Мастак Міхаіл Шамякін: «Папахвае фашызмам»

Міхаіл Шамякін

Мастак Міхаіл Шамякін аб сваіх новых расейскіх ўражаньнях пасьля паўгода адсутнасьці ў Расеі.

Міхаіл Шамякін, які прыехаў у Расею з Францыі, адразу адкрыў дзьве выставы ў рамках свайго праекту «Ўяўны музэй». У Варонескай акадэміі мастацтваў 3 кастрычніка пачала працу выстава «Рука ў мастацтве», а ўжо 18 кастрычніка ў Пецярбургу, у Фондзе мастака на Садовай адкрылася выстава «Мэтафізычная галава». Мастак ня быў у Расеі з траўня, і многае з таго, што адбываецца сёньня ў краіне, яго як мінімум зьдзіўляе.

— Мяне дзівіць, што апошнім часам у Расеі ўсё часьцей чуюцца заклікі парваць з Эўропай. Падобна на тое, пачынаюць зьяжджаць з глузду такія таленавітыя людзі, як Задорнаў (а я чытаў нядаўна яго інтэрвію), якія пішуць, што «даўно пара нам парваць сяброўства з Эўропай... мы самадастатковыя...» і гэтак далей. Ну ачуйся, чалавеча! Аб якім разрыве з Эўропай вы кажаце? Я з кім павінен парваць? З кім павінны парваць расейцы? З Эмілем Заля? З Мапасанам? З Полем Сэзанам? З Флябэрам? Зь вялікімі філёзафамі? З Мантэнем? З Жанам-Жакам Русо? Зь вялікім пісьменьнікам Камю? З кім? Зь цікавымі народамі, якія сёньня робяць цікавыя спэктаклі? Пра што вы кажаце? Што за трызьненьне? Яно сёньня нахлынула ў Расею як эпідэмія нейкай «псыхічнай эболы» ў мазгах постсавецкага чалавека, якая разьвіваецца сёньня са страшнай сілай, як эпідэмія эболы ў Афрыцы.

Я разгортваю газэту «Культура», якая для мяне — чарнасоценная газэта. Там галоўны рэдактар Алена Ямпольская піша на першай старонцы пра тое, як я павінен сябе паводзіць. Яна кажа пра тое, што расейская інтэлігенцыя ніколі не павінна стаяць у апазыцыі да ўраду. Ну тады давайце наогул выкрасьлім з нашай гісторыі Чарнышэўскага, Дабралюбава, Бялінскага! Дый таго самага Дастаеўскага! Бо ён да таго часу, пакуль яго не пасадзілі, быў у апазыцыі ... Пушкін быў у сур’ёзнай апазыцыі ўраду! Значыць, мы павінны ўстаць і на ўсё, што ўрад зробіць, на любую «бяку» казаць: «Як гэта выдатна!»? Гэта было ўжо ў нас. Мы гэта перажылі. Былі мастакі-нонканфармісты. Былі паэты-нонканфармісты. Нам што, вяртацца ў старое ярмо? Калі мне нешта не падабаецца з таго, што робіць урад, я лічу, што я маю права сказаць, што я з гэтым ня згодны.

Я не з усім згодны і ня вельмі добра ведаю творчасьць Андрэя Макарэвіча, але ведаю, што ён выступае ў дачыненьні да «ўкраінскіх спраў» цалкам вызначана. Гэта яго асабістая справа. Але аб’яўляць яго «ворагам народа»? Крычаць: «Біце гэтага чалавека!»? Мы што, атрымліваецца, вяртаемся ў часы нейкіх нэанацыстаў? Тут ужо папахвае, прабачце мяне, нейкім фашызмам! Я чытаю, напрыклад, нейкага філёзафа Дугіна, зноў жа ў газэце «Культура», якая замест культуры займаецца палітыкай. Так гэты Дугін наогул спрабуе тую самую Расею або расейскую інтэлігенцыю ў дугу сагнуць! Чытаеш і разумееш: гэта ж трызьненьне вар’ята! «Трэба аднавіць старыя межы...» Пра што ты, хлопец? Ачуйся! Я чытаў сваёй жонцы з пачуцьцём тое, пра што ён напісаў. Яна проста рагатала. Трэба ўстаць таленавітаму актору і са сцэны з пачуцьцём прачытаць тое, што Дугін піша, да чаго ён заклікае. І ў зале будзе стаяць рогат. Таму што гэта нерэальна. Гэта трызьненьне псыхічна хворага чалавека, які ці проста страшна адстаў, або жадае настолькі выслужыцца, але выслужваецца па-дурному.

Я ведаю асабіста Пуціна. Гэта зусім недурны чалавек. Я ведаў яго ў першы тэрмін, у другі. Памяшканьне, у якім мы сядзім, атрымана дзякуючы яму. Але, калі я чытаю такіх лютых, ярка выяўленых «прыхільнікаў» Пуціна, то мне здаецца, што менавіта яны і «наводзяць цень на пляцень», таму што яны прыніжаюць статус гэтага палітыка. Адзін крычыць, што Пуцін знаходзіцца ў небясьпецы. Іншы, як Дугін, вынаходзяць ўжо «шостую калёну». Хутка, мусіць, ужо будзе і сёмая. «Пятая калёна» — гэта зразумела. Гэта мы — інтэлігенцыя, паршывая, брудная, якая чытае Камю. А «шостая калёна», на яго думку, больш небясьпечная, таму што гэта асабісты асяродак Уладзіміра Пуціна. Але ён жа ж лапавухі, нічога не цяміць. А вось Дугін, ён можа яму падказаць, каго расстраляць, каго пасадзіць. Можа, Кудрына, а можа, таго самага Мядзьведзева...

Блізкае атачэньне, яно перашкаджае, яно ня сёньня-заўтра накінецца на Пуціна зь пятлёй. Шмат псыхічнахворых заўсёды было, і на свабодзе хадзіла шмат, але даваць ім пастаянна старонкі газэт, даваць ім магчымасьць выступаць у СМІ небясьпечна. Гэта можа прывесьці да нездаровых усплёскаў. Народ расейскі — ён завадны. Ленін гэта зразумеў і завёў Расею так, што да гэтага часу ня можам гэта расхлябаць. Таму сытуацыя на сёньняшні дзень вельмі трывожная. Я ўсё ж веру ў розум і ў тое, што гэткім псыхапатам не дадуць разгарнуцца на поўную катушку. Але калі іх не уціхамірыць... Менавіта яны вядуць краіну да заварухі. Яны вядуць краіну да вельмі нядобрых, крывавых момантаў, якія Расея павінна ў любым выпадку заўсёды пазьбегнуць. Да чаго яны заклікаюць? «Давайце пачнем некага зьнішчаць!» Але мы ўжо столькі назьнішчалі народу, што апамятайся, спадар Дугін! Прымі халодны душ!

— Што сёньня вас больш за ўсё ўражвае ў Расеі?

— Уражвае гэтая ўзлаванасьць. З аднаго боку, «Крым наш». Я таксама згодны. Крым наш, гэта выдатна. Ён заўсёды быў нашым. А з другога боку, адчуваецца стан нейкі калясальнай разгубленасьці, таму што людзі разумеюць, і газэты гэта пацьвярджаюць, што жылі вы хранова, а будзеце жыць яшчэ храновей. Чаму ж вы будзеце жыць хранова? Ну, вядома, вінаваты, перш за ўсё, дзядзька Сэм. А далей трэба будзе знайсьці ўнутранага ворага. Не таго ворага, які давёў Расею да гэтага стану. Краіну, якая зьяўляецца адной з самых багатых у сьвеце краін, у якой людзі жывуць за мяжою галечы. Да якой калёны аднесьці гэтых зладзюгаў, гэтых людзей, якія вывезьлі і вывозяць пастаянна з Расеі мільярды, раскрадаюць яе, якія разбурылі сельскую гаспадарку, касьмічную прамысловасьць, мэдыцыну, адукацыю? Гэта якая калёна? Гэта мы робім? Інтэлігенцыя? Чаму гэты Дугін, «найталенавіцейшы расейскі мысьляр», «геній», чаму ён ня скажа: «А давайце задумаемся, у чым трагедыя Расеі?»

Я не палітык. Я грэбую палітыкай, ня ўлажу ў яе, гэта не мая справа. Я магу сказаць, што, калі мяне пытаюцца: «А ў чым жа наша праблема? Дзе наша няшчасьце?», я адказваю: «Няшчасьце наша толькі ў адным. Зрабіце так, каб закон быў адзін для ўсіх». Як у той самай Амэрыцы, якую сёньня «скланяюць» ў Расеі. Там аднаго майго сябра, калекцыянэра і сэнатара, пасадзілі ў турму на два гады і выпісалі штраф на 350 тысяч даляраў толькі за тое, што была знойдзена растрата 5000 даляраў, якія ён выдаткаваў на аплату палёту ўрадавага самалёта для таго, каб зь сябрамі зьлятаць паглядзець ці то хакей, ці то рэгбі. І пракурор, выступаючы на судзе, сказаў: «Я ведаю, што вы, сэнатар, зрабілі для Нью-Ёрку за апошнія дзесяць гадоў вельмі шмат, але, на жаль, вы парушылі закон». Я не скажу, што Амэрыка — гэта рай. Эрнст Неізьвесны, калі яго спыталі, чаму ён зьехаў з Швэйцарыі, адказаў: «Раю на зямлі няма. Але, калі выбіраць лепшае зь пеклаў, то гэта Амэрыка. І я выбраў Амэрыку». Я вельмі люблю Амэрыку. Я пражыў там трыццаць гадоў. Там свае недахопы.

Мне заўсёды не падабаецца, што Амэрыка суе свой нос туды, сюды, у справы іншых дзяржаў. Але расейцы павінны зразумець, што маса амэрыканцаў заўсёды былі супраць гэтага. Амэрыканцы спынілі калісьці вайну ў Віетнаме. А вось калі тут у Расіі расейцы паспрабуюць чагосьці дамагчыся, выправіць, то хрэна з два ты тут чаго-небудзь зрушыш, выправіш. Таму, што ў цябе тут няма ніякіх правоў. Цябе прыдушаць, расстраляюць, вось і ўсё. У гэтым розьніца паміж свабоднымі дзяржавамі і несвабоднымі. Таму ўсё сумна. Я вельмі люблю Расею, вельмі люблю, перш за ўсё, Паўночны Каўказ, які зьяўляецца маёй Радзімай, да якога я належу па крыві і па родзе. І там трагедыя, і тут можа ня сёньня-заўтра пачацца трагедыя. І я б хацеў, каб усё разьвівалася мірным шляхам, каб розум перамог.

Я веру ў расейскі розум, веру ў расейскую інтэлігенцыю і, увогуле, веру ў расейскі народ. Але, калі народ ператвораць у натоўп азьвярэлы, тады будзе вельмі кісла. Бо ж тут пастаянна ідзе падмена. Ёсьць паняцьце «народ», а ёсьць паняцьце «маса», «натоўп». У дурных, жорсткіх кіраўнікоў ёсьць заўсёды спроба, як у Гітлера, ператварыць народ у натоўп. Таленавіты нямецкі народ быў ператвораны ў гэтую ашалелую фашысцкую масу. І калі, дапусьцім, ператвараць расейскі народ у натоўпы, у злоснага монстра, тады не паздаровіцца тым, хто да гэтага гэты народ падштурхоўвае і ператварае яго ў натоўп. Спадар Дугін павінен думаць пра гэта. Таму што прыйдзе час, і нешта ён недзе пракалоўся, нешта ня так сказаў, прыйдуць «больш сумленныя» Дугіны, больш крышталёвага разьліву, і Дугіну тады не паздаровіцца. І будзе сядзець на нарах і думаць: «На храна я задумаў ўсю гэтую хранацыю? Бо мог сядзець, ціха чай піць!»

— У сакавіку расейскія дзеячы культуры падпісалі адкрыты ліст у падтрымку палітыкі Ўладзіміра Пуціна, яго дзеяньняў у дачыненьні да Крыму. Ліст падпісаў, у прыватнасьці, і Валеры Гергіеў. Вы яго не падпісвалі. Валеры Гергіеў нядаўна на прэс-канфэрэнцыі расказаў, што цяпер падчас гастроляў у Эўропе і ў Амэрыцы адчувае пэўную нязручнасьць. Да яго, да яго музыкаў зьвяртаюцца людзі і пытаюцца: «Як вы можаце падтрымліваць такую палітыку Ўладзіміра Пуціна?» А вы не адчуваеце зьмены стаўленьня да вас у Эўропе і Амэрыцы?

— У Амэрыцы я бываю рэдка. А ў Эўропе... Па-першае, я не падпісваў. Мне ніхто і не прапаноўваў яго падпісваць, таму што гэта ня мае сэнсу. Я быў абураны, калі Аляксандр Разэнбаўм падпісаў такі ліст у «Известиях» супраць Міхаіла Хадаркоўскага. Я цяпер з Разэнбаўмам не вітаюся. Ліст быў такі жудасны, што нават сама газэта «Известия» адхрысьцілася ад яго, паведаміўшы, што друкуе яго на правах рэклямы. Гэта, вядома, была ганьба. Колькі можна? Я ў савецкі час бачыў столькі гэтых газэт, столькі такіх лістоў! Інтэлігенцыя падпісвае адзін заклік, другі! Язык высунуты. Колькі можна? Не. Я ня з гэтай пароды. Я не люблю падпісваць.

Па-другое, вы ж ведаеце, Гергіеў сябруе з Пуціным на ўсю моц. Я сябе сябрам Пуціна ніяк не магу абазначыць. Мы сустракаліся, ён да мяне добра ставіцца. Але ў мяне, напрыклад, была даволі прыкрая гісторыя. Ня так даўно да мяне ў Францыі ў шэсьць гадзін раніцы ўвалілася ўзброеная паліцыя. Замак быў ачэплены. Пачаўся ператрус. Шукалі грошы, шукалі не разумею што. І калі я спытаў пра тое, што яны шукаюць, паліцыянты адказалі, што шукаюць незадэкляраваныя каштоўныя рэчы. Патрабуюць адкрыць шафу. Адкрываю. А там кнігі. У мяне ўсюды, куды яны ні сунуліся, былі кнігі. У мяне ж там бібліятэка — тысячы кніг. І нават яны самі ўжо сказалі: «Па-мойму, наша начальства памылілася. Мы прыйшлі не туды». А потым яны мне сказалі: «Ну, мы ж бачым, што вы сябруеце з Пуціным. Мы праглядаем тэлевізар, там вы — з Пуціным. Таму мы думаем, што вы дзе-небудзь нешта хаваеце». Я кажу: «Я плачу падаткі. Усё нармальна». Мне адказваюць: «Але, можа быць, вы ў Амэрыцы не заплацілі падаткі? І таму адтуль зьехалі?» Я адказваю: «А вось з Амэрыкі мяне хрэн бы хто-небудзь выпусьціў, калі б я не заплаціў падаткі! Таму, спадары французы, вы відавочна памыліліся, але я вас буду судзіць за незаконнае ўварваньне». І цяпер мы вядзем працэс.

Вось што значыць быць «сябрам Пуціна» ў іх разуменьні! Гэта значыць, што ў цябе павінны быць схаваныя нейкія рэчы, брыльянты, золата, грошы. Такое стаўленьне да расейцаў. На сёньня яно вельмі дрэннае. Я нядаўна адкрываў скульптуру ў горадзе Гусеў, там, дзе адбывалася бітва ў Першую сусьветную вайну. Я зрабіў помнік зь вельмі складаным пастамэнтам. Туды ўмантаваныя фатаграфіі часоў той вайны. Помнік гэты інтэрнацыянальны. Там і французы, і амэрыканцы, і расейцы, і англічане. Адкрыцьцё было вельмі ўрачыстым. Былі нямецкія генэралы, расейскія генэралы, Мядзінскі (міністар культуры Расеі Ўладзімір Мядзінскі. — РС) адкрываў, але бронзу адлівалі ў Амэрыцы. Яна прыйшла без усялякіх праблем. А граніт рабіўся ў Баўгарыі. Дык баўгары рабілі ўсё, каб помнік не адкрыўся. І калі я стаў пытацца, мне патлумачылі: «Ён ідзе ў Расею, а мы ня хочам нічога добрага рабіць расейцам». Гэта баўгары! І вы ведаеце, калі туды прыяжджаў нядаўна Лаўроў (міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. — РС), то баўгары наладзілі дэманстрацыю, абзывалі Ўладзіміра Ўладзіміравіча (Пуціна. — РС) нядобрым словам, стаялі і скандавалі. Мне было сказана, што баўгары на сёньняшні дзень паводзяць у дачыненьні да расейцаў сябе вельмі і вельмі кепска. Але гэта ня толькі баўгары. Ва ўсіх краінах цяпер мяняецца стаўленьне да расейцаў, і да іх ставяцца ня вельмі добразычліва. На нас глядзяць як на агрэсараў, і таму ўсе тэлевізійныя праграмы, майкі з партрэтамі Пуціна, лёзунгі ў яго падтрымку — усё гэта журналісцкая туфта. На самай справе я жыву там і ведаю, што стаўленьне да расейцаў перамянілася, на жаль, ня ў лепшы бок. Гэта вельмі сумна.

Зь Міхаілам Шамякіным гутарыў Віктар Разункоў з расейскай службы Радыё Свабода