Аляксей Марачкін прэзэнтаваў сваю карціну «Навала». У інтэрвію Радыё Свабода ён заявіў:
«Навала» — гэта ўжо, на жаль, ня вобраз, яна існуе ў рэальнасьці. І я ня мог на гэта не адгукнуцца. У свой час Пікаса (я зь ім не параўноўваюся) напісаў сваю славутую «Герніку», калі бамбілі гэты горад у Гішпаніі. Сёньняшні канфлікт украінцаў з расейскай імпэрыяй, якая ашчэрылася на братнюю Ўкраіну, — гэта тэма вельмі для нас актуальная, яна непазьбежна будзе адлюстраваная ў творах нашых мастакоў.
На пытаньне, чаму на расейскім арле паказаны серп і молат, Аляксей Марачкін адказаў:
«Мне падалося, што тая дзьвюхгаловая курыца абавязкова павінна быць зь сярпом і молатам, і чырвонай зоркай. У гэтай імпэрыі — раней Савецкім Саюзе, цяпер Расейскай Фэдэрацыі — тая ж самая ідэалёгія — пашыраць тэрыторыі, не лічыцца ні з кім. Як яны пра Ўкраіну гавораць? Што гэта не дзяржава, а прыдуманая бальшавікамі рэспубліка. Калі так гаворыцца пра ўкраінцаў, то што можна сказаць пра нас? Мы ж з Расеяй — «саюзная дзяржава»! Калі гэта так, то мы таксама ўдзельнічаем у гэтым канфлікце».
Паводле мастака, цэнтральны вобраз карціны — перадусім Хрыстос:
«Хрыстос кажа: «Даю вам запавет: любіце адзін аднаго». Запавет парушаецца тымі, хто падымае руку на братні народ, а гэта вялікі грэх. Што да магчымай крыўды... Вось мы кляймім нямецкі фашызм, але ж немцы за гэта не абражаюцца! То калі я паказаў ашчэр фашызму расейскага, чаго мусіць крыўдаваць расейскі народ?»