калідоры. Я шчыра спадзяюся, што справа ў мясцовых перагібах. А не таму, што тэкст «Мовы» не спадабаўся. Бо ён папулярызуе нашу мову і фіксуе ўвагу на аўтарах, пра якіх мы забыліся.

— Ці раней вы сутыкаліся з падобным стаўленьнем?

— Такога ніколі не было. Спадзяюся, што і ніколі ня будзе. У Менску адбылася сустрэча кіраўніка краіны зь пісьменьнікамі, дзе нібыта прагучалі абяцаньні пра ўсялякую падтрымку з боку дзяржавы. Я гэтую падтрымку з боку дзяржавы яскрава адчуў. У ніводнай краіне сьвету ня можа быць так, каб былі патрэбныя дазволы на сустрэчу пісьменьніка з чытачамі. Якія мне яшчэ дазволы трэба будзе браць? На пісаньне тэкстаў? Узгадняць з ідэолягамі гарвыканкаму сцэнары і сюжэты? Гэта бязглузьдзіца.

Фота Белсат

— Якім накладам выйшла ваша кніга «Мова»?

— Тысяча асобнікаў — першая друкоўка, якая разышлася за тыдзень. Другая друкоўка — 700 асобнікаў. Да гэтага расейскае выданьне, якое зрабіла выдавецтва «Логвінаў» у партнэрстве з сайтам 34mag.net — наклад 500 асобнікаў. І маем яшчэ 2000 спампоўваньняў кнігі з сайту 34mag.net.