Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі ня будзе пасылаць сваіх прадстаўнікоў на парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне. Пра гэта сёньня паведаміла Свабодзе старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына:
«Ня трэба шукаць у гэтым рашэньні нейкі палітычны падтэкст. Яго проста не існуе. Уся справа ў тым, што ўкраінскі бок зьмяніў сваё заканадаўства, і цяпер Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны ўжо ня мае права запрашаць прадстаўнікоў ЦВК іншых краінаў у якасьці назіральнікаў. Патрэбная ўласная ініцыятыва таго боку, які хоча назіраць за выбарамі. Аднак атрымліваецца так, што ўкраінскі бок фактычна толькі дае дазвол на прыезд і назіраньне, а ўсе арганізацыйныя пытаньні здымае зь сябе і цалкам ускладае іх на гасьцей. Пабачыўшы такую сытуацыю, мы вырашылі не пасылаць сваіх прадстаўнікоў ва Ўкраіну».
На пытаньне, ці паступалі ў ЦВК запрашэньні назіраць за выбарамі ў так званых Данецкай і Луганскай народных рэспубліках, Лідзія Ярмошына сказала:
«Не, ніякіх запрашэньняў зь іх боку не было. Але калі б яны нават паступілі, мы б туды не паехалі. Справа ў тым, што прымаючы бок павінен забясьпечыць бясьпеку міжнародным назіральнікам. Але што могуць зрабіць гэтыя людзі ў Луганску і Данецку, калі яны ня могуць забясьпечыць нават сваю бясьпеку?»
Датэрміновыя парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне пройдуць 26 кастрычніка 2014 году. Свае выбары на пачатак лістапада прызначылі ў сэпаратысцкіх «ДНР» і «ЛНР», якія афіцыйны Кіеў прызнаў тэрарыстычнымі арганізацыямі.