Ужо сёньня, 23 кастрычніка: «Немэн-імправізацыі» у Васілішках

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Барысаў — Футбольгая Ліга Эўропы, гуляюць «Дынама» (Менск) і «Генгам» (Францыя«). Пачатак а 20-ай.

Менск — у купалаўскім тэатры прэм’ера спэктаклю «Тата» паводле п’есы Дзьмітрыя Багаслаўскага, рэжысэр Кацярына Аверкава. У галоўных ролях — Генадзь Гарбук, Генадзь Аўсяньнікаў, Раман Падаляка.

Менск — у прасторы ЦЭХ кампанія «Будзьма беларусамі!» праводзіць ток-шоў «Як не пераБОРШЧыць?».

Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласьць — выбітны польскі джазавы піяніст Артур Дуткевіч выступіць на радзіме Чэслава Немэна з праграмай «Немэн-імправізацыі». Пачатак а 18-ай.

Брусэль — пачатак двухдзённага саміту Эўрапейскага Зьвязу.

Гэты дзень у гісторыі

1956 — у Вугоршчыне выбухнула антыкамуністычнае паўстаньне, якое здушыла савецкая вайсковая інтэрвэнцыя.

1958 — савецкі расейскі пісьменьнік Барыс Пастэрнак атрымаў Нобэлеўскую прэмію за раман «Доктар Жывага», які стаў бэстсэлерам на Захадзе, але ня быў апублікаваны ў ягонай краіне.

У гэты дзень нарадзіліся:

1813 — Людвіг Ляйхгард, нямецкі падарожнік і геоляг, дасьледчык Аўстраліі. Прапаў бязь вестак у 1848 годзе пры спробе перасячэньня Аўстраліі з усходу на захад. Постаць Ляйхардта паслужыла прататыпам для галоўнага героя раману «Фос» аўстралійскага пісьменьніка Патрыка Ўайта, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі 1973 году.

1816 — Арцём Вярыга-Дарэўскі, беларускі паэт, драматург, публіцыст і дасьледнік фальклёру, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

1887 — Цішка Гартны, беларускі пісьменьнік, грамадзкі і дзяржаўны дзяяч (пам. 11.4.1937). Друкавацца пачаў з 1908 у газэце «Наша ніва». Першая кніга «Pieśni» выйшла ў 1913. У 1918 сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газэты «Дзяньніца». У 1921 у Бэрліне наладзіў выданьне беларускіх кніг. Пасьля вяртаньня ў Менск рэдактар газэты «Савецкая Беларусь», ініцыятар стварэньня літаратурнага аб’яднаньня і часопісу «Полымя», узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намесьнікам наркама асветы БССР, у Інстытуце гісторыі БелАН. Акадэмік БелАН з 1928. Выключаны з ВКП(б) у1931 з фармулёўкай «за сувязь з нацдэмаўскімі і фашысцкімі элемэнтамі». Арыштаваны 15.11.1936, 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псыхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр (па афіцыйнай вэрсіі ад гангрэны лёгкіх; па іншых зьвестках — скончыў жыцьцё самагубствам).

«Мой верш — мая душа
І думка шчырая мая!
У кожным слове маё я.
Мой верш — мая душа».

Цішка Гартны

1896 — лінгвіст і літаратуразнаўца Раман Якабсон.

1909 — Міхась Зуй, вайсковы і палітычны дзяяч, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і Аўстраліі, прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады (1987-1995).

У гэты дзень памерлі:

1941 — Васіль Шашалевіч, беларускі драматург.

1981 — Якуб Міско, беларускі пісьменьнік і журналіст.

Каляндар Бахарэвіча:

23 кастрычніка 1956 пачалося антыкамуністычнае паўстаньне ў Вугоршчыне